«Пасля звальнення мне ніхто з калег не патэлефанаваў, як быццам я перастала для іх існаваць». Размова з артысткай Алай Грахавай

Ала Грахава прапрацавала ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі ім.В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску больш за 40 гадоў. Мае катэгорыю майстра сцэны. Атрымлівала ўзнагароды за лепшыя жаночыя ролі на міжнародных фестывалях. Сёлета дырэктарка тэатра не працягнула з ёю кантракт. Мы пагутарылі са спадарыняй Алай пра звальненне, стан беларускага тэатральнага мастацтва, абмеркавалі, колькі ў бабруйскім тэатры беларускай мовы, ці ёсць там памяць пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, імя якога ён носіць.

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

На развітанне падарылі букет кветак

– Спадарыня Ала, апошнім часам у бабруйскім тэатры назіраецца зусім не радасная тэндэнцыя – звальненні прафесійных, дасведчаных актораў. Спачатку Вадзім Бабініч, цяпер з вамі не працягнулі кантракт. Што адбываецца? Ці патлумачыла вам неяк дырэктарка такое сваё рашэнне?

– Мой апошні працоўны дзень быў 31 жніўня. Я як раз выйшла з адпачынку і чатыры дні яшчэ «прапрацавала». Пасля таго, як я падпісала абхадны ліст, мяне запрасілі ў малую залу, дзе дырэктарка распавядала пра планы на новы сезон, а потым, паміж справамі, уручыла мне букет на развітанне. А калегі агульна сабралі грошы на падарунак. Я сказала, што так, канешне, не развітваюцца, што артысту трэба даць магчымасць хаця б сыграць апошні спектакль, з гледачамі развітацца. Яна маўчала. Калегі таксама. Старшыня нашага саюзу тэатральных дзеячаў, у якім я сябра больш за 30 гадоў, Аляксандр Парфяновіч не прамовіў ні слова, а мы з ім прыйшлі ў тэатр амаль разам, ветэраны, можна сказаць.

Прычына звальнення – не мае прафесійныя якасці. Дырэктар агучвала іх раней, і зводзілася ўсё да аднаго пытання:  «Якое права вы маеце крытыкаваць працу кіраўніцтва тэатра?».

Але ў маім уяўленні, калі чалавек прапрацаваў у тэатры 46 год, то, напэўна, ён мае права выказаць сваю кропку гледжання? Але ж, аказваецца, не.

«Сапраўдны тэатр можа быць там, дзе збіраюцца аднадумцы»

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

– А ў чым была вашая крытыка кіраўніцтва тэатра?

– Некалі, калі мы яшчэ вучыліся, толькі-толькі прыходзілі працаваць у тэатр, успрымалі яго як нейкую святыню, нешта неверагоднае, як у Яўгена Еўтушэнкі ў вершы: «Искусство, как тонюсенькая нитка связует, разведённые мосты. Единственная может быть попытка смерть победить, искусство – это ты». Але насамрэч рэдка бывае, каб так было ў тэатры. Часта ўласна мастацтва там застаецца мала.

Бабруйскі ж тэатр горад ніколі не любіў, не карыстаўся ён папулярнасцю ў гараджан. Я ў гэтым пераканалася, калі вывучала архівы падчас працы ў літаратурнай частцы. Калі дырэктаркай была Людміла Падбярозкіна, яна нават напісала артыкул пра гэта і спрабавала зразумець, чаму бабруйскі глядач не ходзіць у тэатр. Калі за столькі гадоў тэатр так і не стаў любімым месцам у бабруйцаў, то, напэўна, ёсць нейкая прычына.

І я думаю, што ў першую чаргу справа ў кіраўніцтве і адсутнасці рэжысуры. Таму што акторы ў нас усе вельмі цікавыя. Але няма рэжысёра, які б быў зацікаўлены ў іхным развіцці. Сёлета будзе 10 гадоў, як пайшла з жыцця ці не самая таленавітая акторка за ўсю гісторыю нашага тэатра – Юзэфа Саевіч. Ёй было столькі дадзена! Я ўвесь час назірала за тым, як тут яна так і не змагла цалкам рэалізаваць свой талент.

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

Калі моцнай рэжысуры няма, то кожны грае так, як ён разумее. Усе цікавыя акторы, але кожны грае свой спектакль. А як толькі людзі сыходзяць з бабруйскага тэатра, шмат хто з іх атрымлівае розныя званні, узнагароды. Пакуль сядзяць у Бабруйску – нічога не маюць. Мы спадзяваліся на змены, калі прыйшла амбітная, маладая дырэктарка, але так іх і не дачакаліся. Яна ставіцца да тэатра як да вытворчасці па выкананні плана, а нас лічыць наогул людзьмі другога сорту.

У Бабруйскага тэатра няма паступовага росту і развіцця. Мы ўвесь час як бы з нуля пачынаем. А яшчэ, сапраўдны тэатр можа быць, калі ў ім збіраюцца аднадумцы. Калі людзі думаюць па-рознаму, калі няма пачатку, які б яднаў, тэатра не атрымаецца.

«Я заўсёды была ў меншасці ў тэатры»

– Калектыў бабруйскага тэатра – не аднадумцы?

– Далёка не. Погляды на тэатральнае мастацтва ва ўсіх розныя. Калі звольнілі Вадзіма Бабініча, вельмі добрага, яскравага актора, чые ролі дагэтуль нікім не змаглі замяніць, амаль ніхто з трупы яму не патэлефанаваў і дагэтуль не падтрымлівае з ім ніякай сувязі. Тое самае са мной – я быццам перастала для іх існаваць. Мне сказалі – мы вам баімся тэлефанаваць.

У нас так заўсёды было – як паміж сабой, то можна было паразмаўляць. А як пачынаеш казаць услых, адразу пачынаецца – не трэба, Ала Ігнацеўна, супакойся, ты не маеш рацыі, ты дарэмна гэта ўсё прымаеш блізка да сэрца.

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

У мяне ў тэатры ніколі не было асабліва блізкіх сяброў, я заўсёды была ў меншасці, не падтрымлівала агульную лінію, інакш, чым было прынята, глядзела на розныя рэчы.

Увогуле, я цяпер цалкам расчараваная ў беларускім тэатральным мастацтве. Яно ніякае, проста знікае.

«Беларускі тэатр неўзабаве цалкам закуюць у кайданкі». Гутарка з бабруйскім акторам Вадзімам Бабінічам

– Чаму? У чым менавіта ніякае?

– Дзе тыя спектаклі цудоўных рэжысёраў, аб якіх ведала ўся краіна? Дзе самі рэжысёры, іх жа вучаць, яны атрымліваюць прафесію? У бабруйскім тэатры, ды мне здаецца, што не толькі ў ім, стаўка робіцца на масавага гледача, якому падабаюцца спектаклі кшталту «Если бабе – 45». Мы не пашыраем кола гледачоў, да нас ходзяць увесь час адны і тыя ж людзі. А тыя, хто насамрэч цікавіцца тэатрам, даўно чакаюць хоць нейкую прэм’еру, нешта цікавае.

Рэжысёрка Таццяна Траяновіч паставіла тры якасныя спектаклі – «Смешанные чувства», «Точки на временной оси», «Сиртаки», але двух з іх – «Точки на временной оси», «Сиртаки» – цяпер увогуле на сцэне няма. У Цэнтры беларускай драматургіі пры Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі было шмат цікавых маладых драматургаў – цяпер хто з’ехаў, хто дзе, але іх ставіць таксама не рэкамендуецца.

Столькі гадоў тэатр носіць імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у нашым тэатры ставіліся ўсе ягоныя п’есы, рабіўся сцэнар па ягоных вершах, пра яго самога два разы ставілі спектаклі – нічога не ўтрымалася ў рэпертуары. Містыка. Мабыць Вікенцію Іванавічу штосьці не падабаецца.

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

У нас усё больш казак у рэпертуары, і яны граюцца ў асноўным на малой сцэне. Казкі – гэта адзінае, на чым можна выканаць план па колькасці спектакляў. А па колькасці гледачоў – за кошт тых, хто да нас на гастролі прыязджае. Пры гэтым мы ўвесь мінулы сезон толькі прымалі гастралёраў, а самі нікуды не ездзілі. Крыўдна. Шмат разоў я задавала пытанне: «Чаму так адбываецца?». Адказ адзін : «Паедзем, паедзем. Няма грошай». Але ж ёсць сродкі ад арэнды, і планы неяк выконваюцца. Дзе гэтыя грошы?

«Для актора вельмі важна, каб яго заўважылі»

– Вы кажаце, што ў бабруйскім тэатры акторы не развіваюцца. У чым гэта праяўляецца?

– Я спадзяюся, што хоць цяпер, дзякуючы маім выказванням і, магчыма, сыходу, нехта атрымае ў нас узнагароду ці падвышэнне тарыфікацыі. Кіраўніцтва пра гэта не клапоціцца, ім быццам такая думка і не прыходзіць у галаву. Аб гэтым я таксама часта казала. Напрыклад, тры ці чатыры гады запар у дзень тэатра нікога не ўзнагароджвалі. Гэта ж нашае галоўнае свята! Для актора вельмі важна, каб яго заўважылі, але таксама гэта важна і для аўтарытэту тэатра.

Пры гэтым дырэктарка рэгулярна атрымлівае ўзнагароды, апошняя сёлета была – прыз «Натхненне». Мы нават не ведалі, што яна паехала на ўручэнне гэтай прэміі, мо, ёй было крыху сорамна перад артыстамі. Трупа даведалася толькі праз некалькі дзён. Як такое можа быць – акторы граюць, робяць план, а ўзнагароды атрымлівае толькі кіраўніцтва?

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

З маім звальненнем вызвалілася стаўка майстра сцэны, магчыма, цяпер некаму падвысяць стаўку. Майстар сцэны – самая высокая ступень, пасля яе толькі заслужаны артыст. Цяпер некаму можна даць майстра сцэны, тады вызваліцца вышэйшая катэгорыя, і можна артысту з першай катэгорыяй даць вышэйшую. Хоць на заробкі гэта не моцна ўплывае, там розніца невялікая. Але гэта прызнанне. Калі актор шмат гадоў прапрацаваў і не мае майстра сцэны, то гэта не вельмі добра.

– За 46 гадоў працы, напэўна, было і шмат станоўчага ў вас у бабруйскім тэатры? Ці можаце нешта вылучыць?

–Так, было і добрае, што ўспомніць прыемна. Я вельмі люблю спектаклі, у якіх грала ролі, за якія атрымала ўзнагароды на фестывалі. Асабліва «Дядюшкин сон» Дастаеўскага (рэжысёрка Наталля Кашпур). Для мяне гэта быў асаблівы спектакль – там нібы я сама, а не мая дачка хацела з’ехаць з правінцыйнага гарадка. Гэта быў спектакль пра мяне, пра жанчыну, якая хацела вырвацца.

Пры Сяргею Палешчанковым былі цікавыя спектаклі. Я думаю, калі б ён застаўся, то тэатр стаў бы зусім іншым. Ён паставіў тры п’есы Дуніна-Марцінкевіча, і яны ўсе былі цікавыя, вельмі сучасна пастаўленыя. І трупа яго любіла, давярала яму, а гэта вельмі важна, каб рэжысёру давяралі. А потым яму прапанавалі працу ў Горадні, і ён пераехаў.

«Тэатр носіць імя Дуніна-Марцінкевіча, а ўжо шмат гадоў нічога паводле ягонай творчасці не ставіцца»

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

– Кажуць, што бабруйскі тэатр хочуць перавесці на самаакупляльнасць. Вы штосьці ведаеце пра гэта?

– Гаворка ідзе не толькі пра бабруйскі тэатр, а пра тэатры наогул, і не пра поўную самаакупляльнасць. На заробкі, магчыма, грошы ўсё ж будуць з бюджэту. А ўсё астатняе толькі за кошт прыбытку. Але ў нашым тэатры ўвесь час так і было, нам заўсёды казалі, што на пастаноўку грошай няма. Хоць наш тэатр увесь час здае сцэну ў арэнду, і так і зарабляе – візітамі гастралёраў, сходамі, справаздачнымі канцэртамі, выпускнымі вечарамі, калі нейкія прадпрыемствы нейкія даты святкуюць. Не ведаю, якія сумы так зарабляюцца, бо ўсё гэта непразрыста. З тэатру цяпер спрабуюць зрабіць прадпрыемства па выкананні плану. Але як можна на мастацтве рабіць план?

– Чаго ж не хапае бабруйскаму тэатру? Што магло б яго ажывіць?

– У першую чаргу трэба штосьці рабіць з Дуніным-Марцінкевічам. Тэатр носіць ягонае імя, а столькі гадоў ужо няма нічога па ягонай творчасці. Не ведаю, ці гэта ажывіць тэатр, але, прынамсі, гэта было б шляхетна. Ці Дунін-Марцінкевіч не варты памяці? Ён жыццё паклаў на тэатр, на беларускую мову.

А яшчэ трэба зрабіць нейкую камедыю, але высокага ўзроўню, не «Если бабе – 45», а нешта цікавейшае. Ці дэтэктыў якасны. Прэм’еру, якая спадабаецца і інтэлектуалам, і шырокаму гледачу.

Цяпер у тэатры плануецца праца з новым рэжысёрам. П’есы, якія ён даслаў, усе цікавыя, хоць цяжкія, дэпрэсіўныя. Адна з іх – пра жанчыну-алкагалічку, якая сустракае саму сябе ў маладосці. Я б яе з задавальненнем сыграла.

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

Бабруйск – гэта горад моцнай мастацкай самадзейнасці, і самадзейнасці ад нас і чакаюць. Але мы ж усё ж такі тэатр, і варта нешта рабіць інакш. Але неяк не атрымліваецца. І ў выніку ўсе расчараваныя, і займаюцца сваімі справамі.

У нас амаль палова трупы мае адукацыю рэжысёра масавых відовішчаў. А гэта ўсё ж такі розныя рэчы – масавае відовішча і спектакль.

«Я – расеец, навошта мне граць п’есы на беларускай мове?»

– Спадарыня Ала, вы згадваеце, што Дунін-Марцінкевіч паклаў жыццё дзеля беларускай мовы. А якая сітуацыя з роднай мовай у нашым тэатры?

– У калектыве ёсць людзі, якія кажуць – я ж расеец, навошта мне граць п’есы на беларускай мове? Ці – «я не понимаю, скажи мне по-русски». І гэта даволі маладыя людзі.

Літаратурны вечар праводзіцца на беларускай мове, але ён бывае вельмі рэдка, бо кіраўніцтва кажа, што не прадаюцца квіткі. Але ў такім выпадку трэба наймаць спецыялістаў, якія ўмеюць працаваць і што заўгодна прададуць. І рэкламай займацца, афішу добра, цікава рабіць, распаўсюджваць інфармацыю паўсюль, у тых жа гандлёвых цэнтрах. І на гэта трэба патраціць грошы, а не спасылацца на тое, што іх заўсёды няма.

Нам кажуць, нібыта на беларускамоўныя спектаклі людзі не хочуць купляць квіткі, але калі прыязджалі тэатры Янкі Купалы, Якуба Коласа, збіраліся поўныя залы, і беларуская мова не пужала.

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

І яшчэ паказальнае пра мову. Я шмат гадоў пісала артыкулы пра тэатр для газеты «Бабруйскае жыццё». На беларускай мове. Але цяпер галоўны рэдактар сказаў, што не будзе друкаваць, калі артыкулы будуць па-беларуску. Сказаў, што ён правяраў, аналізаваў і прыйшоў да высновы, што людзі не хочуць чытаць па-беларуску. На радыё мы тры разы запісвалі кароценькую праграму на беларускай мове. Ён таксама не пусціў, сказаў – шукайце спонсараў на гэта.

«Хто ўзгадае, што ў тым месцы тая свечка ўвогуле гарэла?»

– Спадарыня Ала, ці сумуеце вы па тэатры? Ці хацелі б вярнуцца?

– Я пакуль у тэатр увогуле не пайду, нават у якасці глядачкі. Я не думала, што будзе так няпроста ўсё гэта перажываць, аднак стан у мяне пакуль не самы аптымістычны. Я цяпер на раздарожжы. Ці буду я сацыяльна-актыўным чалавекам ці канчаткова замкнуся. Я пакуль не ведаю. Была б іншая сітуацыя, можна было б і без тэатру шмат што зрабіць, але…  Я цяпер нічым не займаюся. Катаюся на ровары, гуляю. З Беларусі пакуль не думаю з’язджаць.

Мае спектаклі, у якіх мы гралі з Вадзімам Бабінічам, як знялі, так іх і няма ў рэпертуары. А ў іншых па два склады актораў. Напрыклад, «Песя и Янко», дзе я грала, будзе на тэатральным фестывалі ў лістападзе. Маю ролю будзе выконваць іншая артыстка, такім чынам, і спектакль будзе ўжо не такім.

Ала Грахава. Фота: асабісты архіў Алы Грахавай

У нас было такое патрабаванне – абавязкова два склады актораў. Але кожны актор грае па-рознаму. Напрыклад, Траяновіч ставіла для мяне спектакль «Смешанные чувства». З другім складам атрымліваецца зусім іншыя спектакль.

Я б хацела далей граць свае два спектаклі – «Смешанные чувства» і «Песя и Янко». Больш мне нічога не трэба.

Я вельмі люблю чытаць вершы, тую ж Ахматаву, літаратурныя вечары, пра Янку Купалу нядаўна такі стварылі. Але яны таксама бывалі вельмі рэдка, і… гэта ўсё ж такі не спектакль.

Я са школы хацела стаць актрысай. Але, канешне, усё інакш сабе ўяўляеш на пачатку. У мяне раней быў дэвіз – лепш запаліць адну маленькую свечку, чым праклінаць цемру. А потым я падумала – ну згарыць тая свечка – і што? Хто ўзгадае, што ў тым месцы ўвогуле тая свечка гарэла?