Першая ў Беларусі «зоакрама», дзе будуць бясплатна аддаваць жывёлаў, якія шукаюць дом, з’явіцца ў Бабруйску

Неўзабаве ў Бабруйску адчыніцца незвычайная зоакрама – у ёй не будуць прадавацца корм і тавары для жывёлаў. Там будуць цалкам бясплатна раздаваць шчанюкоў і кацянятаў, якія шукаюць дом. Пра новую для нашага гораду ідэю, а таксама пра стаўленне бабруйцаў да хатніх гадаванцаў мы паразмаўлялі з гаспадыняй будучай «крамы», зоаваланцёркай Алёнай Грэўцавай.

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

«Калі людзі бяруць шчанюка ці кацяня на рукі, яны ўжо не могуць пайсці дамоў без яго»

Ідэя зоакрамы, у якой замест тавараў будуць жывёлы, якія шукаюць дом, а замест прадаўцоў – валанцёры, якія будуць дапамагаць гадаванцам гэты дом знайсці, нарадзілася ў Алёны даўно.

– Каля двух гадоў я жыла з гэтай марай, шукала памяшканне, – кажа жанчына. – Але мне паўсюль адмаўлялі. Як толькі чулі, што там будуць жывёлы, далей мяне слухаць не хацелі.

Першай установай, якая пагадзілася здаць памяшканне пад Алёніну «краму», стаў гандлёвы цэнтр «Карусель», які таксама дазволіў Алёне раз на месяц праводзіць выставы гадаванцаў з гэткай жа мэтай – прыстройваць жывёлаў у добрыя рукі. Цяпер «Карусель» рыхтуе для Алёны дамову арэнды – хоць прадавацца ў «краме» нічога не будзе, аднак здаюць памяшканне пад яе не бясплатна. Таксама Алёну папярэдзілі, што калі з’явяцца скаргі ад санстанцыі, пакупнікоў ці іншых арандатараў, дамову арэнды разарвуць.

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

– Я прыкладу максімум высілкаў, каб у нас усё было прыгожа, чыста, акуратна, каб не было ніякіх лішніх пахаў, і каб людзям было прыемна зайсці і знаходзіцца ў нашым павільёне і забраць некага дамоў, – кажа зоаваланцёрка.

Алёна перакананая, што такі спосаб прыстройвання бяздомных жывёлаў спрацуе нашмат лепш, чым пошук дому праз сацсеткі. Нават самыя прыгожыя фотаздымкі шчанюкоў і кацянятаў апошнім часам амаль не працуюць, зазначае жанына.

– Калі яшчэ пару гадоў таму, як толькі я выкладала ў сацсеткі фота прыгожанькага шчанюка, мне адразу было сто тэлефанаванняў, то цяпер сітуацыя іншая – людзі проста ігнаруюць такія пасты, – кажа Алёна. – А вось калі ёсць асабісты кантакт, зусім іншая справа. Я гэта заўважаю па выставах, якія праводжу ў «Каруселі». Калі наведвальнікі бачаць сабаку, як ён ласціцца, абдымаецца, бяруць шчанюка ці кацяня на рукі, яны ўжо не могуць пайсці без яго дамоў.

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

Падчас апошняй выставы 30 красавіка – 1 траўня Алёна змагла прыстроіць 13 шчанюкоў і 14 кацянят. У першы дзень забралі 8 шчанюкоў і 8 кацянят, у другі – па 6. Аднак на наступную раніцу аднаго шчанюка вярнулі.

– Ён усю ноч «плакаў», бо яго ж ад мамы адарвалі, і не даў спаць сваім новым гаспадарам, таму яны не знайшлі лепшага рашэння, як раніцай мне яго вярнуць, – распавядае валанцёрка. – Я не стала нічога казаць, у нечым пераконваць, бо калі людзі не гатовыя нават да такіх дробязяў, то што будзе далей? Галоўнае, што яны яго не выкінулі, а прынеслі назад.

«Бэбі-боксы» для жывёлаў

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

Выставы Алёна праводзіць раз на месяц, павільён будзе працаваць штодня. Гэта першая зоакрама такога кшталту ў Беларусі – дзе няма зоатавараў, кармоў, а толькі жывёлы, якіх аддаюць бясплатна, падкрэслівае наша суразмоўца.

Аднак адна ўмова для ахвочых узяць сабе гадаванца ўсё ж будзе, кажа Алёна:

– Мы аддаем жывёлаў паводле дамовы, у якой прапісаны абавязак новых гаспадароў стэрылізаваць жывёлу. Я даю кантакты ветэрынара, які робіць працэдуру са зніжкай. А потым я асабіста адсочваю лёс гадаванца.

Можна сказаць, што «зоакрама» стала для Алёны кампрамісным рашэннем, бо ў ідэале жанчына хацела адкрыць зоакавярню, у якую людзі б прыходзілі паабедаць ці выпіць кавы і мелі магчымасць камунікаваць з сабакамі, катамі і забіраць некага, калі б захацелі.

– Але такую кавярню ў Беларусь зрабіць, думаю, увогуле нерэальна. А наконт крамы я хадзіла ў санстанцыю – у іх няма ніякіх патрабаванняў, таму я спадзяюся, што ўсё будзе добра, – кажа валанцёрка.

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

У Алёны ёсць і яшчэ адна ідэя, якая таксама блізкая да ўвасаблення ў жыццё – «бэбі-бокс для хатніх гадаванцаў».

– Гэта месца накшталт акенцаў, якія існуюць у Еўропе, куды можна прынесці непажаданае дзіця. А ў выпадку з маёй ідэяй людзі будуць мець магчымасць не выкідаць жывёлу ў лес ці на сметніцу, не забіваць, не тапіць, а прынесці ў наш «бэбі-бокс», а мы ўжо потым прыстроім «хвосціка», – кажа жанчына. – Мы ўжо знайшлі памяшканне па адрасе: вуліца Бахарава, 222а, цяпер там робіцца рамонт, бо пакой павінен адпавядаць пэўным нормам – падлога і сцены мусяць быць з кафлі, каб іх можна было лёгка мыць.

“Шмат выкінутых сабак і катоў з’явілася на вуліцах, як ніколі”. У якіх умовах працуюць сёння бабруйскія зааваланцёры

Па тым жа адрасе, што і «бэбі-бокс», будзе ветэрынарны кабінет, дзе можна будзе стэрылізаваць жывёліну.

Вальеры для 50 шчанюкоў на ўласным падворку

Алёна ў зоаабарончай дзейнасці ўжо каля 14 гадоў. Як зазначае сама валанцёрка – з моманту адкрыцця ў Бабруйску так званай «усыпалкі» – памяшкання ў БУКДДЭП, куды прывозяць бяздомных жывёлаў, трымаюць пару дзён, а потым усыпляюць. У Алёны 13 гадоў пражыў сабака, якога яна некалі ўратавала з «усыпалкі».

Апошнія 3-4 гады дзеўчына стала займацца зоаабаронай больш актыўна. На тэрыторыі ўласнага падворку яна пабудавала вальеры, у якіх жывуць шчанюкі, пакуль для іх не знойдзецца сям’я. Большасць атрымліваецца прыстроіцца ў маладым узросце, але ёсць у Алёны і дарослыя сабакі, якія выраслі з прынятых некалі на ператрымку шчанюкоў – прыстроіць іх адразу не атрымалася.

На зіму наша суразмоўца здымае для сваіх гадаванцаў дом з ацяпленнем, каб яны не мерзлі. На сённяшні дзень у Алёны каля 50 шчанюкоў.

– Я бяру пераважна шчанюкоў. Дарослых часам таксама, напрыклад, калі мама з дзеткамі, то я іх не разлучаю, усіх разам бяру, – кажа бабруйчанка.

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

У Беларусі атрымліваецца прыстроіць пераважна шчанюкоў, зазначае валанцёрка. А дарослых сабак забіраюць за мяжу. Калі да 5 месяцаў шчанюка не забралі, Алёна шукае яму дом у Велікабрытаніі.  Лёс гадаванцаў за мяжой жанчына шчыльна адсочвае – патрабуе ад гаспадароў рэгулярнай справаздачы ў выглядзе фота і відэа.

Беларусы сталі часцей выкідаць гадаванцаў

Паводле Алёны, сітуацыя з бяздомнымі жывёламі ў Беларусі апошнім часам пагаршаецца – сталі больш выкідаць гадаванцаў, нават пародзістых. Нашая суразмоўца перакананая, што трэба на заканадаўчым узроўні ўводзіць абавязак чыпавання і стэрылізацыі хатніх жывёлаў.

– Па чыпе можна было б высветліць, хто выкінуў гэтага сабаку, і аштрафаваць, як гэта робяць у Еўропе, – зазначае Алёна. – А стэрылізацыю я б зрабіла абавязковай для ўсіх, хто не разводзіць пародзістых жывёлаў на продаж.

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

Валанцёрка зазначае, што ёй часта даводзіцца пачуць, што, маўляў, стэрылізацыя – гэта здзек, і як можна такое рабіць з жывёлінай, калі яе любіш, бо шкада ж.

– Я тады тлумачу, што як раз стэрылізуюць тады, калі любяць, бо гэта падаўжае жыццё гадаванцу, выключае ракавыя захворванні, пазбаўляе ад непажаданага патомства, – кажа Алёна. – І гэтак як раз паказчык клопату і любові. Стэрылізацыя – не здзек. Здзек – гэта калі вы без канца злучаеце жывёлу, і яна нараджае пастаянна, а гэта забірае вельмі шмат здароўя. А калі не злучаеце, то ў 8-9 гадоў пачынаецца рак. І тады жывёліну прыносяць на аперацыю, а яна можа не перажыць наркоз. Вось гэта здзек. А калі вы ў 6 месяцаў стэрылізавалі, калі сабака не ведае, што такое цяжарнасць і роды, і яна не просіцца на вуліцу, так вы даказваеце сваю любоў. Шкада, што людзі часта гэтага не разумеюць.

Выстава жывёлаў, якія шукаюць дом, у гандлёвым цэнтры «Карусель». 1 траўня 2022 году, Бабруйск. Фота: 1387.io

Алёна спадзяецца, што ўжо пасля 10 траўня дабрачынная «зоакрама» запрацуе. А адначасова жанчына будзе афармляць таварыства па абароне жывёлаў і дабрачынны рахунак, бо выдаткаў на гадаванцаў і так шмат, а з крамай будзе яшчэ больш.