Першы партрэт Купалы, “пятнашка” і “залётны” рэкардсмен. Чым адметнае мастацкае жыццё Бабруйска?

Адразу пытанне: а колькі бабруйскіх мастакоў(чак) ты ведаеш, і наагул – што можаш расказаць сябрам, якія прыехалі ў госці, пра мясцовае мастацтва? Калі з гэтым узніклі цяжкасці – чытай наш гайд.

Першы прыжыццёвы партрэт Купалы

Пра даваеннае мастацтва ў Бабруйску вядома мала. Але ёсць адна адметная гісторыя, звязаная з Янкам Купалам, а дакладней з яго партрэтам, які быў знойдзены ў запасніках сталічнага музея, што носіць яго імя, у 2017 годзе. На малюнку, зробленым алоўкам, надпіс “Бабруйск” і пазначаны год – 1921. На жаль, аўтар (а можа і аўтарка) не пакінуў сваё імя.

Скрыншот з рэпаратажа АНТ

Як стала вядома, партрэт перадала музею ў 1974 годзе Юлія Бібіла, што была асабіста знаёма з Янкам Купалам яшчэ з 1921 года, ды працавала загадчыцай беларускага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі. Цяпер гэты малюнак – першая вядомая нам выява песняра, створаная пры яго жыцці. І створаная, па ўсім відаць, у Бабруйску.

На жаль, у віртуальнай прасторы няма фота партрэта, пабачыць яго можна непасрэдна ў музеі, або ў сюжэце АНТ 2017 года.

Афіцыйных дадзеных пра тое, што Купала прыязджаў у Бабруйск у 1921 годзе няма. Але, вядома, ён мог прыязджаць сюды па асабістых справах, бо не ўсе візіты шырока афішаваліся. А вось што дакладна вядома, што ў тым жа 1921-м да песняра ў Мінск завітала дэлегацыя з нашага горада, захаваўся фотаздымак.

На ім – настаўнікі, удзельнікі драмгуртка, што прыехалі прасіць Янку Купалу даць дазвол назваць школу ў яго гонар. І ён, відаць, пагадзіўся, бо ўстанова яго імя сапраўды з’явілася ў Бабруйску ў гэтым жа годзе, у будынку былой Аляксееўскай гімназіі.

Таксама ёсць звесткі, што Купала не менш за тры разы прыязджаў у Бабруйск у 30-я гады, бо меў звычку асабіста наведваць рэпетыцыі прэм’ер сваіх п’ес.

Дамарад і мастацкая школа яго імя

Адзін з мастакоў, што вярнуўся ў родны горад з Другой сусветнай вайны, дзе быў снайперам і маляваў партрэты аднапалчан – Уладзімір Дамарад.  Да гэтых падзей хлопец паспеў скончыць Віцебскі мастацкі тэхнікум. Таму ў мірны час, у кастрычніку 1945 года, Дамарад пачаў працаваць у бабруйскім “Рускім тэатры” – так ён тады называўся. А праз тры гады ўзначаліў фонды гарадскога краязнаўчага музея.

Уладзімір Дамарад

Адзначым, што ў гэты перыяд, у 1948 годзе, было створанае “Таварыства мастакоў Бабруйскай вобласці”, яно праіснавала да 1954 года. Якімі былі асноўныя сюжэты таго часу, здагадацца не цяжка – партыйныя замовы, партрэты важдзей ды перадавікоў, агітацыйныя плакаты. Але ў гэты час творцы пачалі актыўна ўпрыгожваць паліклінікі, заводы, дамы культуры ды іншыя дзяржустановы. Пачаўся час росквіту манументальнага мастацтва.

Таварыства мастакоў Бабруйскай вобласці

Але вернемся да Дамарада. Адметнасць гэтага мастака была ў тым, што ён любіў родны горад і пакінуў нам у спадчыну працы, якія дазваляюць убачыць самыя розныя бакі тагачаснага жыцця Бабруйска. І не толькі індустрыяльныя пейзажы, але і бытавыя сцэны. Найбольш творца шанаваў акварэль, бо “яна дыхае жыццём”.

Паглядзець віртуальную выставу можна на сайце Мастацкага музея.

У 1966 годзе Уладзімір Дамарад становіцца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Ён актыўна пісаў і выстаўляўся, і не здраджваў абранаму стылю.

Акварэлі 1965 г. Крыніца: Салон антыкварыяту

Дарэчы, сын мастака – Сямён Дамарад, вядомы ў краіне манументаліст, які займаецца мазаікай, робіць вітражы і працуе ў тэхніцы энкаўстыка (жывапіс васковымі фарбамі і тэмперай). Яго працы захоўваюцца ў фондах беларускіх музеяў, а таксама ў музеях і прыватных калекцыях па ўсім свеце.

У год смерці Уладзіміра Дамарада – 2005-ым, імем выбітнага бабруйца назвалі дзіцячую мастацкую школу на Ульянаўскай-41а.

Гэтая школа – асобная тэма для размовы, бо стала калыскай для многіх мастакоў, дызайнераў, творцаў. Сёння ў ёй можна навучацца на аддзяленнях выяўленчага мастацтва, мастацкага дызайну і керамікі. Тут выкладаюць таленавітыя педагогі, сярод якіх – трое сябраў Беларускага саюзу мастакоў: дырэктарка Таццяна Арасланава, Ірына Кустава і Валер Калтыгін.

Адзіная ў краіне гарадская арганізацыя мастакоў

Мясцовыя мастакі ганарацца тым, што з 1990 года ў Бабруйску дзейнічае адзіная ў краіне гарадская арганізацыя Беларускага саюза мастакоў (сярод неабласных). Для таго, каб такая суполка працягвала існаваць, у ёй мусіць быць не менш за 10 сябраў Саюза. Менавіта столькі цяпер і жыве ў нашым горадзе: Ірына Кустава, Анатоль Концуб, Сямён Абрамаў, Таццяна Арасланава, Валер Калтыгін, Таццяна Карчажкіна, Аляксандр Махніст, Алег Савічаў, Уладзімір Самачарноў, Алег Ткачоў.

Анатоль Концуб і Валер Концуб. Фота: Вячэрні Бабруйск

Вядома, гэта не ўсе бабруйскія творцы, бо ў Бабруйску і сёння шмат мастакоў, што не ўваходзяць у Саюз. А сама гарадская арганізацыя, як пісаў чатыры гады таму Валер Калтыгін, знаходзіцца ў стане крызісу:

“Шмат добрых мастакоў знікла з горада па розных прычынах, мастацкая моладзь у горадзе не з’яўляецца ўжо даўно. Няма былой творчай актыўнасці  нешматлікіх сяброў БСМ у Бабруйску. Апошнія гарадскія выставы ў мастацкім музеі красамоўна сведчаць аб беднасці творчага патэнцыялу ў Бабруйску. А прычына ў тым, што Бабруйская гарадская арганізацыя ГА БСМ, як і ўсе абласныя арганізацыі Саюза мастакоў, праходзіць сёння праз агульныя няпростыя моманты свайго існавання і развіцця”.

Па некаторых звестках, у хуткім часе бабруйскую арганізацыю чакае афіцыйны перавод у склад магілёўскай.

“Арт-Жыжаль” – міжнародны пленэр керамістаў, які праходзіць пад Бабруйскам

Яшчэ адна разынка мастацкага жыцця горада – міжнародны пленэр “Арт-Жыжаль” – створаны па праекце Валера Калтыгіна (дарэчы, колішні выпускнік “пятнашкі”, якую прыгадаем далей). Першы пленэр прайшоў у 2003 годзе, і стаў штогадовым. На жаль, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, падзея перстала быць міжнароднай у ранейшым, шырокім сэнсе. Напрыклад, на юбілейны пленэр у 2023 годзе прыехалі толькі мастакі з Беларусі і Расіі.

Валер Калтыгін на закрыцці пленэра. Фота: BOBR.BY

А раней у “Вербках” можна было пачуць і пабачыць творцаў з розных краінаў і кантынентаў. І гэта было фішкай пленэра, бо на ім керамісты абменьваліся вопытам і ведамі, вучыліся новым тэхнікам.

«Мастацтва жывога агню» — у Бабруйску адкрылася выстава пленэра «Арт-Жыжаль»

 

Як праходзіць пленэр? Керамісты збіраюцца на базе адпачынку “Вербкі” і цягам трох тыдняў ствараюць свае працы. У гэты час сюды можна прыехаць і паназіраць за магіяй. Але найбольш відовішчны – фінальны вечар, калі ўнтуры вялізнай глінянай скульптуры распальваюць вогнішча. Пасля творы выстаўляюцца ў мясцовай выставачнай залі, а далей – працягваюць вандраваць па музеях і выставах у іншых гарадах.

На выставе “Арт Жыжаля”. Фота: 1387.by

Негледзячы на ўсе акалічнасці, “Арт-Жыжаль” застаецца важнай культурніцкай адметнасцю і падзеяй для Бабруйска. Безумоўна, гэты пленэр – адзін з брэндаў горада.

“Пятнашка” – некалі легендарная мастацкая вучэльня

Фота: yandex.com

На жаль, пра “пятнашку” цяпер можна казаць толькі ў кантэксце “няма таго, што раньш было”. Калі пра мастацкую вучэльню № 15 з Бабруйска ведалі далёка за межамі Беларусі. Тут, напрыклад, на спецыяльнасці “рэзчык-інкрустатар” вучыўся сусветна вядомы вандроўнік і рэкардсмен Фёдар Конюхаў. Сюды прыязджалі, каб трапіць у сапраўды творчую атмасферу, знайсці аднадумцаў і раскрыць таленты. Пэўны час “пятнашка” была багемным месцам, куды імкнуліся паступіць творчыя людзі, якія, натуральна, адрозніваліся ад “звычайных смяротных” сваім настандартным мысленнем і нават знешнім выглядам.

Аркадзь Ларын

І вялізная заслуга ў тым, што вучэльня № 15  стала такой, якой была – у асобе Аркадзя Ларына. Хоць сама біяграфія гэтага чалавека даволі нечаканая для таго, хто стварыў месца, у якім у свае часы вучыліся амаль усе “неферы” горада, а ў дадатак і прыезджыя.

Аркадзь Ларын нарадзіўся ў 1923 г. у сям’і сялян у Навасібірскай вобласці. Хлопец марыў стаць лётчыкам, паступіў спярша ў сепцшколу, а пасля ў авіявучэльню. Далейшыя 18 год ён вайсковец, бярэ ўдзел у Другой сусветнай вайне, дэмабілізуецца па стане здароўя. Пасля – Ларын сканчвае факультэт журналістыкі ў Беларусі, а ў 1960 становіцца дырэктарам “пятнашкі”, і працуе тут наступныя 40 год.

Вучэбны корпус “пятнашкі”. Фота: Камерцыйны кур’ер

У часы яго кіраўніцтва ў вучэльні былі створаныя тры музеі, якія пасля атрымалі званне “народны” – музей славянскіх культур, Леніна (куды ж без яго) і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У 1979 годзе тут адчыніўся і музей гісторыі мэблі – усе экспанаты былі зробленыя рукамі навучэнцаў. Вялікую ўвагу тут надавалі эстэтычнаму выхаванню. У вучэбным корпусе былі размешчаныя копіі старажытнагрэцкіх статуй і карціны, працавалі творчыя гурткі. Напрыклад, тэатральную студыю тут доўгі час ачольваў былы навучэнец “пятнашкі” – бард і артыст Аляксандр Русакоў, а выкладала ў студыі актрыса тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча – Галіна Агейкіна.

Праца Ларына была адзначана: у 1970 годзе ён сканчвае аспірантуру і атрымлівае ступень кандыдата педагагічных навук. У 1968 годзе ён – “Заслужаны работнік-настаўнік прафтэхадукацыі БССР”, у 1979 годзе – “Народны настаўнік СССР”. У 1990 годзе дырэктару “пятнашкі” прысвоена ступень доктара педагагічных навук, у 1993 – званне прафесара.

Гучная эпоха “пятнашкі” скончылася з сыходам Аркадзя Ларына на пенсію. Новае кіраўніцтва не трымалася за таленавітых выкладчыкаў, шмат добрага было страчана, новага-выбітнага не прыўнесена – а ў хуткім часе вучэльня перастала быць месцам масавага прыцягнення для “белых варонаў”, якія робяць нашае жыццё больш яркім.

У 2010 годзе Ларын памёр, і ў гэтым жа годзе мастацкі (на той момант ужо каледж) пачаў насіць яго імя.

Працяг будзе.