«Праз падзеі апошніх двух год пэўныя сябры цяпер – з прыстаўкай экс». Бабруйцы разважаюць пра сяброўства

Фота: Tobi / pexels.com

 

Віктар, 40 год: «Змяніць чалавека ты не ў стане і не маеш права»

Сяброўства – гэта калi ты i сябар маеце аднолькавыя цi вельмі блiзкiя погляды на розныя жыццёвыя падзеi. Гэта аб’ядноўвае i дазваляе быць на адной хвалi.

Сябраваць – гэта не абавязкова дапамагаць, гэта добраахвотна, на маю думку. Ёсць магчымасць i унутранае адчуванне – дапамажы. Але, здаецца, для пэўных людзей дапамога можа стаць лішняй, бо часам зробіш добрую справу, а ў выніку апынешся вінаватым. Любая дапамога, гэтае ўмяшанне ў жыццё, можа нават лёс. Увогуле ўсё залежыць ад сітуацыі, адназначна тут складана сказаць, як паступаць.

З узростам, думаю, заводзіць сяброўства складаней. А страціць даволі лёгка. Прычым гэта можа адбыцца і не па тваім жаданні, і нават не па тваёй віне. На гэта можа шмат што паўплываць.

Якасць сяброўства, мусіць, не зменіцца, хоць што разумець пад якасцю? Колькасць, хутчэй за ўсё, змяншаецца. Давер у сяброўстве з часам адназначна ўмацоўваецца, бо калі сяброўства доўжыцца гады, значыць у самым пачатку гэты давер быў, і пасля толькі мацнеў.

Так, у мяне былі выпадкі, калі 15-20 гадоў сябруеш, а потым разумееш – фініш. Змяніць чалавека ты не ў стане і не маеш права, патрабаваць ці чакаць ад яго чагосьці – бессэнсоўна. Даводзіцца ўсведамляць, што былога сяброўства ўжо няма і не можа быць. Людзі мяняюць свае погляды, звычкі, абрастаюць нейкімі праблемамі, абставінамі, часам надуманымі, якія нібыта не дазваляюць сябраваць, як раней. Ізноў жа, кожны выпадак індывідуальны, і ў кожнага свая праўда.

Шчасце ж не толькі ў сяброўстве, таму ад колькасці сяброў наўрад ці станеш больш шчаслівым. Але, калі паглядзець з іншага боку, то сяброў мусіць быць столькі, колькім людзям ты сам рэальна можаш быць сябрам, зможаш аддаваць час і энергію. І пры ўсім пры гэтым, каб і яны бачылі ў табе сябра і адказвалі ўзаемнасцю. І гэтая колькасць цягам жыцця можа мяняцца. Таму дакладных лічбаў у мяне проста няма. Няхай кожны сам лічыць.

 

Святлана, 58 год: « Калі чалавек табе дарагі, то ты не мусіш, ты хочаш»

«Дружба – это круглосуточно» спявае Міцяеў. Я з ім згодная. Калі табе радасна, гаротна і проста так. З сябрам лепей разумееш свае пачуцці. Ён нібыта ўзмацняе іх. Сяброўства – гэта сугучча. Калі твая душа гучыць ва ўнісон з іншымі. Гэта адбываецца, на мой погляд, рэдка, таму і сяброў шмат не бывае.

Дапамагаць, выслухоўваць – гэта не пра абавязак, а пра жаданне. Гэта адзін з паказчыкаў дружбы. Калі чалавек табе дарагі, то ты не мусіш, ты хочаш. У нейкага псіхолага чытала, што «мушу» і «люблю» стаяць на розных полюсах. Заўваж, як па-рознаму выглядае: «раблю, бо павінен» і «раблю, бо люблю».

З узростам і колькасць, і якасць сяброў змяняецца. З школьных сяброў у мяне толькі муж! Людзі змяняюцца ў сваім тэмпе і ў сваім кірунку. Тэмп і напрамкі могуць не супадаць. Знікае цікавасць – знікае патрэба ў зносінах.

Так, мне даводзілася развітвацца з сябрамі. Але канфлікт, а хутчэй крыўда, была з іншага боку. Я сутнасці не зразумела да гэтага часу, хоць спрабавала. Вельмі шкадую, што так адбылося.

Справа не ў колькасці сяброў, а ў якасці. Мне вельмі пашанцавала ў жыцці. Я не толькі люблю свайго мужа, але яшчэ і сябрую з ім. У нас ёсць людзі, сяброўства з якімі праверана часам. А ёсць тыя, хто нядаўна зʼявіўся ў нашым жыцці, але, спадзяюся, надоўга.

Мы цэнім сваіх сяброў і вельмі шануем іх. Гэта, сапраўды, шчасце.

 

Фота: Yaroslav Shuraev / pexels.com

 

Мікіта, 19 год: «Для шчасця, у першую чаргу, ты мусіш пасябраваць сам з сабой»

Я разглядаю сяброўства выключна як узаемаадносіны двух людзей. То-бок, нешта ўзаемнае. Таму я лічу, што сябры адно аднаму вінны – бо маюць абавязкі.

Але бывае і такое сяброўства, дзе вы дамаўляецеся, што не вінныя нічога адно аднаму. Але гэта, хутчэй, будзе блізкае знаёмства, крута разам бавіць час – і ўсё. Сяброўства – больш глыбокая рэч. Ты можаш дапамагчы блізкаму чалавеку, і я не пра матэрыяльныя рэчы кажу. Гэта можа быць добры настрой, прыемныя размовы, узаемная зацікаўленасць.

Я пакуль няшмат пажыў, і мне цяжка ацаніць, ці мяняецца колькасць сяброў з узростам. Але дакладна бачу, што колькасць знаёмых – мяняецца. Чым больш ты жывеш, тым больш знаёмстваў.

Вялікае пытанне да таго, каго мы завем сябрамі? Гэта фрэнд у фэйсбуку ці ў інстаграм, ці гэта чалавек, з якім ты размаўляеш па тэлефоне і ходзіш гуляць? Гэта ж розныя людзі! Як іншыя праводзяць гэтыя межы і робяць дакладнае вызначэнне, я не ведаю.

Вядома, мне даводзілася развітвацца з людзьмі праз розныя погляды. Бо быць на адной хвалі вельмі важна не толькі ў сяброўстве, але і з калегамі-каляжанкамі.

Мусяць супадаць каштоўнасці. А іначай навошта марнаваць час на такія сувязі?

Гэта прыкольна, паразмаўляць з чалавекам, чые погляды адрозніваюцца ад тваіх, але не больш за тое.

Для шчасця, у першую чаргу, ты мусіш пасябраваць сам з сабой. З сваім ментальным станам. Астатняе прыйдзе само.

 

Алена, 34 гады: «На мой погляд, чалавек можа быць шчаслівы без сяброў»

Кажучы пра сяброўства, адразу прыгадваюцца словы добрай старой дзіцячай песенькі: «Настоящий друг» і адразу хочацца заспяваць: «Друг в беде не бросит, лишнего не спросит. Вот, что значит настоящий верный друг». Мне здаецца, гэтая фраза выдатна характарызуе паняцце – сяброўства.

Мяжа паміж абавязкам – жаданнем дапамагчы, калі ты можаш гэта рабіць, і абавязкам – завышаным патрабаваннем у адносінах да сябе, альбо ў адносінах да іншага – даволі тонкая. І калі першае не адабʼецца на адносінах паміж сябрамі, то другое, праз нейкі час, будзе прыводзіць да канфліктаў.

Але і тут важна разумець, што гаворка ідзе аб сумленных адносінах, а не такіх: калі хтосьці з кімсьці, проста таму што так выгадна на гэтым жыццёвым этапе.

Напрыклад, у школе я буду сябраваць з гэтай дзяўчынкай/хлопчыкам, таму што яна (ён) самы папулярны, разумны і г. д. На працы буду сябраваць з гэтым калегам, таму што ў мяне тады зʼяўляюцца перспектывы карʼернага росту і г. д.

Сяброўства ўзнікае з узаемнай сімпатыі, агульных інтарэсаў і агульных поглядаў на нейкія базісныя паняцці. Калі гэта ёсць, то разыходжанні ў менш значных поглядах, не павінны адбівацца на адносінах. Так, хтосьці можа некаторы час «дуцца», але гэта мінае.

Сапраўды, ёсць такое меркаванне, што з узростам сяброў знаходзіць складаней. Можна сказаць, што гэта і так, але справа не ва ўзросце, на мой погляд. Справа ў вопыце. У дзяцінстве дзіця адкрытае да зносін, яно спазнае свет, людзей. І, пры гэтым, у яго няшмат вопыту, ён толькі назапашваецца, у тым ліку праз сяброўскія прыхільнасці. Дзіця гнуткае ў адносінах да іншых. Таму, сёння сябруе з Кацяй і Пецем, а заўтра толькі з Пецем, напрыклад.

А з узростам у цябе ўжо ёсць свой падмурак, свае цвёрдыя погляды на важныя для цябе рэчы, і зусім няма жадання пад кагосьці падладжвацца. Але, у той жа час, калі знаходзіцца такі чалавек, з якім у цябе сыходзяцца «базавыя прынцыпы», то дружба магчымая.

Мне даводзілася развітвацца з людзьмі праз несупадзенне ў поглядах. У дзяцінстве і школьныя гады – гэта наогул нармальная зʼява, з нагоды, пра якую я казала вышэй. У больш дарослым узросце таксама было пару выпадкаў страты добрых знаёмых, з нагоды таго, што на нейкім жыццёвым этапе рабіліся адно аднаму непатрэбнымі, мяняліся інтарэсы і планы, павялічвалася адлегласць, скарачалася колькасць зносін.

На мой погляд, чалавек можа быць шчаслівы без сяброў. Калі ў цябе ёсць людзі, з якімі табе прыемна мець зносіны, якія за тваёй спінай «не льюць бруд», якім ты можаш патэлефанаваць не ў дзве гадзіны ночы, а ў пяць-сем вечара, напрыклад, да якіх прыйдзеш толькі пасля папярэдняга званка і будзеш бачыць, што табе рады. З якімі можаш шпацыраваць па парку, не раскрываючы пры гэтым таго, чаго не хочацца раскрываць, або папрасіць пра нешта не надта абцяжарвальнае – то гэтага ўжо дастаткова.

 

Фота: Michael Morse / pexels.com

 

Валянцін, 38 год: «Сяброў шмат і не трэба, але вось добрых знаёмых – чым больш тым лепш»

Сябры – гэта падтрымка ў неабходны момант, людзі, з якімі прыемна бавіць час і ёсць агульныя ідэі.

Я лічу, што падтрымка сяброў, гэта абсалютна слушны выбар. Парада і дапамога ад людзей, якім ты неабыякавы – гэта і ёсць панятак «добрае сяброўства».

Так, з узростам колькасць сяброў мяняецца. Як спявае Вася Абломаў: «У меня стало больше знакомых и меньше друзей».

У выніку працэсаў, што адбыліся ў 2020 годзе, мне давялося цалкам пераасэнсаваць «сяброўства», усё ж з сябрамі трэба быць на адной хвалі. Праз падзеі апошніх двух год пэўная колькасць сяброў пакінула РБ, а шмат з тых, хто застаўся ў Бабруйску, сталі сябрамі з прыстаўкай экс.

Але справа не ў колькасці, сяброў шмат і не трэба. Але вось добрых знаёмых – чым больш тым лепш. Усё ж у ЗША не дарэмна ёсць прыказка: «Мы павінны быць удзячныя богу, па меншай меры за тое, што хоць сяброў, у адрозненні ад сваякоў, ён нам дазволіў выбіраць».

Выказвайцеся ў нашым інстаграме!