Праз тры гады ў фігурах бабруйскага скейтпарка з’явіліся дзіркі, а новыя, абяцаныя раней элементы, так і не ўсталявалі

Усе фота: 1387.io

А дзе яшчэ гэта рабіць?

Часам групкі скейтэраў можна пабачыць на плошчы Леніна – гэта, хутчэй, месца для тусоўкі, чым нейкая сапраўды прыдатная для спорта лакацыя, –  адзначаюць самі бабруйцы. Тое ж можна сказаць пра пляцоўку перад “лядовым” і Палацам мастацтваў, дзе наагул можна ўбачыць абвестку з такім зместам: “Уважаемые ребята! Убедительная просьба: не кататься на скейтбордах и велосипедах на территории ГУК “Дворец искусств г.Бобруйска” в связи с разрушением плиточного покрытия. Администрация”.

 

 

Забарона (ці просьба?) ёсць. А дзе альтэрнатыва?

Ці сапраўды так уплывае дзясятак дзяцей на якасць пакрыцця прылеглай да палаца тэрыторыі, якая з такой помпай аднаўлялася ў 2017-2018 гадах? Нагадаем, што ў планах тады было замяніць плітку, зрабіць клумбы і азеляніць немаленькую тэрыторыю. Але і сёння гэтае месца выглядае як пустка – тут асабліва непрыемна знаходзіцца ў ветранае надвор’е, калі ўздымаецца пясок. Разбітая плітка лагічна дапаўняе яго нежывы вобраз, а дзеці, бадай, адзінае, што дадае жыцця.

Дарэчы, ужо ў 2019-м пляцоўка каля палаца зноў аўральна рамантавалася, як патлумачылі чыноўнікі, там “ліквідаваліся недаробкі”. Таму, вышэйузгаданая абвестка, выглядае проста недарэчна. Бо, як кажуць: “што мёртвае, памерці не можа”.

 

 

Але вернемся да скейтпарка. Яго ўсталёўкай займалася кампанія “SK PARK БЕЛАРУСЬ”, па замове аддзела спорта і турызма Бабруйскага гарвыканкама. Паведамлялася, што скейтпарк мае “базавы набор фігур пачатковага ўзроўню, арыентаваны для вывучэння базавых трукаў на скейтбордах, ролікавых каньках, скутэрах, для райдэраў з пачатковым і сярэднім узроўнем майстэрства”. Кампанія ў асобе расіяніна Аляксандра Зверава нават атрымала падзячны ліст ад дырэктара мясцовай дзіцяча-юнацкай спартовай школы.

Цікава, ці думалі/дамаўляліся яны тады наконт абслугоўвання аб’екта, які, згодна з лістом, “цалкам адпавядае тэхнічнаму заданню і стандартам бяспекі”?

 

 

“Калі мясцовыя хочуць сапраўды пакатаць на якаснай пляцоўцы, едуць у Мінск”

“Гэтую пляцоўку рабілі нявопытныя людзі”, – кажуць пра скейтпарк бабруйцы з старэйшага пакалення спартоўцаў. І, мяркуючы па тым, як хутка яна знасілася – так і ёсць.

– У Бабруйску ёсць супольнасць скейтэраў і BMX-раў, – кажа адзін з нашых суразмоўцаў, Уладзімір. – Самыя малодшыя, якіх мы можам убачыць каля Палаца мастацтваў – катаюцца на спартовых самакатах. Супольнасць бэмэіксэраў – чалавек 30 ці больш. Вядома, яны падзяліліся на групкі і катаюцца ў розных месцах. Але тыя, хто ўжо нешта ўмее, збіраюцца акурат на “Спартаку”, каб трэніравацца на гэтых разбітых ушчэнт фігурах. Яны ўжо добра вывучылі ўсе дзіркі, і стараюцца трапляць на кавалкі, якія пакуль што цэлыя.

 

 

– Калі мясцовыя экстрэмалы хочуць сапраўды пакатаць на якаснай пляцоўцы, едуць у Мінск. Ведаю аднаго хлопца, які непаўналетні, і ў паездках яго суправаджае бацька. А ў Бабруйску сітуацыя з такім спортам гіперкепская. Крыўдна, што гэтыя падлеткі – класныя, актыўныя, у якіх вочы гараць займацца любімай справай – па сутнасці, нікому не патрэбныя, ім больш няма дзе трэніравацца. Не уяўляю, дзе ў нас можна на годным узроўні рыхтавацца да спаборніцтваў па BMX, напрыклад.

Усе мы штодня бачым на вуліцы гэтых дзяцей і падлеткаў, іх шмат, яны ўсе з самакатамі, скейтамі, роварамі – але ім няма куды падзецца, – рэзюмуе суразмоўца.

 

 

“Скейтбордынг у Бабруйску развіваецца не дзякуючы, а насуперак”

Яшчэ адзін наш суразмоўца – Аляксей, займаецца скейтбордынгам з 12-гадовага ўзросту, зараз яму 29.

– Скейтпарк – сапраўды не зусім адпавядаў чаканням, як па фігурах так і па пакрыццю.  Па сутнасці, яго паставілі на асфальт, які ўжо падгуляў, і гэта зусім дрэнна, нават, калі заплюшчыць вочы на якасць, фігуры ды іх колькасць.  На такое пакрыццё нельга ставіць скейтпарк!

Магчыма для BMX гэта – нармальна, але не для скейтбордынгу. Паркі будуюцца пад розныя ўзроўні і магчымасці райдэраў, гэты сапраўды быў для пачатковага, ці, нават крыху ніжэй: проста прыйсці і нешта паспрабаваць, зрабіць першыя крокі ў гэтым кірунку, асвоіць базавыя элементы. Так атрымліваецца, калі будуюць без нейкай зваротнай сувязі ад тых, хто ўсё ж такі ў ім будзе катацца і бавіць час, прагрэсаваць і ўдзельнічаць у мерапрыемствах, кантэстах.

Парк быў зроблены, хутчэй для галачкі, хтосьці мог бы сказаць, напрыклад: “У нас ёсць спецыялізаваная трэніровачная пляцоўка ў Бабруйску”.  Але пры гэтым апусціць пытанні яе якасці, узроўню і магчымасцяў: “катайцеся там”, і быццам усё добра, але не. Можна было б, зрабіць лепш, больш грунтоўна і цікава! Нават з наяўнымі абмежаваным бюджэтам і рамкамі.

Прыкладаў хапае ў суседніх краінах. Так склалася, што там экстрым культура і скейтбордынг развіваліся хутчэй і паркі будаваліся раней, добрыя ўжо былі ў 2010-х гадах і раней, мне нават давялося пабываць у такіх у той час. І калі хлопцы маюць паркавы накат, а ты – не, нельга казаць і пра спаборніцкую канкурэнцыю, ад слова “зусім”. Цяпер там сітуацыя палепшылася і пачалі будаваць бетонныя, крытыя скейтпаркі ды пляцоўкі. У нас таксама нешта спрабуюць і ёсць прыватныя нядрэнныя ініцыятывы, але гэта, хутчэй выключэнне з правілаў.

 

 

– Яшчэ цікавы момант: які-небудзь скейтпарк нельга лічыць паўнавартаснай заменай вуліцы, хлопцы з стрыта нікуды не сыдуць.  Так, яны могуць катацца ў парку, трэніравацца там і прапампоўваць скілы, але гэта ідэальныя ўмовы, відэа-прафайлы, як правіла, здымаюцца ў стрыце, і адсюль яны атрымліваюць і заслугоўваюць свой рэспект, медыя-ахоп…

Увесь горад – гэта пляцоўка, там дзе звычайны чалавек пройдзе міма, гэтыя хлопцы ўбачаць патэнцыйны спот (грань\парэнчы\прыступкі\геп\бенк\пахіл) ці нешта яшчэ.  То-бок, тут прысутнічае і культура, або контркультура (паводзіны\трукі\музыка\відэа\стыль ды іншае), якая, як правіла, стаіць за мяжой пэўных грамадскіх нормаў\правілаў і знаходзіцца з ёй у канфлікце, бо парэнчы драпаюцца, а грані разбіваюцца.

Напрыклад, у нас можна было б даўно зрабіць на плошчы металічныя борцікі на гранях.  Хлопцы каталіся б, і нават лепш слізгалі, але пры гэтым грані бы не разбіваліся, а наадварот захоўваліся.  Практычна, гэта скейтпарк з рознымі ўзроўнямі граняў – вышэй ці ніжэй, прамыя і ў нахіл, але.. Ніхто пра гэта не задумваецца, хлопцаў праганяюць, грані разбіваюцца і ўсё застаецца на сваіх месцах.

Што тычыцца стрытовых спотаў, іх дзесьці 3-4 пастаянных, і лакальных яшчэ набярэцца нейкая колькасць. Калі агулам, сітуацыя не самая дрэнная, кожнае месца мае свае асаблівасці і магчымасці, можна катацца пад настрой або мэты\магчымасці, нешта спрабаваць і здымаць для відэа. Да таго ж, у нас даволі лаяльна ставяцца да скейтбордынгу ў асноўным, хоць бываюць і выключэнні, як і ўсюды.

Для мяне на самой справе дзіўна, як праз час скейтбордынг у Бабруйску застаецца даволі папулярным кірункам, хоць здавалася б: няма добрага скейтпарку, скейтшопа, спаборніцтваў, пераемнасці.  Значыць – актуальны, падабаецца і развіваецца не дзякуючы, а насуперак.