“Продкі – у маім генетычным кодзе”. Бабруйчане замежжа пра немагчымасць наведаць могілкі на Радаўніцу

 

Расказваюць бабруйчане-эмігранты

 

Яўгенія, жыве ў Польшчы:

Я не бабруйчанка, таму на Радаўніцу мы адразу ездзілі на могілкі да сваякоў мужа, у Ламы. У яго там бабуля, якая замяніла яму маці, і дзядзька. А потым ужо ехалі да мяне ў вёску. Там пахаваныя мой тата, сястра, дзядулі і бабулі.

Асаблівых традыцый няма. Наводзім парадкі на могілках, а пасля ў мамы збіраюцца мой брат з сям’ёй і сястра, наша сям’я і сям’я цёткі. Узгадваем усіх, каго ўжо няма з намі.

На жаль, у гэтым годзе не будзе магчымасці сустрэцца з сям’ёй, але памяць трэба шанаваць. Магчыма, з’ездзім у царкву, паставім свечку, нягледзячы на тое, што бліжэйшая праваслаўная ад нас – 50 кіламетраў.

 

Антон, жыве ва Украіне:

Для мяне культ продкаў не ёсць важным. Але ж я, канечне, ведаю, кім былі мае продкі і як яны жылі.

Не сумую па пахаваннях і ўвогуле не люблю хадзіць па могілках. Бо лічу, што мае продкі ў мяне ўнутры, у маім генетычным кодзе, а ў зямлі закапаныя ляжаць толькі іх парэшткі.

 

 

Настасся, жыве ў Турцыі:

Пра Радаўніцу як абрад памінання памерлых даведалася ўжо недзе ў старэйшых класах, калі пачыналіся вялікія выходныя. Бо мая сям’я – і тата і маці, родам з Маладзечаншчыны, а там памінаюць памерлых на Юр’я (6 траўня).

І вось на Юр’я мы кожны год абавязкова ездзілі на могілкі, прыбіралі ды адведвалі родзічаў. А на Радаўніцу ехалі да дзеда, бо пахаваны ён ужо тут, у Бабруйску

Дзіўным чынам, калі падыходзяць ці восеньскія Дзяды, ці Радаўніца, памерлыя родныя нагадваюць мне пра гэта. Прыходзяць у снах. Гляджу ў каляндар: о, дакладна! Трэба ўзгадаць і пачаставаць. Звычайна гэта велікодныя яйкі ды пірагі. На раніцу пасля Радаўніцы гэтым жа частую птушак.

Я не лічу памінанне продкаў традыцыяй, што адышла. Таму нават тут, на чужыне, абавязкова пакіну пасля Вялікадня яйкі і пасачку, ды пасля ўзгадаю сваіх памерлых.

 

Яўген, жыве ў Грузіі:

Я не вялікі фанат такіх дат. Але мне ў прынцыпе пакуль небяспечна вяртацца на радзіму.

Хутчэй, я б назваў сябе тым, хто сумняецца ў існаванні тагасвету. Я больш прыхільнік тэорыі аб перараджэнні. Маўляў, душа існуе, але яна перараджаецца ў іншай абалонцы.

А з нагоды Радаўніцы… У ёй, на мой погляд, ёсць і плюсы і мінусы. Плюс у тым, што некаторыя людзі хоць бы раз у год прыходзяць на магілы блізкіх, каб дагледзець. Мінус – што некаторыя менавіта адзін раз і прыходзяць, быццам для гэтага патрэбная асаблівая, вымушаная нагода.

А яшчэ мне візуальна не падабаюцца нашыя могілкі. Я лічу, што яны брыдкія, а яшчэ гэтыя платы… Беларусы нават на могілках спрабуюць адгарадзіцца ад чагосьці, гэта быццам сядзіць у менталітэце. Спадзяюся, калі-небудзь гэта зменіцца.

 

 

Марыя, жыве ў Польшчы:

Радаўніца бярэ свае карані ў  язычніцтве. Таму для мяне гэта – радасная навіна, што вясна прыйшла і жыццё абнавілася. Мы таму і ходзім на могілкі, каб гэтую навіну данесці сваім памерлым.

У Бабруйску мы сустракаліся сваёй сям’ёй з бацькамі. Але таты з намі ўжо няма. І мы яго не наведаем на могілках, бо знаходзімся ў палітычнай эміграцыі.

Што тычыцца сямейных традыцый: наведвалі могілкі, наводзілі там чысціню і абавязкова прыносілі кветкі. А таксама яйкі свянцоныя, як сімвал вечнага жыцця. Але галоўнае – пабыць разам з роднымі і ўспомніць пра памерлых.

Як сустрэнем Радаўніцу на чужыне? Збярэмся сям’ёй за сталом, ды ўзгадаем нашых памерлых.

 

Мікіта, жыве ў Вільні:

Бабуля заўсёды казала, што на Радаўніцу трэба выбрацца на адны вясковыя могілкі, пасля на другія – усе яны раскіданыя па Беларусі. З кожным годам усё менш туды хтосьці ездзіў. А пасля таго, як бабуля захварэла, у мінулым годзе, здаецца, наагул ніхто не паехаў.

А я некалькі апошніх год менавіта ў дзень смерці мамы ездзіў да яе на могілкі. Падазраю, гэтым годам не атрымаецца. Пакуль я не паспеў падумаць, што я на гэты конт адчуваю, але вялікае шкадаванне ёсць.

Мне падаецца, што калі культ продкаў у Беларусі і ёсць – то толькі сярод старэйшага пакалення. І калі сыдзе мая бабуля, я нават не здолею самастойна знайсці магілы тых, каго мы наведвалі. А калі б гэты культ і сапраўды існаваў, я б ведаў нават тое, дзе прапрадзед пахаваны.

Наконт ежы і кветак на Радаўніцу – з пункта гледжання экалогіі я гэта не прымаю. Бо прадукты лепей пакінуць жывым людзям, а кветкі, якія найчасцей з пластыку, бо хтосьці прыдумаў, што “памерлае – памерлым”, толькі псуюць планету. Лепей у такі дзень проста ўзгадаць памерлых, якія табе дарагія. Забываць іх не варта.

 

Усе ілюстрацыйныя фота – 1387.io