Распавядаць толькі пра праблему ці таксама пра выйсце з яе? Што такое – журналістыка рашэнняў

Паўсюль усё кепска. Такі настрой часта застаецца пасля прагляду стужкі навінаў. Распавядаць пра праблемы – так працуе традыцыйная журналістыка. Аварыі, катастрофы, беспрацоўе, парушэнне правоў – такія навіны найлепш чытаюцца і стаяць у медыях на першых старонках. А ці могуць навіны быць калі не добрымі, то канструктыўнымі? Ці могуць яны натхняць і пераконваць нас, што ўсё магчыма, замест таго, што ўсё прапала? Могуць – сцвярджае журналістыка рашэнняў. Што гэта такое, і навошта такая плынь патрэбная ў сённяшнім свеце – пра гэта бабруйскія журналісты паразмаўлялі з журналісткай і медыятрэнеркай Марынай Загорскай. Прыводзім асноўныя тэзы дыскусіі.

Марина Загорская. Фото: Марина Загорская/Facebook

Сумленная і якасная журналістыка

Як звычайна выглядаюць навіны? Гэта аповед пра тое, што нешта недзе здарылася, часцей за ўсё – кепскае, жудаснае. Мы не можам прайсці міма такіх паведамленняў, чытаем, абмяркоўваем. Такая любоў аўдыторыі да кепскіх навінаў тлумачыцца проста – чалавек хоча ведаць пра тое, што яму можа пагражаць.

Аднак адначасова сёння часта можна пачуць, што людзі стаміліся ад кепскіх навінаў. Альтэрнатывай, якую медыі могуць нам прапанаваць, з’яўляецца журналістыка рашэнняў. Што ж гэта такое?

Журналістыка рашэнняў – гэта найперш сумленная і якасная журналістыка. Задача журналіста – праўдзіва распавядаць пра грамадскія працэсы. Калі мы пішам толькі пра праблемы, трагедыі, складанасці і не распавядаем, як людзі і арганізацыі спрабуюць вырашыць гэтыя праблемы, мы хаваем ад нашай аўдыторыі важную частку інфармацыі. Менавіта ў такіх выпадках ад прачытання навінаў і застаецца пачуццё, што ўсё кепска, што праблемы збіраюцца, але ніхто не спрабуе іх вырашаць. Таму больш сумленна, калі паказваеш праблему, распавядаць пра шляхі яе рашэння.

У той час як традыцыйная журналістыка адказвае на пытанні «Што? Хто? Дзе? Як? Калі? Чаму?», журналістыка рашэнняў дае адказ яшчэ на пытанні : «Як вырашыць?» «І што цяпер?». Ілюстрацыя: jrnlst.ru

У той час як традыцыйная журналістыка адказвае на пытанні «Што? Хто? Дзе? Як? Калі? Чаму?», журналістыка рашэнняў дае адказ яшчэ на пытанні : «Як вырашыць?» «І што цяпер?».

«Калі грамадства задаецца пытаннем «Што можна з гэтай праблемай зрабіць?», яно гатовае да журналістыкі рашэнняў»

Галоўныя прынцыпы журналістыкі рашэнняў:

  • ініцыяванне дыскусіі пра пошук выйсця з сітуацыяў, вырашэння праблемаў;
  • знаёмства з прадстаўнікамі грамадскай супольнасці, палітыкамі, адмыслоўцамі, якія маюць перспектыўныя ідэі і працуюць на іх рэалізацыю, але пры гэтым ні ў якім разе не рэклама гэтых людзей. Задача журналістыкі рашэнняў – распавесці пра прыклады вырашэння праблемаў, а не пра людзей;
  • аб’ектыўнасць і непрадузятасць (журналістыка рашэнняў не прымае чыйсьці бок);
  • пазбяганне агітацыі за пэўныя рашэнні, аповед пра розныя бакі, як праблемнай сітуацыі, так і выйсця з яе. Сумленнае апісанне хібаў і правалаў. Журналістыка рашэнняў падкрэслівае, што ідэальнае рашэнне знайсці амаль немагчыма.

Каб журналістыка рашэнняў спрацавала, трэба каб грамадства ў поўнай ступені ўсведамляла існаванне праблемы. Калі яшчэ не да канца ўсведамляе, тады падыдзе традыцыйная журналістыка, якая распавядзе пра праблему.

Каб журналістыка рашэнняў спрацавала, трэба каб грамадства ў поўнай ступені ўсведамляла існаванне праблемы. Калі яшчэ не да канца ўсведамляе, тады падыдзе традыцыйная журналістыка, якая распавядзе пра праблему. Ілюстрацыя: Альянс независимых региональных издателей

Калі грамадства задаецца пытаннем «Што з гэтым можа зрабіць?», на дапамогу прыходзіць журналістыка рашэнняў.

Дзень эфектыўнай журналістыкі

Сам тэрмін «журналістыка рашэнняў» стаў распаўсюджвацца на пачатку 2000-х гадоў. Медыяэксперты часта адзначаюць, што сама гэтая з’ява ў журналістыцы існуе даўно, а цяпер якаснай журналісцкай працы проста далі назву. Гэтаму новаму вызначэнню ў журналісцкім асяродку спрабавалі супраціўляцца, ставіліся з недаверам.

Так, у 2008 годзе буйная французская газета «Libération» дазволіла пісьменніку і сацыяльнаму прадпрымальніку ў сферы СМІ Крысціяну дэ Буарэдону выпусціць адмысловы нумар у жанры журналістыкі рашэнняў. Нумар выйшаў 26 снежня – яго выбралі, бо традыцыйна ён лічыўся найгоршым для газетных продажаў. Журналісты «Libération» адмовіліся ўдзельнічаць у гэтым праекце, бо не верылі ў ягоны поспех. Дэ Буарэдон прыцягнуў некалькіх фрылансераў, якія і напісалі матэрыялы для гэтага выпуску.

Крысціан дэ Буарэдон. Фота: SKF Evolution

Вынік эксперыменту стаў нечаканым для ўсіх – гэты нумар газеты пабіў рэкорды продажаў за ўвесь год. Так пісьменнік здолеў пераканаць буйную газету, што журналістыку рашэнняў не варта ігнараваць.

З 2012 года Дэ Буарэдон стаў праводзіць Дзень эфектыўнай журналістыкі, які штогод падтрымліваюць усё больш СМІ. У гэты дзень медыі публікуюць матэрыялы, у якіх распавядаюць пра прыклады рашэнняў праблем.

Мы ў 1387.io таксама імкнемся распавядаць не толькі пра праблемы, але пра рашэнні, якія прапануюць людзі і арганізацыі. Тут можна пачытаць, якія выйсця знаходзяць грамадскія арганізацыі ў Бабруйску, каб дапамагаць людзям, што не маюць даху над галавой. Па гэтай спасылцы – спецпраект пра тое, як бабруйцы змагаліся з пандэміяй COVID-19.