“Рэстаран “Бабруйск” быў самым модным і папулярным месцам у горадзе”. Расказваем пра тусовачныя кропкі розных часоў
Ад гэтага моманту мы будзем расказваць табе пра тусовачныя месцы Бабруйска - розных часоў і пакаленняў. А пачнем з душэўных успамінаў гараджанкі Нэлі, з канца 70-х — пачатку 80-х гадоў. І прысвечаныя яны легендарнаму рэстарану "Бабруйск", які да 2006 года працаваў у будынку аднайменнай гасцініцы. Якім жа ён быў у тыя часы?
Гасцініца “Бабруйск”. Фота: 1387.by
— “Рэстаран “Бабруйск” напрыканцы 70-х — пачатку 80-х быў самым модным і папулярным месцам у горадзе, — прыгадвае Нэлі. — Займаў ён усю прастору да гасцініцы “Бабруйск”. Там былі зала са сцэнай, кухня і аднайменнае кафэ — у яго быў асобны ўваход.
Гасцініца “Бабруйск”. Фота: 1387.by
— У рэстаран мог трапіць любы чалавек ці кампанія. Але столік трэба было заказваць загадзя. Публіка — разнастайная. Але нас наведнікі “Бабруйска” не надта цікавілі, у нас была свая кампанія. Мы былі студэнтамі і хадзілі туды амаль з кожнай стыпендыі.
Шэф-поварам у тыя часы быў славуты бабруйскі кухар Мадэст Сіроцін. Чым кармілі? Са стыпендыі мы скідаліся па 10 рублёў, і ў гэты кошт уваходзіла салата “Аліўе”, нарэзка, адна на ўсіх, на гарачае — мясная выразка або кураня-табака, гарнір і ў ім абавязкова кансерваваны гарошак. І, вядома, кава з марожаным. Хлопцы сабе замаўлялі графінчык гарэлачкі, а дзяўчаты – бутэльку шампанскага. Для нас кожная стыпендыя была святам!
На фота: апошняя шыльда з надпісам “Рэстаран Бабруйск”. На фота – музыка Лёха Чыканас, які напісаў аднайменную песню, яе можна паслухаць у нашым матэрыяле “Як гучыць Бабруйск”. Фота з асабістага архіва Лёхі Чыканаса
Вядома, там танцавалі, знаёміліся. Музыка была “жывая”. Граў нейкі ВІА. Я ўжо не памятаю, можа адзін і той жа, можа розныя. Мы былі маладыя. Нас цікавіла “сёння” і “цяпер”. У гэтым хараство любых успамінаў.
Але рэстаран, гэта для адпачынку, для забавак. А тусовачнае месца было каля кінатэатра “Таварыш”. Там даведваліся нейкія навіны, дзе, што можна было купіць у фарцоўшчыкаў — рэчы, касметыку, цыгарэты, пласцінкі”, — узадвае суразмоўніца.
Кінатэатр “Таварыш”. Фота: 1387.by
Вось такія апетытныя і цёплыя ўспаміны ад бабруйчанкі. Хочаш расказаць пра свае месцы? Пішы ў наш інстаграм. І сачы за наступнымі гісторыямі.