“Шмат выкінутых сабак і катоў з’явілася на вуліцах, як ніколі”. У якіх умовах працуюць сёння бабруйскія зааваланцёры

Расказваем пра асноўныя праблемы і патрэбы зааваланцёраў, а таксама пра спосабы, як можна ім дапамагчы.

 

Ілюстрацыйнае фота: 1387.io

 

Да ўсіх суразмоўцаў мы звярнуліся з аднолькавымі пытаннямі: ці не зменшылася дапамога ад людзей падчас вайны ва Украіне, у чым маеце патрэбу?

Толькі адна зааваланцёрка, з якой мы мелі размову, і якая пажадала застацца ананімнай, не заўважыла, каб штосьці кардынальна змянілася: “Людзі, як і раней, як могуць стараюцца рабіць добрыя справы. Але ў мяне і збораў настолькі вялікіх няма, як у прытулках”.

 

На фота: гадаванцы валанцёраў “Добродетели”.

 

– На працу нашай арганізацыі, ратаванне і ўтрыманне прытулку паўплывалі санкцыі. Людзі, якія жывуць па-за межамі Беларусі і жадаюць дапамагчы, не могуць перавесці ахвяраванні. Фінансавай падтрымкі стала ў разы менш, а кошты на крупы, мяса, паслугі ветклінікі, лекі ды іншае падвысіліся значна, – расказалі валанцёры дабрачыннага таварыства дапамогі жывёлам “Добродетель”.

– Забіраць жывёл сталі менш, павялічылася колькасць жадаючых наадварот, здаць хатніх гадаванцаў у прытулак. Шмат выкінутых сабак і катоў з’явілася на вуліцах, як ніколі, з канца студзеня вялікая колькасць шчанюкоў.

 

На фота BOBR.BY: у дабрачыннага таварыства ёсць прытулак для жывёл. Ён заўсёды перанаселены, бо гараджане пастаянна падкідаюць сюды гадаванцаў, што ім надакучылі, ці якіх яны падабралі, але не хочуць забіраць сабе. Вялікая частка жывёл – з тых, каго валанцёры выратавалі ад смерці ў часовым, дзяржаўным прытулку.

 

На жаль, акрамя эканамічных праблем, валанцёрам даводзіцца сутыкацца з агрэсіяй бабруйчан. Так, у позні вечар 7 красавіка, каля прытулка “Добродетели” давялося ліквідаваць пажар:

Нейкія вырадкі падпалілі траву, расклаўшы яе кучамі ўздоўж прытулку. Роўнай паласой разлілі нейкую вадкасць. Вецер панёс агонь у наш бок. Відэакамеры ў прытулку ёсць, запіс вядзецца кругласуткава. Але падпал быў зроблены па-за доступам камер. Там лесапасадка,

– так апісвае сітуацыю Ірына Кавалерава, дырэктар таварыства.

Як дапамагчы гадаванцам “Добродетели”:

Можна дапамагчы кормам, крупамі, мяснымі прадуктамі і, вядома, фінансава. Бо трэба аплачваць камунальныя паслугі, ветклінікі, закупку медыкаментаў, вакцыны, дровы, салому, пілавінне.

Патрэбна дапамога рукамі, прыборка тэрыторыі пасля зімы, вымыць міскі, выгуляць жывёл, адрамантаваць буды, насекчы дровы.

– У прытулку заўсёды ёсць праца. Хочацца, каб наш гарадок для жывёл стаў яркім, чыстым і ўтульным. Магчыма, у некага ёсць ідэі, хтосьці хоча ўвасобіць у жыццё свае таленты, майстэрства. Мы толькі рады будзем энергічным людзям з агеньчыкам і свежымі ідэямі, – кажуць у дабрачынным таварыстве.

Кантакты для сувязі:

+375296276269 Ірына

 

А на гэтых фота – адлоўленыя ў горадзе каты і сабакі, што знаходзяцца ў часовым прытулку “Спецаўтапрадпрыемства”:

 

 

Шукаць згубленых хатніх жывёл, ці ратаваць бяздомных, раім адразу ў часовым прытулку Спецаўтрапрадпрыемства (адлоў). Калі сабакі і каты, што тут знаходзяцца, не дачакаюцца свайго чалавека, іх чакае смерць. ФОТА і падрабязная інфармацыя па спасылцы. 

Таксама актуальныя фота з адлову публікуюць і мясцовыя валанцёры – сачыце за іх суполкамі.

 

На фота: гадаванцы “Собачьего сердца”.

 

Прытулак для сабак “Собачье сердце” таксама адчуў змены ў сувязі з ваеннымі падзеямі:

– Пакуль гэта адлюстроўваецца ў павелічэнні фінансавых выдаткаў, бо выраслі кошты. Падаражэлі крупы, кармы, а таксама значна падвысіліся цэны на ветэрынарныя прэпараты (асабліва імпартныя). Такім чынам, утрымліваць сабак стала даражэй. Верагодна, варта чакаць падвышэння коштаў на паслугі ветклінікі, якія і без таго немалыя, што таксама ўскладніць наша фінансавае становішча.

Людзі дапамагаць не перасталі, госці часам прыходзяць (у асноўным гэта дзеці, групы са школ), прыносяць дары, выгульваюць сабак, робяць данаты. Хто дапамагаў нам рэгулярна, працягваюць гэта рабіць.

Цалкам можа быць, што ў бліжэйшы час дапамогі стане менш, бо цэны выраслі, але пакуль усё нармальна.

Валанцёры адзначаюць, што ў пытанні пошукаў гаспадароў гадаванцам нічога не змянілася. Але з кожным годам знайсці дом сабакам становіцца ўсё больш складана: “Напэўна, ужо ўсе, хто хацеў, імі абзавяліся”.

 

 

Як дапамагчы гадаванцам “Собачьего сердца”:

Прытулку заўсёды патрэбныя крупы (грэчка, геркулес, рыс), мясныя субпрадукты (фарш без костак, «Бобік», ліверная каўбаса і тп.), сухі корм, рыззё (любое непатрэбнае адзенне, старыя дываны, пасцельная бялізна ды іншае, акрамя пер’евых падушак), газеты.

Таксама валанцёры шукаюць дапамогі з выгулам сабак ды іх прасоўваннем у сацыяльных сетках. На выгул можна прыходзіць штодня з 11.30 да 15.30.

Цяпер вельмі актуальная аўтадапамога (неабходна адвезці сабаку на ўльтрагукавое даследаванне і шчанюка на прыём да ветлекара).

Таксама ёсць патрэба ў будматэрыялах (брус, дошкі шырокія, фарба, цвікі, шрубы) і дапамога з будаўнічымі работамі.

 

Кантакты для сувязі:

+375 (29)122-12-47 Мілана

+ 375 (29)151-45-65 Валерыя

 

На фота: жывёлы, якімі апекуюцца валанцёры з таварыства “Пять свобод”. 

 

– У апошні час дапамогі становіцца ўсё менш, усё радзей людзі задумваюцца пра лёсы бяздомных жывёл. Усё цяжэй забяспечваць ператрымкі, усё радзей людзі шукаюць сабе гадаванцаў і ўсё часцей іх кідаюць, – са скрухай кажуць валанцёры дабрачыннага таварыства дапамогі жывёлам “Пять свобод”.

– З-за ўведзеных абмежаванняў спыняюцца пастаўкі некаторых лекаў і, што самае галоўнае, анестэзія. З-за гэтага зусім хутка могуць спыніцца ўсе аперацыі ў ветэрынарных клініках і гэта стане велізарным ударам па ўсіх дабрачынных арганізацыях, валанцёрах і ўладальніках жывёл.

Зараз на ператрымках Бабруйскага грамадскага аб’яднання абароны жывёл “Пять свобод” знаходзіцца 15 катоў. А таксама мноству жывёл, падабраных неабыякавымі людзьмі, аказваецца дапамога ў пошуках дома.

Больш за тое, мы аказваем дапамогу ва ўтрыманні і прыстройстве сабак са стыхійнага прытулку дзядулі Валеры, у якім знаходзіцца больш за 20 сабак розных узростаў і памераў.

У 2021 годзе нашымі намаганнямі больш за 80 жывёл знайшлі дом у розных кутках Беларусі.

Звярніце ўвагу, што “Пять свобод” мае аднайменныя дошкі аб’яў па прыстройстве жывёл у розных сацыяльных сетках, на якіх можна размясціць сваю аб’яву аб прыстройстве або пошуках зніклай жывёлы.

 

 

Як дапамагчы гадаванцам дабрачыннага таварыства “Пять свобод”:

Пагашэннем запазычанасці за іх лячэнне ў ветэрынарнай клініцы “Энімалс”, або ахвяраваннем на разліковы рахунак № BY59 BLBB 3015 0790 6131 9600 1001 у ЦБУ № 831 ОАО «Белинвестбанк» г. Бобруйск (МФО BLBBBY2X), а таксама праз сістэму «Расчет» (ЕРИП) (шлях такі: Благотворительность, общественные объединения → Защита животных → Пять свобод → Пожертвования), ці праз СМС-ахвяраванне, якое дасяжнае для абанентаў МТС і Лайф, для гэтага дашліце на нумар 553 SMS-паведамленне (не тарыфікуецца): 568 Прозвішча адпраўніка / Сума плацяжа. Напрыклад: 568 Іваноў 10.

Таксама таварыства мае патрэбу ў крупах (любыя шматкі, сечка, грэчка, рыс, аўсянка), мясных субпрадуктах, кансервах, адкідах і паўфабрыкатах, сухім каціным корме і мяккім корме ў паўчах для кацянят і старэнькіх жывёл, напаўняльніку для каціных латкоў.

Кантакты для сувязі:

Калі вы хочаце знайсці сабе сабаку, або жадаеце дапамагчы, звяжыцеся з Валерам па тэлефоне + 375 29 5676454.

А калі вы шукаеце коціка, або хочаце дапамагчы, звяжыцеся з Наталляй па тэлефоне +375 44 7229835.

 

Фота з сацсетак Аляксандра Пінчука. 

 

Таксама мы паразмаўлялі з бабруйскім блогерам Аляксандрам Пінчуком. Ён здымае кантэнт пра знойдзеных на вуліцы жывёлаў, якіх разам з дзяўчынай Кацяй лекуе і пасля знаходзіць ім гаспадароў. Адзначым, што на сёння ў SANISHOW 3,1 млн падпісак, нямала сярод іх расіян.

– Не магу нічога сказаць наконт таго, ці паўплывала вайна на дапамогу жывёлам у горадзе. Думаю, у нас асабліва нічога і не памянялася. Хто хацеў узяць жывёлу, той возьме, а хто хацеў дапамагчы, той дапаможа.

Асабіста на мяне блакаванне Instagram у Расіі практычна ніяк не паўплывала. Я стварыў тэлеграм-канал, актыўнасць у якім на сённяшні дзень не горш. Ды і Instagram для мяне не быў асноўным. Гэта проста сацсетка, куды я выкладаў фота і відэа для самых адданых падпісчыкаў з ютуба, якім заўсёды была цікавае нашае жыццё па-за каналам. Расійская частка аўдыторыі перайшла ў тэлеграм і таксама працягвае атрымліваць фота і відэа з анонсамі будучых выпускаў. Значна горш тым, для каго Instagram быў асноўнай пляцоўкай. Хто шмат гадоў развіваў там сваю творчасць, бізнес, ды і, у рэшце рэшт, тыя, у каго там захоўваліся ўспаміны ў выглядзе некалькіх сотняў фотаздымкаў.

Але не так страшна страціць сваю старонку ў нейкай сацсетцы, як жыць у часы, калі ў любы момант ты можаш страціць свой дом, сваіх родных і блізкіх, сваю працу, сваю будучыню і ўсё, што табе было дорага. Я не мог уявіць, што застану такія часы на сваім веку. Гэта жудасна,

– рэзюмуе Аляксандр.