«Стала больш «падкідышаў», людзі перасталі забіраць жывёлаў дамоў». Як жыве Домік «Сабачае сэрца»

Домік «Сабачае сэрца» апякуецца бяздомнымі сабакамі Бабруйска. Прытулкам яны сябе называць не хочуць – кажуць, што гэтае слова выклікае неадпаведныя асацыяцыі. Мы пагутарылі з сузаснавальніцай доміка, 29-гадовай Валерыяй, пра гісторыю і сённяшні дзень «Сабачага сэрца», патрэбную дапамогу, актуальнае становішча з бадзяжнымі жывёламі ў нашым горадзе, стаўленне бабруйцаў да праблемы і чаму, каб канчаткова вырашыць пытанне жывёлаў без дома, трэба змяняць менталітэт беларусаў.

Валерыя, сузаснавальніца Доміка «Сабачае сэрца». Фота: асабісты архіў Валерыі

Валерыя, сузаснавальніца Доміка «Сабачае сэрца». Фота: асабісты архіў Валерыі.

«Шчанюкоў падкідваюць у каробках, закалочаных паштовых скрынях, перакідваюць праз плот»

– Валерыя, распавядзіце, калі ласка, калі і як пачынаўся Домік «Сабачае сэрца»?

– Мы арганізавалі яго 5 гадоў таму. Нас на пачатку было пяцёра валанцёраў, цяпер такая ж колькасць, але ў іншым складзе. У мяне быў ужо год досведу ў зоаабароне. Мы хацелі дапамагаць бяздомным сабакам Бабруйска. Знялі памяшканне на складах у раёне Лядовага палацу, зрабілі там рамонт. І так ужо цягам пяці гадоў мы бярэм да сябе жывёлаў як з вуліцы, так і з БУКСАПа (Бабруйскае спецаўтапрадпрыемства, якое займаецца адловам бяздомных сабак – рэд.).

На сённяшні дзень у нас 22 сабакі. Мы бярэм толькі сабак, але бяздомным коткам таксама дапамагаем стэрылізуем іх. Увогуле, ад пачатку хацелі займацца толькі дарослымі сабакамі, але давялося і шчанюкоў браць, бо падкідваюць. І гэта нашая самая вялікая складанасць на сённяшні дзень – «падкідышы» і адсутнасць у людзей разумення, што гэта ўвогуле такое – прытулкі для жывёлаў, хто іх утрымлівае і як яны жывуць.

Нам пакідаюць шчанюкоў пад брамай у каробках, у закалочаных паштовых скрынях, прывязваюць побач, перакідваюць праз плот. Часам прыходзяць і просяць узяць, і кажуць – а калі я яго прывязу і пакіну, вы што – яго не возьмеце? І такія выпадкі бываюць амаль штотыдзень.

Бім – гадаванец Доміка «Сабачае сэрца», шукае дом. Фота: Домік «Сабачае сэрца»/Instagram

«За самавыгул сабак трэба даваць штраф»

– А ці ёсць нейкае вырашэнне гэтай праблемы? Магчыма, камеры відэаназірання? І ці магчыма такіх людзей прыцягнуць да адказнасці?

– Мы спрабавалі паставіць камеры назірання. Там шмат тэхнічных пытанняў, але мы да гэтага імкнемся. Да адказнасці, паводле закону, мы ніяк не можам прыцягнуць, але як мінімум наўрад ці гэтым людзям спадабаецца, калі знаёмыя ўбачаць іхныя твары ў інтэрэнце. Хоць, шчыра кажучы, найчасцей жывёлаў падкідваюць людзі, якім глыбока фіялетава, што нехта недзе ўбачыць іхны твар. Часам здзіўляешся нахабству.

Быў выпадак, які зафіксаваў відэарэгістратар фуры, што побач стаяла. Жанчыны знялі замок на браме, зайшлі на нашую тэрыторыю, пахадзілі, зайшлі ў вальер, выбралі, куды пакласці шчанюкоў, падперлі іх яшчэ цэглай, каб не вываліліся, і спакойна пайшлі дамоў. Гэтым шчанюкам ужо паўгода, жывуць у нас.

Ведаеце, я прыйшла да высновы, што заклікаць да сумлення ў людзей, у якіх яго няма, няма сэнсу. Пытанне павінна вырашацца толькі на ўзроўні дзяржавы, заканадаўства – абавязаць стэрылізаваць і чыпаваць неплемянных, нетытулаваных сабак. І даваць штраф гаспадару за самавыгул сабак. У такім выпадку хтосьці дакладна задумаецца, ці браць увогуле сабаку, калі ён не можа цалкам за яго адказваць.

Невядомыя жанчыны прынеслі шчанюкоў у Домік «Сабачае сэрца», прайшлі на тэрыторыю, калі там нікога не было, паклалі шчанюкоў у вальер да агрэсіўнага сабакі і заклалі цэглай. Фота: Домік «Сабачае сэрца»/Instagram

Невядомыя жанчыны прынеслі шчанюкоў у Домік «Сабачае сэрца», прайшлі на тэрыторыю, калі там нікога не было, паклалі шчанюкоў у вальер да агрэсіўнага сабакі і заклалі цэглай? На здымку – адзін з гэтых шчанюкоў. Фота: Домік «Сабачае сэрца»/Instagram

Невядомыя жанчыны прынеслі шчанюкоў у Домік «Сабачае сэрца», прайшлі на тэрыторыю, калі там нікога не было, паклалі шчанюкоў у вальер да агрэсіўнага сабакі і заклалі цэглай. На здымку – адзін з гэтых шчанюкоў. Фота: Домік «Сабачае сэрца»/Instagram

А яшчэ патрэбная асветніцкая, інфармацыйная праца. Людзі не разумеюць, навошта рабіць стэрылізацыю жывёлам, як увогуле з імі абыходзіцца. Шмат хто жыве паводле прынцыпу – мой дзед трымаў сабаку на ланцугу, і я буду трымаць на ланцугу, і яны і ведаць не хочуць, што можна інакш.

«Тэлефануюць і кажуць – я з’ехаў, мой сабака там-та і там-та, забярыце»

– Хто, на ваш погляд, мусіць праводзіць такую асветніцкую дзейнасць?

– Калі б далі права валанцёрам, яны б гэта рабілі. Калі б хоць адзін білборд у горадзе прадставілі бясплатна. Патрэбная зацікаўленасць з боку дзяржавы. Але пакуль што ў нас нават міліцыя не працуе з праблемамі жывёлаў, не рэагуе на званкі – кажуць, мы людзьмі займаемся, а вы тут з сабакамі тэлефануеце.

– Агулам, за пяць гадоў працы Доміка і вашыя шэсць гадоў у зоаабароне, як вы бачыце, ці змянілася сітуацыя з бяздомнымі жывёламі ў Бабруйску?

– Знешне за гэты час сітуацыя стала лепшай, бо БУКСАП пачаў актыўна лавіць сабак. Таму на вуліцах цяпер не так шмат бадзяжных жывёлаў. Насамрэч жа сітуацыя не змянілася ў лепшы бок ніяк, я б нават сказала, што сёлета нават стала горш. Людзі ўсё гэтак жа выкідваюць жывёлаў, але перасталі браць сабе гадаванцаў у прытулках. Такая сітуацыя не толькі ў Бабруйску, а па ўсёй краіне.

Цягам апошніх двух гадоў часта бывае, што людзі тэлефануюць і кажуць – я з’ехаў, а мой сабака засталася там-та і там-та, забярыце, і кладуць слухаўку. Ці ў лепшым выпадку кажуць – мне трэба з’язджаць, забярыце майго сабаку. А не забіраюць жывёлаў, бо не ўпэўненыя ў будучыні і ў тым, што могуць узяць на сябе адказнасць за гадаванца.

«Мы не можам на шэсць сотак напхаць 50 сабак»

– Як вы рэагуеце, калі вам тэлефануюць і кажуць вось гэта – я з’ехаў, сабака чакае ў такім-та месцы?

– Найчасцей мы кажам чалавеку, што гэта ягоны хатні гадаванец і таму ён павінен вырашыць праблему самастойна. Мы можам дапамагчы інфармацыйна. Браць да сябе жывёлаў на сённяшні дзень мы не можам. Як раз таму, што апошнія 2-3 месяцы ў нас увогуле нікога не забіраюць, а працуе ўсё ў нас так – сабака з’ехаў, на ягонае месца бярэм іншага. Але не тады, калі ўсе месцы занятыя. Хоць даводзіцца часам чуць – у вас вунь там у куце яшчэ месца вольнае ёсць, вазьміце ды пасадзіце туды сабаку. Але так не можа быць.

Торы – гадаванец Доміка «Сабачае сэрца». Шукае дом. Фота: Домік «Сабачае сэрца»/Instagram

Торы – гадаванец Доміка «Сабачае сэрца». Шукае дом. Фота: Домік «Сабачае сэрца»/Instagram

– Чаму?

– Па-першае, у нас усе сабакі падзеленыя паводле характару, у залежнасці ад таго, хто і як з кім камунікуе. У нас ёсць сабака – абсалютны агрэсар у дачыненні да іншых жывёлаў. І як раз калі нам падкінулі шчанюкоў тыя жанчыны, яны дадумаліся іх пакласці ў вальер да гэтага сабакі. Раніцай яго выпусцілі, і дзякуй Богу, што там ляжала цэгла, і гэты сабака не ўбачыў шчанюкоў. У тым ліку таму побач з ім мы не можам пасадзіць нейкага іншага сабаку. А па-другое, у нас была дамова з арэндадаўцам на строга вызначаную колькасць жывёлаў. Таму рызыкоўна ва ўсіх сэнсах напхаць на нашую тэрыторыю ў 6 сотак 50 сабак.

«Нашае грамадства не гатовае да цывілізаванага вырашэння праблемы бадзяжных жывёлаў»

– Валерыя, што ўвогуле, на ваш погляд, маглі б зрабіць дзяржава ці гарадскія ўлады ў вырашэнні праблемы бадзяжных жывёлаў?

– Калі гэта будзе дзяржаўны прытулак, то я баюся, што можа быць палка на два канцы. Бо з аднаго боку – гэта дапамога, так. З іншага – у дзяржаўнай установе хутчэй за ўсё будуць строгія правілы ўтрымання. Доўга там трымаць жывёлу не будуць, і, напрыклад, калі праз месяц яе не забяруць, то яе ўсыпяць. Так у нас працуюць дзяржаўныя прытулкі ў іншых гарадах. Я думаю, было б добра, калі б дзяржаўныя прытулкі адкрываліся, але калі б гэта рабілася праз душэўную дабрыню і любоў да жывёлаў, а не проста дзеля «галачкі», каб ачысціць ад жывёлаў вуліцы.

Добрым выйсцем было б, калі б у нас рабілі так, як, напрыклад, у Грузіі – сабак стэрылізавалі, чыпавалі і выпускалі гуляць на вуліцу. Мы спрабавалі прасунуць гэта – купілі біркі, адмысловы стэплер, каб праколваць вушы сабакам, уклалі свае грошы ў гэта, але адміністрацыя БУКСАПа сказала, што ім усё роўна, каго лавіць. Нават калі на сабаку будзе бірка. Хоць мы прасілі, тлумачылі, што гэтая жывёла стэрылізаваная, не агрэсіўная. Аднак дамовіцца не атрымалася, і так нашая ініцыятыва скончылася.

Таму думаем, што гэта таксама павінна быць на ўзроўні дзяржавы. А таксама мусіць існаваць адказнасць за самавыгул жывёлаў. Усе гэтыя меры хутка б зменшылі колькасць бадзяжных жывёлаў, яны б не збіваліся ў стаі, не было б так званых «сабачых вяселляў». Хоць, у мяне ёсць апасенні, што нават калі б дзяржава ўсё гэта зрабіла, усё роўна знайшліся б людзі, якія б скардзіліся – ай-яй, бадзяжныя жывёлы, яны мяне пужаюць, яны кінуцца на мяне. У нас само грамадства не вельмі гатовае да падобных цывілізаваных ініцыятываў. І ў выніку мы зноў вяртаемся да неабходнасці асветніцкай працы, каб змяняць менталітэт людзей.

У Домік можна прынесці і стэрылізаваць бяздомную котку

У Доміку «Сабачае сэрца» стэрылізуюць бяздомных котак. Фота: Домік «Сабачае сэрца»/Instagram

– Валерыя, раскажыце, калі ласка, калі да вас трапляе сабака, праз якія працэдуры ён праходзіць? Вы яго вакцынуеце, лекуеце, калі трэба?

– Найперш сабака ў нас праходзіць каранцін. Калі ён візуальна здаровы, без прыкметаў энтэрыту ці скурных захворванняў, то далей ідзе на стэрылізацыю/кастрацыю, потым вакцынацыя, апрацоўка ад блох, глістоў. Сабаку робіцца пашпарт, і калі яго потым не забіраюць, то праз год мы паўтараем вакцыны.

– А калі вам прынясуць котку?

– Котак мы не бярэм, але кожныя выходныя стэрылізуем, і заклікаем усіх, каму не абыякавы лёс бяздомных жывёлаў, скарыстацца гэтай магчымасцю. Каб стэрылізаваць котку, трэба запісацца, мы скажам, калі прывезці, і лекар яе стэрылізуе. Каштуе гэта на сённяшні дзень 30 рублёў за адну котку. Прывозіць можна толькі бяздомных катоў і котак. Пасля аперацыі мы тыдзень іх трымаем на бясплатнай ператрымцы, потым іх можна забраць і выпусціць на вуліцу. Мы працуем паводле запісу, таму што ў нас толькі 3 клеткі, і мы можам адначасова трымаць 5-6 катоў.

– У вас у профілі ў сацсетках напісана, што вы – Домік «Сабачае сэрца». Чаму Домік, а не прытулак?

– Так, мы называемся Домік «Сабачае сэрца». Слова «прытулак» мы не ўжываем, бо яно выклікае ў людзей неадпаведныя асацыяцыі, нібы прытулак – тое месца, куды можна прыйсці і здаць жывёлу. Так жа і кажуць часта – «здаць у прытулак». Мы не хочам, каб нас так успрымалі. У нас сабакі жывуць і чакаюць сваіх гаспадароў і новы дом.

«Асноўная дапамога, якая нам трэба – каб людзі забіралі сабак дамоў»

Ева – гадаванка Доміка «Сабачае сэрца». Фота: Домік «Сабачае сэрца»/Instagram

– Якая дапамога сёння патрэбная Доміку?

– Па сутнасці, мы можам утрымліваць нашых сабак толькі за кошт неабыякавых людзей. Звычайна, калі сканчаецца корм, мы пішам пра гэта ў Інстаграме, і людзі адгукаюцца. Мы ніколі не просім грошы, а ежу наўпрост для жывёлаў. У нас ёсць людзі, якія пастаянна нешта прыносяць, таксама часта адгукаюцца тыя, якія некалі ўзялі ў нас сабаку.

Таксама прыносяць ежу школьнікі. Штогод у кастрычніку мы прымаем у сябе школы. З нагоды Дня абароны жывёлаў 4 кастрычніка настаўнікі прыводзяць дзяцей да нас, каб распавесці ім пра бяздомных жывёлаў. Дзеці маюць шанец пагуляць з сабачкамі. Такія заняткі цяпер унесеныя ў школьныя праграмы. У нас бываюць і свае акцыі – тады таксама людзі прыходзяць, прыносяць ежу.

Яшчэ нам патрэбныя валанцёры, якія выгульваюць сабак, і асабліва цяпер – надыходзіць зіма, калі ў нас мала наведнікаў.

Мая – гадаванка Доміка «Сабачае сэрца». Шукае дом. Фота: Домік «Сабачае сэрца»/Instagram

Але асноўная дапамога, аб якой мы просім – каб людзі забіралі сабак дамоў. Напэўна, для гэтага нам патрэбныя піяршчыкі, якія б шырока распавядалі пра нас, фатографы, якія маглі б здымаць жывёлаў. Бо цяпер мы гэта робім самі, і гэта даволі цяжка – і здымаць, і яшчэ танчыць з бубнамі перад сабакам, каб ён прыгожа стаў ці сеў. А фотаздымкі павінны быць прыгожымі, жывымі, прыцягваць увагу, каб людзі хацелі забраць гэтую жывёлу.

– Ці адсочваеце вы лёс сабак, якіх у вас забіраюць?

– Так, мы падпісваем дамову, запісваем усе дадзеныя. І абавязкова кантралюем. Мы штогод просім фотаздымак сабакі на Новы годі на дзень народзінаў Доміка 11 чэрвеня. Перад гэтымі датамі мы звязваемся з усімі гаспадарамі нашых сабак. Я звычайна бяру спіс і па ўсіх нумарах тэлефаную, пішу.

– А хто ў вас звычайна забірае сабак – беларусы, ці таксама і замежнікі?

– У асноўным беларусы. Некалькі нашых гадаванцаў жывуць за мяжой.

«Людзі, якія прыйшлі ў зоаваланцёрства праз любоў да жывёлаў, не могуць яго кінуць»

Валерыя, сузаснавальніца Доміка «Сабачае сэрца». Фота: асабісты архіў Валерыі.

– Валерыя, а ў вас ёсць хатні гадаванец?

– Так, у мяне дома жыве сабака.

– Домік «Сабачае сэрца» – гэта ўсё ж валанцёрства. У вас жа ёсць і асноўная праца. Ці можаце вы распавесці, дзе працуеце?

– Так, я працую ў Бабруйскай радзільні лекаркай лабараторнай дыягностыкі.

– Валерыя, што вам асабіста дае Домік і зоаабарончая дзейнасць?

– Разуменне, што ў гэтым свеце яшчэ не ўсё згублена. Калі ты бачыш, што людзі адгукаюцца на заклікі аб дапамозе жывёлам, забіраюць іх дамоў у нас, а не ідуць купляць пародзістых, калі ты знаходзіш дом сваім падапечным, з’яўляецца адчуванне справядлівасці.

– Ці не стамляе ўсё гэта? Асабліва калі жывёлаў падкідваюць, а забіраць не хочуць? Не было думак усё кінуць?

– Кінуць гэта не атрымліваецца, нават калі ты адчуваеш, што ў цябе ўжо няма сіл, магчымасцяў. Я лічу, што людзі, якія прыйшлі ў зоаваланцёрства праз любоў да жывёлаў, не могуць сысці. Калі ты ўжо ў гэтым, то гэта проста тваё жыццё.

Неўзабаве ў новай серыі нашага ютуб-серыяла «НА ВОПЫЦЕ» Валерыя раскажа, як вядзецца інстаграм-старонка Доміка «Сабачае сэрца», падзеліцца лайфхакамі для прасоўвання зоаваланцёрскай дзейнасці ў сацсетках. Сачыце за абнаўленнямі ў нашым Інстаграме.