Стары вінзавод «прыбіраюць» ці знішчаюць? На тэрыторыі працуе спецтэхніка, «ніхто нічога не ведае»

Фота: 1387.io

 

Пра тое, што на тэрыторыі старога вінзавода працуе тэхніка, нам расказаў мясцовы жыхар.

– Насамрэч, рух на закінутым вінзаводзе я заўважыў яшчэ ў сярэдзіне лета. Нібыта пачалося ўсё з прыборкі тэрыторыі, бо там здымалі фільмы і перасоўвалі пад іх цэглу. Праз нейкі час працоўныя пачалі актыўна чапаць сцены, і гэта ўжо было вельмі падобна на знос. За мінулы тыдзень амаль цалкам зруйнавалі адзін з старых, цікавых будынкаў. Мы звярталіся ў СМІ, да чыноўнікаў – але, нібыта, ніхто нічога не ведае. Пры гэтым я так і не знайшоў, на чыім балансе будынкі, да каго звяртацца з пытаннем? На брамах вісіць нават відэакамера, хто праз яе і што адсочвае – незразумела.

 

Той самы “храм Бахуса” ў жніўні 2022 года. Фота: 1387.io

 

На фота bobr.by: так гэты ж будынак выглядаў у сакавіку 2020 года. 

 

– Чаму я лічу гэтае месца ўнікальным? Акрамя таго, што завод цікавы па архітэктуры, ён збудаваны з цэглы чатырох дарэвалюцыйных фабрык – братоў Лазінскіх, Разенберга, Пружыніных, Акуліча – гэта толькі тое, што я сам бачыў.

Гэтыя будынкі перажылі рэвалюцыю, Другую сусветную вайну, крызісы… Але не танкі, а людзі на бульдозерах знішчаюць нашу гісторыю.

Куды пойдзе гэтая цэгла, зноў на платы? Бо па вуліцы Пушкіна менавіта такімі, зробленымі з старой цэглы, агароджаныя вялікія прыватныя дамы… Не думаю, што гэта паляванне на цэглу. Хутчэй за ўсё, там з’явіцца чарговы гіпермаркет. Больш «яны» нічога не здольныя прыдумаць.

Дарэчы, за той час, як завод стаў закінуты, тут, па чутках, адбываліся кепскія рэчы – забойствы, смерці ад падзенняў з будынкаў. Я і сам бачыў падлеткаў, якія лазілі там, спрабавалі ўскараскацца на дах, што выглядала даволі небяспечна. Таксама тут гуляюць у страйкбол, і, нібыта «каробкі», у якіх гэта адбываецца, збудаваныя ў другой палове 20 стагоддзя – чапаць не будуць. Яны знаходзяцца бліжэй да чыгункі, з сілікатнай цэглы. Яшчэ адзін будынак – па выгляду з самых новых, таксама не чапаюць. Відаць, гэтыя «каробкі» выдатна ўпісваюцца ў бачанне прыгожага новых гаспадароў, – з сумам кажа суразмоўца.

 

Фота: 1387.io

 

Хто ж гэтыя новыя гаспадары? У 2020-м годзе бабруйскі вінзавод спрабавалі прадаць праз аўкцыённую пляцоўку ЗАТ «Белрэалізацыя», спачатку за 47 379,50 (пакупнікоў не знайшлося), другі раз – за 14 213,85 рублёў. Абвестка пра тое, што «чакаюцца паўторныя таргі», да гэтага дня ёсць на сайце пляцоўкі. Тагачасны ўладальнік завода, ТАА «МіртаБуд» – ліквідаваны.

 

Фота: 1387.io

 

У пачатку жніўня, пра сітуацыю з вінзаводам пісала газета «Камерцыйны кур’ер». Карэспандэнт датэлефанаваўся да Яўгена Папкова, антыкрызіснага кіраўніка «МіртаБуд», які расказаў, што крэдыторы банкрута адмовіліся ад вінзавода: «У такім выпадку ён павінен быць перададзены ў гарадскую камунальную ўласнасць – на падставе артыкула 150 Закона Рэспублікі Беларусь аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)». Журналіст звярнуўся таксама ў гарвыканкам, дзе яму паведамілі, што «былы завод ва ўласнасць горада пакуль не перайшоў».

Але ж тэхніка там працягвае гудзець і сёння… Як адзначыў наш суразмоўца, мясцовы жыхар – «аж сэрца сціскаецца».

 

Арт ад мастачкі Дар’і Роскач, апублікаваны ў яе інстаграме

 

Фота: 1387.io

 

Ці ёсць попыт на старую цэглу? Адказ знаходзім на сайце Ау.by. Адзін з аўкцыёнаў ад бабруйскага прадаўца, які прапаноўваў цэглу Разенберга – ужо завершаны, кошты ўбачыць немагчыма.

 

 

Іншы прадавец – з Асіповічаў, яшчэ прапануе цэглу ад розных бабруйскіх заводаў – па 15 рублёў за штуку.

 

 

У 2019 годзе, як пісаў BOBR.BY, набыць такую цэглу можна было па рублю за адзінку. Таму ўсё ж такі спакуса на тое, каб зруйнаваць і зарабіць – будзе лётаць у паветры, пакуль усе стогадовыя будынкі не возьмуць пад ахову дзяржавы. У вінзавода, на жаль, такога статуса няма.

 

На фота 1387.io: этыкеткі напояў, якія выраблялі на вінзаводзе.