Старыя камяніцы, казармы, сталоўкі, заводы. Што з цікавай бабруйскай нерухомасці прадаецца ўласнікамі ды на аўкцыёнах
Калі паглядзець на тое, што сёння прадаецца на аўкцыёнах нерухомасці з пазнакай “Бабруйск” – робіцца сумна. Акрамя шэрагу камяніц, якім 100 і больш год, пад малаток ідуць вялізныя аб’екты, кшталту нерухомасці ад завода гуматэхнікі, будаўнічага трэсту ці былых казармаў. Многія лоты ўжо выглядаюць непрывабна – месцамі зруйнаваныя, адсырэлыя, па ім бачна, што не першы год чакаюць новых гаспадароў.
А ці знойдуцца новыя? Ці іх напаткае лёс старога вінзавода, які таксама некалькі разоў удзельнічаў у аўкцыёнах, а ў выніку быў проста зруйнаваны? Вось толькі некалькі прыкладаў будынкаў, якія, на наш суб’ёктыўны погляд, варта было б захаваць і даць ім другое жыццё.
Старая камяніца на Бахарава-97
Хутчэй за ўсё, у пачатку 20 стагоддзя гэта быў класічны габрэйскі дом: на першым паверсе майстэрня ці крама, на другім – жылі самі гаспадары. Калі вы ведаеце сапраўдную яго гісторыю, напішыце нам у інстаграме.
Апошнія ўладальнікі мелі тут краму. Зараз цяжка сказаць, як выглядала мансарда раней, але цяпер хатка падобная на Ноеў каўчэг з тамбурам з ПВХ. Нейкім цудам захаваліся арыгінальныя элементы на фасадзе першага паверха.
Пачатковая цана: 108 600 беларускіх рублёў, задатак – 10 860. Аўкцыён адбудзецца неўзабаве, 6 сакавіка.
Тры аб’екты ў Ленгарадку (вайсковы гарадок №2) на Маскоўскай-41/2
Калі ўлічваць час, у які будаваўся гэты вайсковы гарадок, можна меркаваць, што ўсім лотам таксама не менш за стагоддзе. На жаль, на сайце дзяржкамітэта па маёмасці не пазначаны іх узрост, як і цана.
На продаж прапануюцца склад, гараж і вялікі будынак міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната (з плошчай 932.3 м2).
Кватэра ў камяніцы на Бахарава 39-5
Кватэра ў цагляным доміку з спарахнелай драўлянай прыбудовай прадаецца за 13 700 рублёў.
Судзячы па фота, у нармальным стане захавалася там не ўсё: палога месцамі гнілая, сцены абсыпаюцца. Агульная плошча 30 м². Першы аўкцыён быў прызначаны на мінулую восень, але не адбыўся – не знайшлося жадаючых паўдзельнічаць.
Невялікая кватэрка ў старой камяніцы на Сацыялістычнай 81-1
Як і папярэдні лот, гэтую “двушку” на першым паверсе, плошчай 33.6М², спрабавалі прадаць мінулай восенню. Але аўкцыён не адбыўся, бо толькі адзін чалавек даў згоду на ўдзел. Пачатковая цана – 15 100 рублёў.
Офіс у старой камяніцы на Карла Маркса-38
У адрозненні ад мінулых будынкаў, гэты прадаюць уласнікі. Офіс плошчай 296 м², што займае ўвесь другі паверх, прапануецца набыць па дагаворнай цане. Судзячы па апісанні, усе памяшканні ў добрым стане, у іх ёсць усе камунікацыі, лічыльнікі і зроблены рамонт.
Офіс на Савецкай-72
Разынка гэтага памяшкання не толькі ў тым, што яно размяшчаецца ў адным з атмасферных пасляваенных будынкаў старога цэнтра (1957 год) – калі не ўлічваць знявечаны фасад у могілкавым стылі на тым самым офісе.
Прадаецца памяшканне разам з “надзейнымі арандатарамі” – тут ужо цягам сямі год размяшчаецца офіс “Wildberries”. “Разглядаем розныя варыянты аплаты (безнал, растэрміноўка), цану можна абмяркоўваць”, – піша агенства нерухомасці. Пазначаная цана – ад 350 227 рублёў.
Памяшканне ў старой камяніцы на Савецкай-69
Фасад гістарычнага будынка ўжо значана папсаваны, але месцамі на ім захаваліся “родныя” элементы, якія паказваюць на тое, што ўзводзіўся ён не пазней за першую палову 20 стагоддзя.
Уласнікі здаюць у арэнду/прадаюць тут памяшканне плошчай 136 м², на другім паверсе. Пазначаная цана – 268 973 рублёў, з магчымасцю пагандлявацца.
Былыя казармы 1941-га года на вуліцы Кірава
Уласнік хоча атрымаць за будынак з плошчай 4 500 м² суму ў 896 576 рублёў. Ён цагляны, з высокімі столямі – у тры з паловай метры. Пакуль будынак у добрым стане, з усімі камунікацымі ды інтэрнэтам.
Адзін з будынкаў Бабруйскай крэпасці на Апермана-16
Яшчэ адзін уласнік гістарычнай нерухомасці гатовы развітацца з ёй за цану ад 200 долараў за квадратны метр. Агульная плошча будынка – 1 135 м². Прадавец адзначае, што ён добра пасуе пад рэстаран ці краму.
Акрамя гэтых будынкаў ці офісаў, што размяшчаюцца ў гістарычных камяніцах, у Бабруйску сёння прадаецца нямала вялікіх памяшканняў, кшталту былой сталоўкі ад “Белшыны” на Гагарына:
Цэлы комплекс будынкаў ад завода гуматэхнікі на Мінскай, разам з сталоўкай:
Будаўнічы трэст №13 на Глускай:
Ды многае іншае, што паказвае на эканамічны заняпад у горадзе.
Пішы ў нашым інстаграм, што думаеш наконт захавання такіх будынкаў у Бабруйску.