У Бабруйску пройдзе VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі. Чым ён адрозніваецца ад папярэдніх?
З 11 па 16 лістапада ў Бабруйску пройдзе VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі ім. В.Дуніна-Марцінкевіча. Ён планаваўся яшчэ ў 2021 годзе, але быў нечакана адменены. Гэта першы фестываль пасля эпідэміі ковіду і падзеяў 2020 года, якія закранулі ў тым ліку і беларускі тэатр. Мы паглядзелі, што ў сёлетняй фестывальнай праграме, і параўналі яе з мінулымі гадамі.

«Чорная Панна Нясвіжа» з новымі акторамі Купалаўскага тэатра
У VIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ім.В.Дуніна-Марцінкевіча, які з 1998 года праходзіць у Бабруйску, сёлета прымуць удзел 11 тэатраў. Усе яны – беларускія: з Берасця, Гомля, Менска, Магілёва, Бабруйска. Замежных тэатраў у праграме фестывалю няма. У конкурсе будуць удзельнічаць 10 тэатраў, з іх 7 – у праграме «Спектакль тэатра драмы», 3 – у праграме «Эксперымент». Бабруйскі тэатр пакажа пазаконкурсны спектакль. Паводле бабруйскіх уладаў, падчас фестывалю будуць працаваць творчая лабараторыя, адбудуцца чыткі новых п’ес, пройдуць тэматычныя лекцыі. Аднак у афішы яны не ўказаныя.
Адкрыецца фестываль 11 лістапада а 18-й гадзіне спектаклем Нацыянальнага акадэмічнага тэатру ім.Я.Купалы «Чорная Панна Нясвіжа» па п’есе Аляксея Дударава. Гэта гісторыя кахання Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл. Спектакль вельмі прыгожы і эфектны, але не новы. Упершыню ён быў пастаўлены на сцэне купалаўскага тэатру ў Менску ў 2000 годзе рэжысёрам Валерыем Раеўскім.

На некаторы час спектакль прыбіралі з рэпертуара. У 2021 годзе ён зноў вярнуўся на сцэну тэатра ім.Я.Купалы, але з абноўленым акторскім складам. Барбару Радзівіл некалі грала Святлана Зелянкоўская, жонка лідара гуртоў «Ляпис Трубецкой» і «Brutto» Сяргея Міхалка. Цяпер гэтую ролю выконвае актрыса з Гомля Таісія Увядзенская. Яна вучылася ў Расеі, грала ў маскоўскіх тэатрах, там жа здымалася ў серыялах, а ў Купалаўскі тэатр прыйшла праз кастынг, абвешчаны ў лістападзе 2020 года. Купалаўскі тэатр праводзіў некалькі кастынгаў па наборы актораў, бо амаль уся трупа, а таксама мастацкі кіраўнік – агулам амаль 60 чалавек, сышлі пасля пратэстаў 2020 года. Звольнілася тады і акторка Зоя Белахвосцік, якая раней грала ў «Чорнай Панне Нясвіжа» каралеву Бону Сфорцу.
Квіткі на фестывальную «Чорную Панну Нясвіжа» каштуюць ад 10 да 20 рублёў.
Што нам пакажа VIIІ фестываль нацыянальнай драматургіі? Афіша

12 лістапада
- 12:00 – Берасцейскі акадэмічны тэатр драмы ім.Ленінскага камсамола Беларусі, драматычная балада «Не покидай меня…» (А.Дудараў/рэж.А.Козак). Кошт: 6 – 12 рублёў.
- 18:00 – Менскі абласны драматычны тэатр, драма «Сёстры Дастаеўскія» (Я.Конеў/рэж.В.Анісенка). Кошт: 10 – 15 рублёў.
- 18:00 – на сцэне Палаца мастацтваў – Новы драматычны тэатр г.Менска, камедыя «Нобелевская неделя» (В.Пепеляеў/рэж. С.Кулікоўскі).

13 лістапада
- 12:00 – Тэатр-студыя кінаактора Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», сатыра ў адным дзеянні «Театр купца Епишкина» (Я.Міровіч/рэж.А.Бяспалы, У.Грыцэўскі). Кошт: 8 – 12 рублёў.
- 14:00 – на Малой сцэне тэатра драмы і камедыі ім.В.Дуніна-Марцінкевіча – Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр, іранічная драма «Путаница» (А.Макейчык/рэж.Д.Фёдараў). Кошт: 20 рублёў.
- 19:00 – Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача, музычны спектакль «Альпы.Сорак першы» (В.Быкаў/рэж.Т.Самбук). Кошт: 8 – 15 рублёў.

14 лістапада
- 18:00 – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр ім.Я.Коласа, цёмная гісторыя са святлом у канцы тунэля «Метро» (А.Савуха/рэж.А.Жыгур). Кошт: 10 -15 рублёў.
15 лістапада
- 18:00 – Магілёўскі абласны драматычны тэатр, камедыя ў адным дзеянні «Прымакі» (Я.Купала/рэж.Т.Пацай). Кошт: 10 – 12 рублёў.
- 18:30 – Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім.В.Дуніна-Марцінкевіча, лірычная драма «Песя і Янко» (А.Шульман, Я.Карпінскі/рэж.Т.Дарагабед)

16 лістапада
- 18:00 – Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, ваенная аповесць «Альпійская балада» (В.Быкаў/рэж.С.Науменка). Кошт: 10 – 20 рублёў.
Пасля «Альпійскай балады» 16 лістапада адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў і ўрачыстае закрыццё фестывалю.
Як і калі пачынаўся фестываль?
Афіша выглядае не самай насычанай у параўнанні з мінулымі гадамі. Пачынаючы з прэм’еры ў 1998 годзе ён развіваўся, пашыраўся, удзельнікаў станавілася ўсё больш, трэці фестываль увогуле быў міжнародным. Найбольш маштабнымі былі фестывалі 2008, 2017 і 2019 гадоў. Сёлета, нягледзячы на бяднейшую праграму, у Бабруйск прыедуць галоўныя беларускія тэатры. Будзе і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, які некалі паказваў на бабруйскай сцэне спектаклі па п’есах Юліі Чарняўскай («Синдром Медеи» у 2017 годзе, «Сирожа» у 2019), Віктара Марціновіча («Кар’ера Доктара Рауса» у 2017 годзе. З гэтага спектакля, дарэчы, фестываль тады адкрываўся).

У 2021 годзе планавалася, што РТБД у Бабруйску пакажа сатырычную камедыю «Мудрамер» па п’есе М.Матукоўскага ў пастаноўцы рэжысёра Аляксандра Гарцуева, які працаваў мастацкім кіраўніком тэатра беларускай драматургіі. У снежні 2021 года Гарцуева звольнілі, а РТБД едзе да нас з «Альпійскай баладай».
Давайце ўзгадаем, як Фестываль нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску пачынаўся і праходзіў у мінулыя гады.
Першы фестываль нацыянальнай драматургіі прайшоў у Бабруйску ў 1998 годзе, калі адзначалася 190-годдзе з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Фестываль арганізавалі Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі выканкам, Бабруйскі выканкам, Беларускі саюз мастацка-літаратурных крытыкаў. Тады спектаклі па п’есах беларускіх аўтараў паказалі шэсць тэатраў з розных куткоў краіны.
У 200-я ўгодкі нараджэння Дуніна-Марцінкевіча фестываль стаў міжнародным

Другі фестываль адбыўся ў 2001 годзе. У ім прынялі ўдзел 9 беларускіх тэатраў.
Трэці фестываль, у адрозненні ад папярэдніх двух, вырашылі правесці без конкурса і як міжнародны. Прайшоў ён у 2008 годзе, калі адзначалася 200 гадоў са дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча. Акрамя беларускіх, удзельнікамі фестывалю сталі тэатры з Малдовы, Латвіі, Украіны, Расеі. У афішы разам з беларусамі былі замежныя творцы.
У 2011 годзе прайшоў IV фестываль нацыянальнай драматургіі. Ён сабраў 12 тэатраў – 9 беларускіх і тры з Украіны, Латвіі і Расеі. На чытках загучалі новыя імёны – былі прадстаўленыя п’есы Дзіяны Балыка, Андрэя Курэйчыка, Юліі Чарняўскай, Дзмітрыя Багаслаўскага. Па выніках фестываля з дапамогай бабруйскага тэатра выйшаў зборнік п’ес маладых беларускіх аўтараў.
V фестываль нацыянальнай драматургіі Бабруйск сустракаў у 2015 годзе. Тады 9 тэатраў паказалі 10 спектакляў. Лепшым быў прызнаны спектакль «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы В.Баркоўскага. У фестывалі прынялі ўдзел Цэнтр беларускай драматургіі і Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры. П’есы беларускіх аўтараў былі прадстаўленыя ў новым сучасным накірунку ў выглядзе тэатралізаваных чытак. У 2015 годзе было вырашана праводзіць фестываль кожныя два гады.
Віктар Марціновіч і Святлана Алексіевіч у афішы
VI фестываль праходзіў у 2017 годзе. Ён цягнуўся 6 дзён, у ім удзельнічалі 10 тэатраў. Адкрыўся фестываль спектаклем «Кар’ера доктара Рауса» па п’есе Віктара Марціновіча ў выкананні калектыва РТБД.
Упершыню ў фестывалі прынялі ўдзел тэатры лялек з Менска і Горадні. З праектам для дзяцей выступіў Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў з Менску і паказаў 2 спектаклі для юнага гледача. Было шмат чытак п’ес, творчых лабараторыяў. Праводзіліся адкрытыя абмеркаванні спектакляў – удзельнікаў конкурса, тэматычныя лекцыі. Былі таксама спектаклі для дзяцей, іх паказвалі ў тым ліку ў бабруйскіх дзіцячым доме і школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі слыху.

У пазаконкурсным паказе быў прадстаўлены спектакль па кнізе Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар».
Таксама ў праграму фестываля ўключылі ўнікальны спектакль-праменад «ПроБобруйск» у выглядзе тэатралізаванага шпацыру па горадзе. Правёў яго Цэнтр беларускай драматургіі.
Мерапрыемствы фестывалю праходзілі ў тайм-клубе «1387»

Праз 2 гады, у 2019 годзе, адкрыўся VII фестываль. Праходзіў ён з 1 па 6 лістапада. Удзел у ім прынялі 11 тэатраў – як беларускіх, так і замежных, аднак праграма складалася толькі са спектакляў па п’есах беларускіх творцаў. Творчая лабараторыя ў рамках фестываля – майстар-клас па тэатральнай крытыцы і лекцыя пра новую драматургію – у 2019 годзе праходзілі ў тайм-клубе «1387».

За ўвесь час існавання фестывалю па п’есах беларускіх аўтараў у Бабруйску былі паказаныя 40 лепшых спектакляў беларускіх тэатраў і 8 – з пяці замежных краінаў.
У 2022 годзе з бабруйскага тэатра ім.В.Дуніна-Марцінкевіча былі звольненыя два вельмі дасведчаныя акторы, якія адпрацавалі шмат гадоў – Вадзім Бабініч і Ала Грахава. Ім абодвум не працягнулі кантракты. Па спасылках тут і тут чытайце нашыя з імі інтэрв’ю. І спадарыня Ала, і спадар Вадзім выказвалі расчараванне ў сучасным беларускім тэатральным мастацтве, а таксама непакой за будучы лёс бабруйскага тэатра, з якога «робяць арэнднае прадпрыемства» – усё менш спектакляў ставяцца на вялікай сцэне, усё больш памяшканні тэатра здаюцца ў арэнду пад самыя розныя мерапрыемствы.