“У дзяцей таксама ёсць жыццё”, “атрымліваецца, сям’я адмовілася ад цябе”. Абмяркоўваем пансіянаты і дамы для састарэлых

Фота: Juan Pablo Serrano Arenas/pexels.com

 

Старасць. Нібы само гэтае слова нясе ў сабе адбітак нечага самотнага, звязанага з адзінотай, нямогласцю, набліжэннем смерці. Хоць, калі па справядлівасці, ад адзіноты, хваробаў ці няшчасных выпадкаў не застрахаваны ніхто – дзяцінства і маладосць не ёсць гарантыяй бесклапотнага жыцця. Але стэрэатыпы: юнацтва = шчасце, старасць = няшчасце, даволі моцная мадэль. Давай прызнаемся, і ты, і я  – што мы са страхам думаем пра гэты, будучы час.

Я стаўлюся да дамоў для састарэлых са спагадай. Шкада, што гэтыя людзі дажываюць сваё жыццё не сярод сямейных клопатаў.

Мне гэткага нават уяўляць не хочацца, буду рабіць усё, каб мае бабулі і дзядулі не патрапілі ў такое месца. Я так кажу не таму, што дрэнна стаўлюся да пансіянатаў, не. Проста гэта дзве розныя рэчы: дом, сям’я, хатнія клопаты – і дом састарэлых. Вельмі шкада людзей, у якіх няма нікога, ці ад якіх адмовіліся дзеці/ўнукі.

Жыць у доме для састарэлых – цалкам нармальна, калі ў чалавека сталага веку нікога не засталося з родных, калі патрэбная  дапамога і падтрымка. А калі ёсць дзеці, дарослыя ўнукі, якія адмаўляюцца за ім даглядаць, і аддаюць у такое месца… Гэта проста не ўкладваецца ў галаве!

Артур, 16 год

Нядаўна сяброўка расказала пра выпадковага знаёмага, бацька якога паехаў жыць у прыватны пансіянат. Гэты эпізод бабруец адкрыў незнаёмым людзям без нейкага смутку ці сораму, бо, як ён заўважыў – цяпер добра ўсім. Ён можа працягваць зарабляць, а яго тата мае кампанію і добры нагляд. Звычайна людзі пра такое не расказваюць, праўда ж?  І тым больш – у такім пазітыўным ключы. “Аказалася, мы нічога не ведаем пра дамы састарэлых”, – рэзюмавала сяброўка. – “Бо людзі не ўяўляюць, што за ўмовы ў такіх месцах, таму не давяраюць ім. Нам падаецца, што там не можа быць нармальна, і што наагул – гэта бязлітасна, адпраўляць туды блізкіх”.

 

Мне цяжка ўявіць перспектыву апынуцца ў пансіянаце, бо жыву з мужам і дачкой. Таксама маю яшчэ сілы. А калі яны ёсць на тое, каб за сабой даглядаць, усё ж лепей дома. Дапамогуць сацыяльныя работнікі, суседзі не кінуць дзеля аднаразовай дапамогі.

Але, падумаўшы, схіляюся да пансіяната, у дзяцей таксама ёсць жыццё. Ведаць бы яшчэ, што гэта такое? Сапраўды пансіянат, або проста багадзельня? Я пра гэта мала ведаю.

Тамара, 68 год

Што мы ведаем пра дамы для састарэлых?

У беларускіх СМІ можна без праблемаў знайсці кантактную інфармацыю дзяржаўных і прыватных дамоў для састарэлых. Калі зайсці на сайты, першае, што кідаецца ў вочы – на многіх у якасці ілюстрацый выкарыстоўваюцца фота відавочна “замежных” людзей сталага веку. Гэткія шчаслівыя пані і паны, якія ўсміхаюцца і выглядаюць прывабна. А мы-та ўжо звыкліся бачыць гэтую “сумную старасць”, таму мозг сустракае фотачкі з недаверам: “Нешта тут не так!” Але, судзячы па коштах пражывання (да іх мы яшчэ вернемся), догляд мусіць быць якасны, бо іначай за што столькі плаціць?

Пра дзяржаўныя, у асноўным, такія навіны: нейкія службы ці арганізацыі (напрыклад, МЗС) наведалі жыхароў, каб уручыць падарункі да нейкіх святаў. Ці публікацыі такога кшталту, дзе журналісты перадаюць невясёлую атмасферу Дома для састарэлых і людзей з інваліднасцю: “некаторыя плакалі”, “адна бабуля паскардзілася, што хоча есці, а кормяць збольшага капустай”, “мужчына папрасіў пару рублёў на цыгарэты”. “І быццам бы ўсё там нядрэнна, але такая туга ў вачах у няшчасных людзей, якія вымушаныя дажываць свае апошнія гады ў казённых сценах!” – піша выданне.

Я за тое, каб наняць сядзелку або сацработніка. У інтэрнаце толькі за вялікія грошы будуць добра даглядаць. А ў звычайным інтэрнаце доўга не жывуць.

Марыя, 63 гады

Таксама можна знайсці інфармацыю пра ўрачыстыя прэзентацыі новых месцаў. Напрыклад, у 2018 годзе аддзяленне кругласуткавага знаходжання для сталых ды людзей з інваліднасцю адчынілася ў Нясвіжскім раёне. З артыкула даведваемся, што “у Беларусі створаныя 62 такія пансіянаты, дзе жывуць больш за 2 тысячы чалавек, а ў Мінскай вобласці дзейнічае 10 устаноў на 316 чалавек”.

У астатнім, падаецца, тэма дзяржаўных пансіянатаў даволі закрытая. Больш інфармацыі можна знайсці па прыватных – у рэпартажах, у адрозненні ад сайтаў, жывыя фотаздымкі і гісторыі людзей. Некаторыя, дарэчы, прапануюць нават экскурсіі.

 

Фота: Matthias Zomer/pexels.com

 

Калі мне выпадзе састарэць так, што патрэбны будзе дагляд, я выберу пансіянат. У мяне ёсць досвед догляду бацькоў. Мама да апошняга дня ўставала, потым яе павезлі ў бальніцу і там яна памерла. Не самы горшы варыянт. Хоць яна страшна змянілася вонкава і псіхалагічна.

Бацька два месяцы пасля аперацыі (неаперабельны рак) імкліва здаў, апошнія два тыдні ляжаў у памперсах. Я дагэтуль памятаю гэты жах – як любімы тата ператвараецца ў гародніну на вачах. Нікому не пажадаю такой смерці, нікому з дзяцей – даглядаць такога бацьку. Гэта павінны рабіць спецыялісты. Інакш гэта траўма на ўсё жыццё.

Ганна, 60 год

Вось, напрыклад, артыкул пра пансіянат “Домашний уют”, расказвае пра харчаванне і быт жыхароў, пра медыцынскую дапамогу для тых, хто ходзіць, і для “ляжачых”: “Пакоі разлічаны на 2-3 чалавек. У кожным – зручныя ложкі з артапедычнымі або супрацьпролежневымі матрацамі, няхітрая мэбля. Стараемся, каб абстаноўка была максімальна набліжана да хатняй. На сняданак – сырнікі з гарбатай, на абед — суп, бульбяное пюрэ з паравой катлетай, кампот. Харчаванне пяціразовае, дыетычнае. Кулінарныя перавагі жыхароў улічваюцца”.

Дырэктар пансіяната кажа і пра негатыўны імідж такіх месцаў: “На жаль, у масавай свядомасці замацавалася негатыўнае стаўленне… У народзе замацаваўся дзеяслоў “здаць”. Дамы-інтэрнаты пагардліва называюць багадзельнямі. Лічаць, што бедных бабуль і дзядуляў не кормяць, ім своечасова не аказваюць медыцынскую дапамогу. Гэта вялікі зман”.

Яшчэ адзін прыватны пансіянат, які наведалі журналісты – “Доброта”. Вось як апісвае побыт дырэктар: “Усе ўмовы максімальна набліжаны да хатніх. Ёсць задні дворык, дзе можна шпацыраваць, месца, каб пагуляць у шашкі, шахматы, карты. У кожнай палаце стаіць тэлевізар. Перыядычна ладзім забаўляльныя мерапрыемствы, накшталт дыскатэкі. Нашы падапечныя заўсёды знаходзяцца пад наглядам. Сытыя, таму што прадугледжана пяціразовае харчаванне, і ахайныя, бо мы дапамагаем з гігіенічнымі працэдурамі. У нашы абавязкі ўваходзяць і працэдуры, накіраваныя на падтрыманне здароўя: сочым за прыёмам лекаў (іх, як правіла, купляюць сваякі), мераем ціск. Самі не лечым, толькі ажыццяўляем догляд па рэкамендацыях лекараў. Іх мы запрашаем з паліклінікі, з якой заключаная дамова”.

Адзначаецца, што ў пансіянаце дазволеныя наведванні, а таксама сваякоў можна забіраць дахаты, напрыклад, на выходныя ці святы.

У гэтым жа артыкуле ёсць адказ на пытанне, чаму ў пансіянат трапляюць людзі пры жывых дзецях і ўнуках: “Сітуацыі ў кожнай сям’і розныя. Пажылыя людзі не могуць сябе самі абслугоўваць, сачыць за імі няма каму і страшна пакідаць адных, напрыклад, па прычыне дэменцыі. Хтосьці прымае рашэнне пра пераезд самастойна”.

Адна з гісторый апавядае пра жанчыну, якая з прычыны дэменцыі, пакуль яе дзяцей не было дома, некантралявана піла таблеткі, нешта падпальвала, паводзіла сябе агрэсіўна.

 

Фота: Джэйлан Сільвановіч/smartpress.by

Яшчэ адзін матэрыял – пра пансіянат пад Мінскам. У ім – аповеды з вуснаў жыхароў: “Таварыская Ганна Аляксандраўна распавядае, што на лета яна з’едзе жыць на дачу. Тут толькі зімуе. Пакуль жыве на лецішчы, адкладае частку грошай з пенсіі ў 470 рублёў сабе на пражыванне ў пансіянаце. Астатняе даплачвае сын. – “Калі муж памёр, я з вёскі з’ехала, пажыла ў сына гады два, але там унукі ўжо дарослыя, кожнаму па асобным пакоі трэба, а тут і праўнучак нарадзіўся, што я, старая, там церціся буду з імі, не хачу быць у цяжар. А тут у мяне і зносіны, і кормяць добра, і нават любімай справай дапамагаюць займацца — вязаннем. Спіцы мне купілі, я за зіму дваццаць пар шкарпэтак звязала. Вунь і суседка мая ў чырвоных – бачыце? Гэта маіх рук справа! А сваякі мяне наведваюць, крыўдзіцца грэх”.

Аўтары гэтага артыкула раяць сваякам сталага чалавека, перад яго перасяленнем у пансіянат, дакладна прапісаць усе ўмовы знаходжання ў дамове аб аказанні паслуг з індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай. Дзеяздольны патэнцыйны жыхар пансіяната мусіць даць пісьмовую згоду на догляд за ім. Гэты дакумент, пры неабходнасці, дапаможа вырашыць канфліктную сітуацыю і абараніць яго правы.

А ў матэрыяле пра пансіянат “Купальня” дырэктарка сама расказвае, чаму вырашыла яго стварыць. “Двойчы з труны паўставала”, – тлумачыць яна жаданне зрабіць “вельмі важную справу”.

“Людзям, якія сутыкнуліся з такой праблемай, гэта здаецца дзікасцю — аддаваць блізкага ў дом састарэлых. Думаю, гэта ад неразумення. У людзей проста няма рэсурсаў – грошай, часу, маральных сіл для таго, каб паўнавартасна даглядаць за нямоглым сваяком. Нават, калі ты вырашыў прысвяціць догляду ўвесь час і кінуў працу, табе будуць плаціць 170 рублёў. Гэты час не пойдзе ў стаж, і ты разумееш, што такім жа нямоглым і маламаёмасным чалавекам у старасці станеш ужо ты. Таму сваякоў, якія прывозяць сюды сваіх блізкіх, я ні на секунду не асуджаю”, – цытуе выданне словы дырэктаркі.

Калі пансіянат добры, з добрым стаўленнем персаналу – то гэта нармальны варыянт. Галоўнае, каб прыходзілі дзеці, наведвалі, проста як у госці, дадому. З умоў бадай самае важнае – увага. І пакоі не на 10 чалавек, у ідэале на два, каб не было сумна. Важна, каб у пансіянаце праводзіліся мерапрыемствы, каб чалавек не сядзеў днямі ў гэтым пакоі, а было, чым заняцца. Нешта распавядаць, паказваць, далучаць насельнікаў пансіяната ў дзейнасць.

Валянціна, 65 год

З аднаго боку, я станоўча да пансіянатаў стаўлюся, таму што пажылыя людзі там пад наглядам і заўсёды ў коле аднагодкаў. У гэтым выпадку ў іх больш тэм для размоў, агульныя захапленні… З іншага – я чула пра выпадкі, калі ў гэтых установах здзекаваліся з старых (крычалі, шпурлялі, ігнаравалі просьбы аб дапамозе і г.д). Я не ведаю, ці ў кожным доме састарэлых такое практыкуецца, але хочацца верыць, што гэта толькі адзінкавы выпадак і халатнасць пары супрацоўнікаў.

Думаю, гэта цалкам нармальная практыка – жыць у такіх месцах, калі самастойна не атрымліваецца. Сітуацыі бываюць розныя: у кагосьці няма дзяцей, каб дапамагчы, хтосьці наадварот не хоча напружваць сваіх дзяцей, або яны жывуць вельмі далёка. Я б, напэўна, і сама ў сталым веку з’ехала б у нейкае такое месца, каб мае дзеці, (калі яны будуць), не страчвалі сваё жыццё, якое ў нас адно, на тое, каб карміць, паіць і даглядаць мяне да самай смерці.

Але. Важна, каб выбар адправіцца ў дом састарэлых быў зроблены менавіта тым чалавекам, якому трэба будзе там жыць.

Наста, 22 гады

Калі пансіянат камфортны, прыстойны, гэта патрабуе добрых назапашванняў. У аплату такіх месцаў альбо ты сваю пенсію ўкладаеш, альбо сваякі. У “адзіночку” (прым. аднамясцовы пакой) не хацелася б трапіць у такім месцы, але і для таго, каб жыць з кімсьці ў адным пакоі, трэба супасці. Важна, каб там была добрая медыцынская дапамога, асаблівы падыход для ляжачых.

Ніна, 70 год

Колькі каштуе (за месяц пражывання)

Прыватны пансіянат – гэта вельмі не танна.

Напрыклад, “Забота и уход” прапануе тры пакеты: “Базавы” ад 1 100 рублёў (камфартабельнае пражыванне, 5-разовае харчаванне, паўнавартасны догляд, поўнае бытавое і гігіенічны абслугоўванне, маніторынг жыццёва важных паказчыкаў, забаўляльныя мерапрыемствы) ; “Пашыраны” ад 1 200 рублёў (магчымасць выбару пакоя, складанне індывідуальнага меню, арганізацыя хобі, псіхалагічная падтрымка…); “Пашыраны+” ад 1 400 рублёў (дадаецца арганізацыя хобі, псіхалагічная падтрымка, догляд пасля перанесеных цяжкіх хваробаў).

У пансіянаце “Доброта” стандарт для тых, хто ходзіць – 1 100 рублёў (разнастайнае дыетычнае харчаванне, дапамога прафесійнай сядзелкі, спецыялізаваныя працэдуры, пражыванне ў камфартабельным нумары, абсталяваным медтэхнікай). Для ляжачых стандарт 1 200 рублёў. Для жадаючых жыць у двух і аднамясцовых пакоях кошт вышэй, таксама як і для тых, хто з урэтральнымі катэтарамі і цэтастомамі.

Але і ў дзяржаўных дамах для састарэлых кошты не нашмат танней. Напрыклад, у “Дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”, які знаходзіцца ў сасновым гаі каля возера, такія тарыфы:

Поўны кошт – 32,37 рублёў у суткі; ільготны кошт – 29,57 рубля за суткі (для інвалідаў 1 і 2 груп). Пакой павышанай камфортнасці – 35,67 рубля за суткі.

Натуральна, здараюцца выпадкі, калі чалавек застаўся адзін, ці, напрыклад, мае кепскія стасункі з сваякамі. Пенсіі больш за тысячу рублёў у Беларусі атрымліваюць адзінкі, самастойна не справіцца. У такіх выпадках пансіянаты прапануюць падпісаць дамову пажыццёвай рэнты. То бок, пасля смерці, маёмасць, узгаданая ў дамове (яна мусіць быць без даўгоў, іншых уладальнікаў і тэдэ), пераходзіць у валоданне пансіяната.

Я б абрала пансіянат. Не хочацца быць клопатам для дзяцей, ды і сабе будзе не камфортна. А там і догляд, і зносіны.

Ганна, 63 гады

Адназначна адказаць не магу. Усё будзе залежыць ад здароўя. Калі старэчая немач і хваробы моцныя (прыкаваны да ложка ды яшчэ з дэменцыяй з поўным неразуменнем), то – сядзелка.

Калі яшчэ можаш неяк даглядаць за сабой, хадзіць па хаце, то, каб палегчыць жыццё дзецям, можна скарыстацца паслугамі сацыяльнага работніка. Вядома ж, усё гэта пад кантролем блізкіх, з наведваннем, тэлефанаваннямі самага дарагога чалавека. А з якой перыядычнасцю, глядзець па стане хворага, наколькі ён нямоглы і маральна падаўлены, званкі штодзённыя.

У любым выпадку, толькі не дом састарэлых, якім бы добрым ён не быў. Мы хочам і ў старасці адчуваць клопат пра сябе. Мы ўсе ў нейкай ступені эгаісты, і як павядзем (захочам, закамандуем) сябе ў старэчым узросце, адзін бог ведае. Але пакуль вось так, такое меркаванне. У жыцці часцяком дзеці прымаюць рашэнне самі, не пытаючыся, але гэта ўжо іншае… У любым выпадку тэма вельмі складаная.

Надзея, 67 год

Ці ёсць прыватныя пансіянаты ў Бабруйску?

У інтэрнэце можна знайсці звесткі, што на вуліцы Камсамольскай-25 дзейнічае сеткавы пансіянат “Уют”. На яго сайце ёсць калькулятар цэнаў. А ў 20 км ад Бабруйска ёсць прыватны пансіянат “Ізабэла” (саўхоз імя Леніна).

 

А што “у іх”?

“Deutsche Welle” даволі часта ўздымае тэмы, звязаныя з жыццём людзей сталага веку. У адным з матэрыялаў за мінулы год журналісты раскрывалі “шэрыя схемы” ў доглядзе. Між іншым, яны ўзялі праблему, якая актуальная і для Беларусі – колькасць сталага насельніцтва расце, а колькасць маладога – падае. Чым гэта можа скончыцца? Тым, што за многімі і многімі людзьмі ў старасці (і ў нас, і ў іх) не будзе каму даглядаць. А калі меркаваць па тым, на што чалавецтва марнуе мазгі і рэсурсы, спадзявацца на з’яўленне цуда-лекаў ад Альцгеймера, дэменцыі ці робатаў-памочнікаў пакуль не выпадае. Але марыць, вядома, ніхто не забараняе.

Гэтае ж выданне падрабязна пісала, як выглядаюць пансіянаты для састарэлых у Германіі: “Створана безбар’ернае асяроддзе. У кожнага жыхара ёсць асобнае памяшканне для жылля з душам і туалетам. У доме маецца агульны пакой адпачынку, сталовая, кафэтэрый, а ў многіх выпадках яшчэ цырульня і аддзяленне банка. Як правіла, нямецкія дамы састарэлых размяшчаюцца ў зялёных зонах, дзе ёсць магчымасць для прагулак, а таксама паблізу ад прыпынкаў грамадскага транспарту і крам”.

Доля муніцыпальных устаноў пяць адсоткаў. Дзейнасць больш за палову дамоў састарэлых фінансуецца некамерцыйнымі і дабрачыннымі арганізацыямі. Пражыванне, якое таксама каштуе нямала (ад 1 000 еўра і больш) пенсіянеры часткова аплачваюць самі, часткова пакрывае страхоўка. З 1995 года ў Германіі дзейнічае сістэма абавязкова страхавання на выпадак неабходнасці ў староннім доглядзе. Калі грошай усё адно не хапае – дапамагаюць сваякі.

 

Фота: Pixabay

Думаю, калі даць выбар пажылому чалавеку, і ён не будзе ўключаць высакароднасць, любы абраў бы заставацца ў коле сваёй сям’і.

Мне адразу ўспамінаецца прабабуля. Калі не было каму было з намі, дзецьмі, сядзець, яе перавезлі да нас у прыватны дом на некаторы час. І я так рада, што яна была побач! Таму што я яе запомніла такой, якой яна была. І дзякуючы гэтаму ў мяне ёсць уяўленне пра тое, што такое старасць, а не ідэалізаванае ўяўленне пра бабуль-мадэляў з сівымі валасамі, праз што пасля здараюцца псіхалагічныя разлады, калі тваё ўяўленне не сыходзіцца з рэальнасцю.

Тады, калі бабуля за намі прыглядала, для яе гэта было ў кайф – з кватэры трапіць у свой дом. Яна часта была ў двары, на прыродзе, хадзіла па гародзе. У кватэры ёй было цяжка выходзіць на вуліцу, спускацца і ўздымацца па прыступках. Але я памятаю, якімі былі моманты яе з’яўлення ў двары, гэта было цэлае дзейства. Усе яе суседкі былі вельмі рады яе бачыць! Яны жылі ніжэй і часцей выходзілі пасядзець на лавачцы.

Часам нас проста завозілі да прабабулі пакуль усе працавалі, яна жыла з дачкой, то-бок у маіх бабулі і дзядулі. Яна гатавала ежу, а я любіла залазіць да яе ў ложак і слухаць, як яна чытае. Гэта былі казкі, таму што там былі вялікія літары. У яе была любімая казка-“Канёк-гарбунок”. Я да гэтага часу памятаю яе.

Потым яна ўжо амаль не ўставала з ложка. Зусім дрэнна бачыла і чытаць не магла, але на памяць распавядала вершы, якія памятала.

Яна любіла кульнуць чарачку і памятаю, што на кожнае свята быў момант, калі бабуля казала: “А зараз з мамай вып’ем”. І ўсе госці ішлі ў пакой да прабабулі і чокаліся з ёй абавязкова, выпівалі, закусвалі і ішлі далей за стол, а мы маглі з ёй застацца. У яе быў свой фатэль, глядзець тэлевізар.

Усе гэтыя ўспаміны выклікаюць вельмі далікатныя і трапяткія пачуцці, такія тонкія, кранальныя, што наварочваюцца слёзы на вочы. Проста так. Што яны проста ёсць. Думаю, гэта частка духоўнага развіцця. Калі б я была пазбаўленая такіх зносін з прабабуляй, я б была духоўна нашмат бядней.

Потым бабуля ўжо сама мыла сваю маму, цалкам даглядала за ёй да апошняга моманту. Яна “адпрацавала” свае духоўныя і псіхалагічныя моманты.

Ведаю, што дзеці вельмі цяжка перажываюць смерць мамы ці таты, якія памерлі ў пансіянаце. Бо ў апошнюю хвіліну іх не суправаджалі родныя. Напэўна, яны адчувалі сябе вельмі самотна ў момант смерці. Не дай Бог нікому з нас такое адчуць. Ведаю, што ў такіх сітуацыях дзеці мучацца яшчэ шмат гадоў пачуццём віны.

Нездарма гэтая тэма так часта падымаецца ў літаратуры і кіно. Ёсць беларуская народная казка пра бацькоў, якіх у старасці садзілі ў лодку і пускалі па рацэ. Фільм, дзе ўнук выкраў з дому дзядулю з Альцгеймерам, напярэдадні яго паездкі ў пансіянат…

Мне шкада, што ўжо няма майго таты, і мамы мужа… Нашы будучыя дзеці не змогуць з імі пазнаёміцца, даведацца, якія яны. І яшчэ я вельмі спадзяюся, што ў мяне хапіць смеласці і сіл не аддаваць сваіх родных у такія ўстановы.

Так, пансіянаты патрэбныя. Але яны добрыя для тых, у каго нікога няма, да каго ніхто не прыходзіць у госці, ніхто не наведвае. Каб не здарылася так, што суседзі адчулі пах і толькі так знайшлі цела. У такім выпадку не перашкодзяць іншыя людзі побач, такія ж старыя і персанал. Хутчэй за ўсё, там з’явяцца сябры, цёплыя адносіны.
Але калі ёсць магчымасць падоўжыць быццё  чалавека ў коле сям’і, акружанага клопатам і любоўю, гэта, напэўна, самае каштоўнае перад смерцю. Я спадзяюся, да моманту, калі мне давядзецца вырашаць такія пытанні, я буду гатовая духоўна, псіхалагічна, фінансава, і ў мяне будзе падтрымка сям’і.

Нюра, 32 гады

Ёсць, што сказаць па тэме? Чакаем у нашым інстаграм