«У мяне адчуванне, што я ведаю беларускую мову лепш за большасць беларусаў». Размова з педыятаркай з Казахстану, якая пераехала ў Бабруйск

Сумная тэндэнцыя апошніх двух гадоў – ад’езд беларусаў з радзімы. Не абмінула гэта і Бабруйск, які часова ці назаўсёды ўжо пакінула нямала актыўных жыхароў. Гераіня нашага матэрыялу – казашка, дзіцячая лекарка, шматдзетная маці Мая Церакулава зрабіла інакш – на самым пачатку лета 2022 году разам з сям’ёй пераехала ў Бабруйск. Што стала нагодай для такога рашэння, якім Мая убачыла наш горад, што думае агулам пра беларусаў, а таксама пра сваю прафесійную сферу – медыцыну ў Беларусі, новая бабруйчанка распавядае ў вялікай гутарцы з «1387».

Мая Церакулава з дзецьмі. Фота: 1387.io

Першае ўражанне ад Беларусі – лес

– Мая, вы раней жылі ў беларускай сталіцы – Менску. Чаму вырашылі змяніць месца жыхарства і менавіта на Бабруйск?

– Мы з сям’ёй у Бабруйску зусім нядаўна – каля трох тыдняў. Прыкладна на трэці дзень пасля пераезду я ішла па горадзе і думала – а чаму ўласна Бабруйск? Дакладнага адказу ў мяне няма дагэтуль. Так выйшла абсалютна выпадкова. Гэта мой чацвёрты горад у Беларусі, восьмы агулам у жыцці. У мяне няма жытла ў Беларусі, каранёў, я не прывязаная тут да нейкага месца і таму магу выбіраць любое. Бабруйск аказаўся недарагім, утульным, у ім добрыя школы для дзяцей, у мяне тут жыве сяброўка. Калі мяне пытаюць, чаму Бабруйск, я не ведаю, што адказваць. А з іншага боку, а чаму б і не Бабруйск?

– Чацвёрты горад у Беларусі? А дзе вы жылі да Бабруйску і чаму ўвогуле некалі пераехалі з Казахстану?

– Мой муж – беларус, тут у яго жылі бацькі, сваякі, таму ў 2015 годзе мы вырашылі пераехаць. І першым нашым месцам жыхарства стаў вайсковы гарадок пад Менскам. Там знайшлася недарагая кватэра, а яшчэ там было вельмі ўтульна. Ведаеце, якое было маё самае першае ўражанне ў Беларусі, калі мы толькі прыляцелі і выехалі з аэрапорта? Лес! Колькасць дрэваў. Я была шчыра ўражана тым, што тут лес – не нейкая адметнасць, да якой трэба доўга ехаць. У Казахстане з некаторых месцаў, дзе мне даводзілася жыць, да бліжэйшага лесу было тры тысячы кіламетраў.

Мы жылі амаль у лесе. У мяне былі маленькія дзеці, і гэта было ідэальнае месца для іх. Мы шмат гулялі. Нязручна было толькі тое, што бліжэйшы прыпынак грамадскага транспарту і крама былі за 5 кіламетраў ад нашага дому. Хадзіць гэтую адлегласць пешшу надакучыла прыкладна праз год. І мы пераехалі ў Менск. Які мне не спадабаўся. Мы жылі ў спальным раёне, і там было зусім няўтульна.

З Менску мы пераехалі ў Мар’іну Горку, дзе жылі сваякі мужа. Гэты гарадок мне таксама не вельмі спадабаўся, хоць людзі там добрыя. Ну а сёлета мы прыехалі ў Бабруйск.

«Падавалася, што 70 гадоў агульнай гісторыі збліжаюць нас. Аднак мы зусім розныя»

Мая Церакулава. Фота: 1387.io

– Што яшчэ вас уразіла ў Беларусі, стала нечаканым ці незвычайным? Не толькі ў прыродзе, але ў культуры, людзях, ладзе жыцця?

– Калі я ехала ў Беларусь, то думала, што мне будзе проста, бо я ведаю расейскую мову, а тут у асноўным размаўляюць па-расейску, і што 70 гадоў агульнай гісторыі ўсё ж нас збліжаюць, і таму я лёгка інтэгруюся ў грамадства. Але аказалася, што ўсё зусім не так, што мы зусім розныя народы. У нас вельмі адрозніваюцца ўклады жыцця, разуменне таго, што дрэнна, а што добра, што трэба рабіць, а што не, розныя падыходы да выхавання дзяцей і т.п. Я дагэтуль яшчэ шукаю сябе ў Беларусі і не магу сказаць, што асімілявалася. Хоць імкнуся інтэгравацца ў грамадства – я пачала вывучаць беларускую мову, чытаю беларускую літаратуру, кнігі па гісторыі краіны.

– Вы пачалі вывучаць беларускую мову, бо сутыкнуліся з такой неабходнасці ці проста з цікаўнасці?

– Неабходнасці такой зусім не было. На побытавым узроўні мне ўвогуле не давялося сутыкацца ў Беларусі з беларускай мовай. Але цяпер у мяне адчуванне, што я ведаю беларускую мову лепш, чым большасць людзей, з якімі я сутыкаюся ў Беларусі. Таму што я хачу яе ведаць, а людзі тут ставяцца так – практычнай неабходнасці ў мове няма, значыць, яна непатрэбная. А я бачу ў ёй каштоўнасць. Калі мне падабаецца нейкі народ, нацыя, я павінна паважаць і шанаваць ягоную культуру, і мову ў тым ліку. А беларусы мне вельмі падабаюцца, таму лагічна, што падабаюцца таксама і краіна, і мова.

Мая Церакулава з дзецьмі. Фота: 1387.io

– Ці лёгка вам даецца беларуская мова?

– Спачатку было цяжка разумець, асабліва вусную гаворку. Але я шмат чытаю, слухаю падкасты, пачала перапісвацца на беларускай мове. Гэта мне даецца прасцей, чым размаўляць, таму што сістэма Т9 заўсёды падказвае словы, і можна загугліць, калі нечага не ведаеш. Спрабую размаўляць, але дагэтуль ёсць бар’ер – баюся сказаць няправільна.

Аднак у маіх планах за 2-3 гады падвучыць мову. Я не вельмі спяшаюся, але ўпэўнена іду ў гэтым кірунку. Відаць, збіраюся яшчэ 2-3 гады дакладна ў Беларусі пажыць.

«Беларусы – вельмі разумныя, але часта самі гэтага не ўсведамляюць»

– Вы кажаце, што вам падабаюцца беларусы і нашая краіна. А чым менавіта?

– Перш за ўсё любоўю да парадку і гаспадарлівасцю. Яшчэ я з самага пачатку вельмі палюбіла пачуццё бяспекі тут, якое, што праўда, было часткова страчана ў 2020 годзе. Але тут справа не ў людзях – яны дагэтуль усё такія ж надзейныя, прадказальныя і сумленныя. Менавіта гэтае слова мне першым прыходзіць у галаву, калі я думаю пра беларусаў – сумленнасць.

А яшчэ беларусы вельмі разумныя, хоць часта самі гэтага не ўсведамляюць. Пад разумнасцю я маю на ўвазе не адукацыю, а кемлівасць, спрыт. Гэта ёсць нават у самых простых людзей. Я як педыятр хаджу па дварах, па дамах, і заўважаю, што ў большасці парадак, свая гаспадарка, гародзікі – такое маленькае ўладкаванае жыццё. Я калі гэта бачу, хачу параўнаць беларусаў з хобітамі. Я некалі жыла ў расейскім гарадку, падобным па памеры на Бабруйск. Там у мяне было вельмі моцнае адчуванне ўпадку – што людзі співаюцца, наплявалі на сваё жыццё і проста дажываюць яго. У Беларусі ж нават у няпростых умовах людзі жывуць, заводзяць гаспадарку, не ставяць на сабе крыж.

А яшчэ мне падаецца, што трэба быць вельмі разумным, каб узаемадзейнічаць з мясцовай сістэмай бюракратыі, з усімі яе ТЦСАНамі, сабесамі, выканкамамі, фсан і т.п., і ўсё гэта не пераблытаць, запомніць, куды і ў якім парадку ісці і якую паперку прынесці. А беларусы вельмі спрытна ва ўсіх гэтых ланцужках арыентуюцца. Мне падаецца, іншая нацыя не справілася б.

«У Беларусі нібы слон стаіць у пакоі, якога ўсе бачаць, але трэба рабіць рабіць выгляд, што яго няма»

– А што ў Беларусі самае цяжкае для вас?

– Я не заўсёды схопліваю, пра што ў Беларусі казаць нельга. Першае, што мяне здзівіла, памятаю, калі нехта тут пажартаваў пра Лукашэнку, а потым паглядзеў па баках. Я пытаюся – у чым праблема? Жарт жа смешны. Што не так? А ў чалавека нейкі страх ужо тады быў, у 2015 годзе. Я яго не адчуваю і не ўмею схопліваць гэтую мяжу.

Я не ведала таксама, што ў Беларусі крытыка прафсаюзаў – гэта таксама палітычная рэч. Для мяне гэта заўсёды былі працоўныя моманты. А аказваецца, нельга, незалежныя прафсаюзы – гэта палітыка і крамола.

Тут цяжка арыентавацца ў тым, што нельга. Усе і так усё ведаюць, а нейкага пераліку, што нельга – няма. У Казахстане ў гэтым плане больш свабоды. У Беларусі ж адчуванне, нібы слон у пакоі, якога нельга не заўважаць, але трэба. Ты спрабуеш яго абысці і ніякім чынам не ўзгадаць, што ён тут стаіць і ўвогуле існуе. І ні ў якім разе пра яго нельга казаць.

Адсутнасць пачуцця бяспекі і нібыта пастаянная наяўнасць пагрозы. Калі ты бачыш, што людзей затрымліваюць незразумела за што, то думаеш – а чым я адрозніваюся? І я разумею тых, хто не вытрымлівае гэтага напружання і з’язджае. Але нехта ж мусіць заставацца. Я спадзяюся, што будуць перамены да лепшага. Мо, не заўтра. І так, я – не той чалавек, які будзе арганізоўваць гэтыя перамены, рызыкуючы сабой. У мяне трое дзяцей. Я нясу перад імі адказнасць.

Але ў той жа час, напрыклад, ёсць такая арганізацыя – «Лекары без межаў», у рамках якой медыкі едуць туды, дзе цяжка, і там працуюць. А мне не трэба нікуды і ехаць, бо я ўжо ў тым месцы, дзе цяжка. Я нічога не магу змяніць, але я магу тут жыць і неяк спрашчаць жыццё іншым сваёй працай.

«У Беларусі даволі даступная медыцынская дапамога»

– Ці проста было знайсці працу ў медыцыне ў Беларусі?

– У медыцыне ў любой кропцы свету можна знайсці працу. Шмат хто з медыкаў баіцца настрыфікацыі. Я прайшла пацверджанне казахстанскага дыплому ў Беларусі, і магу сказаць, што гэта не так цяжка, хоць і трэба падрыхтавацца.

– Якім было вашае першае ўражанне ад беларускай медыцыны?

– Вельмі здзівіла, што тут дагэтуль пішуць асадкамі ў паперках, запаўняюць папяровыя карткі. Я за тыдзень спісваю шарыкавую асадку – столькі даводзіцца пісаць. Мая мама – лекарка ў Казахстане, і яна смяецца з гэтага. У Казахстане ў кабінетах па два кампутары – адзін у лекара, другі ў медсястры. У медсястры кампутар з двума маніторамі – адзін перад пацыентам. У лекара яшчэ можа быць і планшэт. Няма папяровых картак, рэцэптаў. Нават у маленькіх гарадах – сістэма паўсюль аднолькавая.

Калі я пабачыла ў Беларусі гэтыя вялізныя папяровыя картатэкі, я падумала – а дзе інтэрнэт? А як іншы лекар даведаецца, што я раблю? Аказалася, што каб іншы лекар даведаўся, трэба яму напісаць асобны від паперкі.

– А што вы можаце сказаць пра якасць беларускай медыцыны?

– У Беларусі даволі даступная медыцынская дапамога, хоць беларусы часам скардзяцца, што бывае чарга да лекараў, да вузкіх спецыялістаў. Але каб ты сёння прыйшоў і трапіў да хірурга ці гінеколага, калі ў цябе не востры боль – вялікая рэдкасць у свеце. А ў Беларусі нават вузкія спецыялісты даступныя.

Тут добрая танная стаматалогія. Шмат кваліфікаваных спецыялістаў хірургічных спецыяльнасцяў – у транспланталогіі, флебалогіі, артапедыі. Добра развітая анкалогія – анколагі працуюць па навейшых еўрапейскіх пратаколах, у адрозненні ад таго ж Казахстана.

У Беларусі вельмі добра кантралююць інфекцыйныя захворванні. На пачатку санітарная служба някепская спраўлялася з кавідам. Але потым, канешне, стала зразумела, што гэта не так інфекцыя, якую можна стрымаць адміністратыўнымі метадамі.

Трымаюцца пад кантролем ВІЧ, гепатыты, туберкулёз, амаль няма сіфілісу ў краіне. Тут вельмі добрая санітарна-эпідэміялагічная служба, я такога больш нідзе не бачыла.

Добрая сістэма хуткай дапамогі. Але нешта, канешне, трэба і змяняць.

Мая Церакулава з дзецьмі. Фота: 1387.io

– А як у педыятрыі? Часта можна пачуць скаргі, што ў нас лекары прызначаюць антыбіётыкі дзе трэба і дзе не трэба. А што вы думаеце на гэты конт?

– Я не прыхільніца адразу прызначаць антыбіётыкі і часам бываю жорсткай з пацыентамі, але мне прабачаюць, бо бачаць эфект. Мы разам з бацькамі ад нараджэння вядзем дзяцей, гуляем, праветрываем, закаляем. Так я і сваіх расціла, і яны амаль не хварэюць, так і на маім участку я бачу, што дастаткова здаровыя дзеці.

Увогуле, здаровых дзяцей трэба проста назіраць. Добры педыятр не лечыць, калі не трэба. А гэта таксама вялікая адказнасць – не аказваць дапамогу, калі яна не патрэбная. Бо шмат якія рэчы – транзіторныя, то бок пройдуць самі. І трэба ведаць, што пройдзе само і ўмець узяць на сябе адказнасць сказаць гэта і нічога не прызначаць. Я гэта ведаю і ведаю, як адрозніваць простыя выпадкі ад сумнеўных і небяспечных.

«Бабруйск – жывы горад, яму няма калі стаяць і красавацца»

– Давайце вернемся да Бабруйска. Вельмі цікава пачуць пра ўражанне ад горада ў новага жыхара.

– Я пакуль яшчэ не вельмі добра арыентуюся ў горадзе. Жывем мы з сям’ёй недалёка ад зялёнага асабняка – яго домам купчыхі, здаецца, называюць? Працую ў 1-й дзіцячай паліклініцы на 15-м участку. Да моманта, пакуль я не выехала на свой участак, я думала, што ўвесь Бабруйск падобны да раёнчыка, у якім мы пасяліліся – невысокі і зялёны. А на ўчастку ў новым мікрараёне я ўбачыла тыповыя панэлькі 9-12 паверхаў, вытаптаныя двары з пяску.

У цэнтры Бабруйск вельмі своеасаблівы. Ён мне нагадвае такога мужчынку ва ўзросце, які некалі быў вельмі прыгожым, а цяпер яму няма калі стаяць і красавацца – трэба працаваць. Усе гэтыя старыя дамы, якія маглі б быць архітэктурнымі помнікамі. Аднак яны працуюць, у іх людзі жывуць. На іх аляпаватыя шыльды, жалезныя дзверы з дамафонамі. У драўляных дамах з ліштвамі пластыкавыя шклопакеты. Нават у доме купчыхі рэкламная агенцыя. Я глядзела і думала – тут бы быць музею, як у еўрапейскіх і шмат якіх азіяцкіх краінах, каб можна было паглядзець, як раней людзі жылі. А тут заходзіш – і бачыш, што там працуюць людзі, якім не да гістарычных каштоўнасцяў.

Але Бабруйск усё роўна – дзелавіты і абаяльны. І вельмі жывы.

Ці проста выхоўваць дзіця з аўтызмам у Бабруйску?

Мая Церакулава з дзецьмі. Фота: 1387.io

– Як вашыя дзеці паставіліся да пераезду і адаптаваліся ў Бабруйску?

– У мяне трое дзяцей: старэйшаму 10 гадоў, малодшаму – 4, і дачцэ 8 гадоў.

Бабруйск мне спадабаўся тым, што тут шмат дзяцей гуляюць на вуліцах. І гэта значыць, што бацькі ўпэўненыя ў бяспецы, калі могуць адпусціць дзіця 8-10 гадоў адно на вуліцу. І гэта правільна, што дзеці жывуць сваім асобным дзіцячым жыццём – такім і павінна быць дзяцінства. І мой старэйшы без асаблівых праблемаў уліўся ў гэтую плынь. Цэлымі днямі на вуліцы – з раніцы да вечару, а яшчэ ходзіць у шахматны гурток. Малодшага ўладкавала ў садок, у яго там вельмі добрая выхавацелька, яна яму адразу спадабалася.

Для дачкі я ўзяла няню на час канікул. Яна сама яшчэ школьніца, таму я б яе хутчэй сяброўкай назвала б.

– У вашых допісах у «Фэйсбуку» вы распавядалі, што дачка ў вас з асаблівасцямі развіцця. Ці проста вам яе выхоўваць у Беларусі, і ў прыватнасці – у Бабруйску? Ці ёсць у нашым горадзе ўсё неабходнае?

– У маёй дачкі аўтызм. Такое дзіця ў прынцыпе няпроста расціць. І калі ты хочаш даць максімум таго, што ёсць у арсенале сучаснай педагогікі, дэфекталогіі, то мусіш рабіць гэта самастойна, бо ў дзяржаўнай сістэме дапамогі шмат якіх методык проста няма. Часта прыходзіцца пакласці на гэта ўсё сваё жыццё. Напрыклад, тая ж АВА-тэрапія – гэта 40 гадзінаў узаемадзеяння. У мяне такіх магчымасцяў няма, бо ёсць яшчэ два сыны і праца. Таму я карыстаюся тым, што прадстаўляе беларуская дзяржава. Гэта, дарэчы, таксама нямала. Ёсць інклюзіўныя гурткі, секцыі. Дзіця можна аддаць у школу, яно будзе там на прадлёнцы з 8 раніцы да 18 вечара. Не паводле самых сучасных методык, але дачка будзе ў соцыуме, інтэграваная, пакрыху развівацца. І яна развіваецца. У Бабруйску ёсць цьютары, бясплатныя гурткі прыкладной творчасці.

Агулам, пакуль дачка – дзіця, я магу з большага не хвалявацца – ёй ёсць месца ў сістэме адукацыі і ў жыцці. Праблемы пачынаюцца ў дарослым жыцці, калі такія дзеці сканчаюць школу і далей няма куды ісці.

Акрамя дзяржаўнай дапамогі, моцнай падтрымкай для такіх сем’яў, як наша, заўсёды была Беларуская арганізацыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам «Life-guide». Гэта вельмі магутная арганізацыя з развітай сеткай першасных арганізацыяў па ўсёй краіне, што рэдка для некамерцыйнай арганізацыі. Яна аб’ядноўвае тысячы людзей, гатовых дамагацца рэалізацыі правоў для сваіх дзяцей. Але з мінулага году дзейнасць усіх няўрадавых арганізацыяў вельмі ўскладнілася. Застаецца спадзявацца, што мы дачакаемся лепшых часоў.

Мая Церакулава з дачкой. Фота: 1387.io

Не магу не зазначыць таксама, што і ў дзяржаўнай сістэме ёсць добрыя людзі і прафесіяналы. Хачу падзякаваць Яне Анатольеўне з аддзелу адукацыі Бабруйскага гарвыканкама. Калі мы толькі прыехалі, то сутыкнуліся з тым, што для дачкі не было ніякіх актыўнасцяў на лета, бо ўстановы дадатковай адукацыі сышлі на канікулы, у лагер пры школе яна не магла пайсці, бо будзе залічаная толькі з верасня. Я патэлефанавала ў аддзел адукацыі і запыталася – а раптам усё ж недзе ёсць нейкая магчымасць, а я проста не магу знайсці? Я не настойвала, не патрабавала, а проста запыталася. І вось гэтая Яна Анатольеўна, калі высветліла, што насамрэч нічога няма, занялася арганізацыяй вольнага часу менавіта для дзяцей з інваліднасцю. Цяпер у мастацкай школе арганізоўваюць на лета гурткі для дзяцей з інваліднасцю, спартыўна-фізкультурная секцыя будзе. І ніхто ж гэтую Яну Анатольеўну не прымушаў, не было ж ніякай дырэктывы зверху. Яна проста высветліла, што ёсць прабел, і тут жа пачала змяняць сітуацыю. Я вельмі ёй удзячная.

«Бабруйцы любяць свой горад і не апускаюць рукі»

– Ці ёсць у вашай сям’і намер застацца ў Бабруйску на працяглы час, магчыма, назаўсёды?

– Я не ведаю, і не ўпэўненая, што я тут назаўсёды. Але пакуль я тут, думаю, што буду карысная гэтаму гораду, і што мне будзе добра тут той час, які я тут правяду.

Бабруйск – добры горад. І я бачу, што мясцовыя жыхары любяць яго. Беларусы агулам не схільныя любіць, цаніць сябе, свой народ, радзіму, яны больш крытыкуюць. А бабруйцы свой горад любяць. Хоць часта і з гумарам кажуць пра «самы лепшы горад у свеце, другі пасля Парыжу», але я бачу, што гэта яны гавораць з любоўю.

Бабруйск мне падыходзіць. Мне ўтульна ў правінцыйным горадзе. Я – не хтосьці вялікі. Я – звычайная, даволі добрая лекарка. Я – не хірург, якому патрэбнае нейкае абсталяванне, якога няма ў Бабруйску. Я – участковая педыятарка. Добра адукаваная, якая пастаянна падвышае кваліфікацыю, уважлівая да пацыентаў, але звычайная педыятарка. І мне не патрэбны вялікі горад. Мне не трэба нікуды ехаць, каб самарэалізоўвацца. Магчыма, таму я не палюбіла Менск, куды людзі едуць за нейкімі амбіцыямі.

Мая Церакулава з дзецьмі. Фота: 1387.io

А мне падабаецца ў Бабруйску. І нават на фоне таго, што шмат актыўных людзей з’ехала, тыя, хто застаўся, нараджаюць тут дзяцей, жывуць, будуюць дамы. Мне вельмі падабаецца гэтае беларускае слова – будаваць. Яно для мяне асацыюецца з «быць, буду». Гэта спосаб жыцця беларусаў – быць, будаваць, працягваць зрабіць нешта якаснае, моцнае ў сваім жыцці, зрабіць усё, што залежыць ад цябе. Я гэта паўсюль бачу. Ніхто тут не апускае рукі. Магчыма, у некаторых момантах, маўчаць, чакаюць, асцерагаюцца наступстваў, аднак чакаюць, не збіраючыся здавацца.