«У Нідэрландах Беларусь нікога не цікавіць, не ўсе нават назву такую ведаюць». Размаўляем з бабруйцам, які 7 гадоў жыве ў Амстэрдаме

Нашаму суразмоўцы Міхаілу Ларчанка 36 гадоў. Ён нарадзіўся і правёў дзяцінства і юнацтва ў Бабруйску, аднак апошнія 7 гадоў жыве ў Нідэрландах і працуе распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння. Разам з жонкай выхоўвае сына Яўгена. У вольны час вядзе свой ютуб-канал. Калі Міхаіл жыў у Бабруйску, супрацоўнічаў з газетай «Бабруйскі кур’ер», і цяпер кажа, што тая журналісцкая праца была ці не найлепшай у ягоным жыцці. Адначасова са школы самастойна вывучаў праграмаванне, што і вызначыла далейшы шлях бабруйца. Але заставацца на ўсё жыццё праграмістам Міхаіл не хоча. А яшчэ – разглядае вяртанне ў Беларусь пасля пераменаў. Гутарым з Міхаілам пра Бабруйск, Беларусь, палітыку, журналістыку і праграмаванне, асаблівасці жыцця ў Нідэрландах.

Міхаіл Ларчанка з сям’ёй у Нідэрландах. Фота: Міхаіл Ларчанка/асабісты архіў

«Сумую па людзях Бабруйска»

– Міша, калі ты апошні раз быў у Бабруйску?

– Яшчэ перад пандэміяй, у 2019 годзе. Тады мы ездзілі ў Беларусь, і канешне ж – заехалі ў Бабруйск. А пасля – каронавірус, выбары, вайна. І хоць вельмі хочацца на радзіму, пакуль рызыкаваць не будзем.

– Ці сумуеш ты па родным горадзе?

– Напэўна, як па горадзе, па месцы – не. А вось па людзях – так, сумую. Згадваю Бабруйск майго юнацтва. Быў такі вялікі чат Бабруйска, і яго ўдзельнікі збіраліся па суботах на плошчы каля басейна, дзе цяпер царква ля кінатэатра «Таварыш». Па тых часах сумую. У мяне Бабруйск асацыюецца з тымі сустрэчамі, школай і газетай «Бабруйскі кур’ер», дзе я працаваў. Гэта 2005-2010 гады.

Калі ўсё ж казаць пра месцы, то, напэўна, магу сказаць, што сумую па плошчы Перамогі – яна была бачная з офісу рэдакцыі. Яшчэ, напэўна, крыху па Бабруйскай крэпасці. Яе памятаю яшчэ да будаўніцтва Лядовага палацу.

Калі б была магчымасць, абавязкова паехаў бы цяпер у Бабруйск. У мяне ж там мама жыве, і сябры мае там і ўвогуле ў Беларусі. Калі б я цяпер прыехаў, то пайшоў бы вывучаць тыя раёны Бабруйска, дзе раней амаль не бываў – яны мне сталі чамусьці цікавыя апошнім часам. Гэта Цітаўка – хачу паглядзець, як жывуць ромы, іхныя бароны, параўнаць з тым, што я чуў. Яшчэ хацеў бы пагуляць па Авіягарадку, Дзеднава і ваколіцах, Кісялевічах – там я таксама вельмі рэдка бываў.

«Ёсць магчымасць атрымаць грамадзянства Нідэрландаў, але я не буду гэтага рабіць, бо люблю Беларусь»

– Ты сочыш за тым, што адбываецца ў родным горадзе, у Беларусі?

– Так, канешне. Я падпісаны на ўсе бабруйскія рэсурсы. Напісаў сабе бота ў тэлеграме, ён з бабруйскіх сайтаў збірае навіны і дасылае мне ў чат. Навошта? Бо я люблю Беларусь. І нават пашпарт змяняць не збіраюся. У мяне ёсць цяпер магчымасць атрымаць грамадзянства Нідэрландаў, але я не буду гэтага рабіць, толькі пастаянны від на жыхарства аформлю. Я спадзяюся, што некалі Беларусь стане прывабнай для ўсіх, займее добры імідж, і я змагу туды паехаць, і магчыма, нават вярнуцца жыць. Шмат хто хоча цяпер з’ехаць з Беларусі, а я ў нейкі момант хачу туды вярнуцца. У Бабруйск. Ён мне падабаецца больш, чым Менск.

– Чым?

– Не такі шумны. Увогуле, я не разумею гэтай цэнтралізацыі ў Беларусі – вынік таго, што дзяржава імкнулася ўсё сцягнуць у Менск, магчыма, каб лягчэй кантраляваць. І цяпер такія гарады, як Бабруйск і падобныя да яго, недаацэненыя. Мне падаецца, што калі зрабіць у Беларусі дэцэнтралізацыю бізнесу, Бабруйск вельмі выйграў бы. Ён недалёка ад Менска, ад аэрапорту. Горад сам па сабе акуратны, невялікі. Калі параўноўваць з Нідэрландамі, Бабруйск падобны на горад Ляйдэн, вядомы сваім універсітэтам. А Бабруйск мог бы стаць прывабным з пункту погляду адкрыцця ІТ-бізнесу. Цяпер жа, на жаль, Бабруйск – гэта «Белшына», і калі яна закрыецца, горада можа і не стаць.

Міхаіл Ларчанка. Фота: Міхаіл Ларчанка/асабісты архіў

– А як твая сям’я ставіцца да твайго жадання некалі вярнуцца жыць у Беларусь?

– Жонка падтрымлівае, бо ў яе таксама ў Беларусі сваякі. Сын, якому было два гады, калі мы з’ехалі, не памятае радзіму і наўрад ці ў свае 9 гадоў думае пра вяртанне. Ці мы насамрэч вернемся, будзе залежыць ад таго, якой будзе Беларусь. Бо калі ты прызвычайваешся да пэўнага ўзроўню, ладу жыцця, пераехаць можа быць не так проста. Як, напрыклад, мы нядаўна былі ў Італіі, і там ты нібыта адкатваешся гадоў на 10 назад – патрэбныя наяўныя грошы, ніхто не размаўляе па-англійску. Нешта падобнае можа быць з Беларуссю. Хоць, з іншага боку, такі часавы разрыў – гэта таксама магчымасці для людзей, для бізнесу. Можна рабіць тое, чаго табе не хапае, што ты бачыш у іншых краінах, і што табе хацелася б, каб было ў Беларусі.

«З пачаткам вайны ва Украіне Беларусь нікога не цікавіць»

– Што ты думаеш пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

– Мне падаецца, што цяпер у Беларусі нічога не адбываецца. У нас няма ўлады, а тое, што спрабуе называць сябе ўладай, не бярэ на сябе адказнасць і робіць выгляд, што ў нас нібыта ідзе звычайнае жыццё. Таксама мяне засмучае несамастойнасць Беларусі, тое, што яна сама не прымае рашэнні. І калі судзіць па 2020 годзе, людзі ў Беларусі таксама пачынаюць гэта разумець.

Я тады, у 2020 годзе, моцна спадзяваўся, але, напэўна, на дзень дзясяты зразумеў, што нічога не зменіцца. Бо беларусы – памяркоўныя. І нельга было параўноўваць нашыя пратэсты ні з Грузіяй часоў Саакашвілі, ні з Украінай 2006 ці 2014 гадоў. Беларусы хочуць, каб нешта змянілася, але павольна, незаўважна. Аднак павольна і незаўважна перамены не робяцца, а інакш Беларусь не ўмее. Але што радавала – гэта масавасць. Я даўно цікаўлюся палітыкай, і магу сказаць, што раней такой масавасці не было, нават у 2006 годзе. А ў 2020 годзе было бачна, што людзі гатовыя, што ў грамадстве саспеў запыт на змену ўлады.

– А што казалі пра Беларусь у Нідэрландах тады і што кажуць цяпер? Ці цікавая Беларусь жыхарам Нідэрландаў?

– У 2020 годзе ў Нідэрландах шмат хто сачыў за Беларуссю. Нас падтрымлівалі. З пачаткам вайны ва Украіне на Беларусь стала проста напляваць. Часам можна пачуць, што беларусы таксама вінаватыя. Але агулам усім усё роўна. Цяпер хвалююць толькі Украіна і Расея.

Увогуле, нідэрландцы мала ведаюць пра Беларусь. Толькі што на мапе ёсць кропка, якая называецца «Wit-Rusland». Хоць тут вяліся размовы, каб на заканадаўчым узроўні замацаваць назву Беларусь, але я сутыкаўся, што калі казаў, што я з Беларусі, мяне не разумелі, калі ж казаў «Wit-Rusland», ківалі – так, ёсць такое слова ў нідэрландскай мове.

«Кошты растуць, але людзі разумеюць прычыны і гатовыя трываць, каб перамагчы зло»

Міхаіл Ларчанка. Фота: Міхаіл Ларчанка/асабісты архіў

– А ці адбілася вайна ва Украіне неяк на Нідэрландах? Шмат у якіх краінах выраслі кошты. А як у вас? Да якой зімы рыхтуюцца Нідэрланды?

– Агулам, тут нікога не цікавяць кошты на газ. У мяне на электрычнасць і газ агульны аператар, і раней я плаціў €94 ў месяц. З чэрвеня плачу €25 Наконт зімы ніхто тут не хвалюецца. Мы ў нашай сям’і ўвогуле не ўключаем батарэі, бо няма такога моцнага холаду. Магчыма, праблемы могуць быць у Нямеччыны, бо яна вялікая, і ў яе ёсць халодныя рэгіёны, ці ў Швейцарыі, Францыі. Але дакладна не будзе ў Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, бо ў першых трох свае нафта і газ, а з фінамі, думаю, яны падзеляцца. Людзі ў нас асабліва не пераймаюцца ростам коштаў, бо разумеюць прычыны, чаму гэта ўсё адбываецца, і што трэба крыху патрываць, каб перамагчы зло. Гэта не самае страшнае – заплаціць лішніх €100 за тры месяцы.

Магчыма, неўзабаве перагледзяць працэнты па іпатэках, бо еўра падае. Спадзяюся толькі, не моцна падымуць. У мяне цяпер іпатэка на кватэру пад 1,78%. І калі на 2-3% падымуць на 2-3 гады, то перажывем. Вось калі б на ўсе 30 гадоў паднялі працэнт, гэта было б адчувальна.

– А якія агулам кошты на жытло ў Нідэрландах? Ці проста там набыць сабе кватэру?

– Калі ёсць пастаянны кантракт на працу, то проста – тады можна атрымаць 100% іпатэку. Калі кантракт часовы, але ёсць ВНЖ, то банк пакрые толькі 85%. Але нават калі пакрывае ўвесь кошт, то сваіх грошай трэба мець каля 6%. Бо адразу плаціш 2% падатку за пакупку жытла. Хоць калі я браў іпатэку, мне, дарэчы, далі 102% – пакрылі яшчэ і гэты падатак. І яшчэ трэба 1-2% на натарыуса.

Жытло тут дарагое. Па-за Амстэрдамам можна знайсці ад €150 тысяч, а ў самой сталіцы менш за €300 тысяч нічога няма. За €250 тысяч я бачыў, але там маленькая кватэрка 30 квадратных метраў зусім далёка ад цэнтру. Добрая кватэра на 75-80 «квадратаў» будзе каштаваць прыкладна €500 тысяч. Але тут цалкам можна купляць жытло і не ў сталіцы, бо транспарт добра развіты, і можна лёгка даехаць з любой кропкі.

«Нідэрландская медыцына накіраваная на тое, каб чалавек сам клапаціўся пра сваё здароўе»

– А якія заробкі ў Нідэрландах?

– Сярэдні заробак – €35 тысяч у год да выплаты падаткаў. Падатак з гэтай сумы будзе 15-17%, у выніку каля €25 тысяч будзеш мець на руках. Гэта больш за €2 тысячы ў месяц. У Амстэрдаме за гэтыя грошы немагчыма пражыць, асабліва калі арандаваць жытло.

У Нідэрландах прагрэсіўныя падаткі, у той час як у Беларусі – адзін фіксаваны – 48% (падаходны + пенсійны фонд + ФСАН), калі ты не ІП. Тут жа, калі даход да €20 тысяч, ты ўвогуле не плаціш падатак. Калі ад €20 да 30 тысяч – 20%, ад €30 да 50 тысяч – 30%. Калі твой даход большы за €50 тысяч у год, ты плаціш максімальны падатак – 49%.

Міхаіл Ларчанка. Фота: Міхаіл Ларчанка/Facebook

– Ці адчуваецца, што падаткі ідуць туды, куды мусяць ісці?

– Усялякае бывае, і не заўсёды ёсць адчуванне, што падаткі працуюць. Напрыклад, тут ёсць і нахабная паліцыя, і карупцыя, і ўтойванне падаткаў праз палітыкаў – як і ў любой краіне.

Аднак агулам жыць вельмі камфортна. Тут ёсць рэчы, які не хапае ў большасці краінаў. Тут добры транспарт, роварныя дарожкі. У раварыстаў прыярытэт, пешаход тут другі пасля раварыста. Тут робяць усё, каб чалавеку было зручна, камфортна.

– Распавядзі пра нідэрландскую медыцыну.

– Яе шмат хто крытыкуе, нават самі нідэрландцы. Але нешта я не чуў, каб тут людзі масава паміралі ад хваробаў, ад якіх можна памерці пры кепскай медыцыне. Проста медыцына тут іншая, і асабліва для людзей з постсавецкай прасторы нязвыклая. Бо яны прызвычаіліся, што можна кашлянуць і на 2-3 тыдні пайсці на бальнічны. Тут такога няма. Калі ты кепска сябе адчуваеш, ты можаш узяць 1-2 дні і пахварэць дома. Аднак агулам людзі стараюцца не хварэць і сачыць за сваім здароўем, бо тут усе разумеюць, што трэба працаваць.

Тут не выпісваюць накіраванні адразу на ўсе абследаванні, якія табе хочацца – толькі тыя, у якіх бачыць сэнс лекар. Гэта таксама часта не падабаецца эмігрантам, таму шукаюць лекараў-экспатаў ці знаёмых, праз якіх можна атрымаць накіраванне.

Я не лічу, што тут кепская медыцына. Яна проста іншая, і пабудаваная так, каб чалавек клапаціўся пра сваё здароўе. Тут абавязковая страхоўка. Яна дарагая – мінімум €100 у месяц. Але яна пакрывае ўсё, таму мне не трэба непакоіцца, што мне не хопіць грошай, калі я раптам сур’ёзна захварэю. І гэта мне падабаецца больш, чым медыцына ў Беларусі.

«Школа цалкам бясплатная, выдаюць падручнікі, сшыткі, асадкі»

– А што можаш распавесці пра адукацыю? У якім класе цяпер твой сын?

– Мой сын Яўген ужо ў 6-й групе. Так, групе, а не класе. І тутэйшая 6 група – не аналаг беларускага 6 класа. Тут школа пачынаецца з 4 гадоў. Да пэўнага ўзроўню няма ацэнак і хатніх заданняў, бо нельга, каб дзіця стрэсавала. Першыя групы з 4 да 7 гадоў – гэта ўвогуле як садок.

З першай групы адразу пачынаецца вывучэнне англійскай мовы.

Штораніцу ў школе настаўнікі з дзецьмі глядзяць навіны і амбяркоўваюць, каб дзеці арыентаваліся ў свеце, у якім жывуць. Прыкладна з 2 групы яны спакойна глядзяць навіны на англійскай мове.

Агулам жа навучанне на нідэрландскай мове. Мой сын ведае нідэрландску, расейскую, англійскую мовы.

Калі мы толькі прыехалі сюды, нам далі 2 дні на тыдзень па 3 гадзіны бясплатнага садка. Ён там навучыўся элементарным рэчам, як прывітацца. Потым у 4 гады мы аддалі яго ў школу. У першым класе не асабліва глядзелі на веданне нідэрландскай, бо там дзеці з большага гуляюць. Але за першыя класы сын цалкам нармальна вывучыў мову. І цяпер ён здае тэсты вышэй за сярэдні ўзровень, акрамя пісьма. Напэўна, пайшоў у нас з жонкай, бо нам мовы таксама лёгка даваліся.

Школа абсалютна бясплатная, там усё выдаюць – падручнікі, сшыткі, асадкі, цыркулі і т.п. Часам трэба плаціць, калі класам арганізоўваецца паездка. Усе гурткі бясплатныя, часцей за ўсё праходзяць у школе.

Плаціць тут трэба за басейн, ён абавязковы. Дзіця абавязанае здаць экзамен на плаванне ў вопратцы. З пэўнага класу ў школе пачынаюць вазіць у басейн, і калі ў цябе няма сертыфікату, што ты ўмееш плаваць, то цябе не пусцяць.

Бясплатныя таксама ліцэі, каледжы, тэхнаруымы – тэхнікумы па-нашаму. А вось вышэйшая адукацыя платная і дарагая. Кошт за год навучання параўнальны з сярэднім гадавым заробкам. І ўмовы аплаты такія: 33% плоцяць бацькі студэнта, яшчэ 33% ён мусіць сам зарабіць. Тут абсалютна не праблема зарабіць нават школьнікам – іх бяруць на працу. Улетку кідаецца ў вочы, колькі школьнікаў працуюць у супермаркетах, на дастаўцы. І вось у такім выпадку, калі будучы студэнт сам зарабіў і ўносіць свае 33%, то яшчэ 33% даплочвае дзяржава.

Яшчэ платныя тут дзіцячыя садкі. Але калі абодва бацькі працуюць, то дзяржава аплочвае 85% кошту.

«Магчыма, праца ў журналістыцы была маёй самай цікавай працай»

– Ты казаў, што аднойчы хочаш вярнуцца ў Беларусь. Што б ты забраў з сабой з Нідэрландаў?

– Меедыцыну, прагрэсіўныя падаткі. Палітычную сістэму – дэцэнтралізаваў бы ўладу, каб рэгіёны мелі больш магчымасцяў, а не аддавалі ўсе грошы, якія зарабілі, у цэнтр. А вось кароль і каралева, як у Нідэрландах, не, нам не патрэбныя. Зрэшты, калі ён ці яна не будуць мець абсалютна ніякіх правоў, то няхай. А кіраваць краінай павінен парламент.

Міхаіл Ларчанка. Фота: Міхаіл Ларчанка/Facebook

– Міша, ты некалі сам спрабаваў удзельнічаць у палітыцы, працаваў у незалежнай газеце, і табе гэта падабалася. Як так атрымалася, што з журналіста і пачынаючага палітыка ты стаў праграмістам?

– Я ўдзельнічаў у выбарах у мясцовыя саветы ўвесну 2010 году, супернічаў з кіраўніком ячэйкі БРСМ «Белшыны». Тады за мяне быў 21%. І гэта пры тым, што я нічога для гэтага не рабіў, ніяк сябе не рэкламаваў.

Палітыка мяне зацікавіла, калі я ўладкаваўся ў газету «Бабруйскі кур’ер». Там я пазнаёміўся з людзьмі, якія даўжэй былі ў палітыцы, і трапіў у гэтую плынь. Уступіў у БНФ, ездзіў на мітынгі, збіраў подпісы за Мілінкевіча, за Міхалевіча, быў назіральнікам. Мне падабаўся гэты працэс.

У «Бабруйскім кур’еры» я шмат чаго рабіў – вярстаў, сайт рабіў, навіны, фотаздымкі, яшчэ здымаў сюжэты для першага незалежнага беларускага тэлеканалу. Мне падабалася праца ў журналістыцы. Магчыма, гэта была мая лепшая праца, самая цікавая. Не па грашах, але з творчай кропкі погляду. Я б, напэўна, хацеў далей гэтым займацца, таму ў мяне цяпер ёсць свой ютуб-канал.

А потым я скончыў універсітэт і праз год мяне забралі ў армію, і калі я вярнуўся, то вырашыў пераехаць у Менск. І паколькі я ўмеў праграмаваць, то пайшоў у праграмісты.

Хоць паводле адукацыі я – інжынер-электрамеханік паліграфічнага абсталявання. Праграмаванне я вучыў сам, дома, з 1999 года. У нейкі момант, калі я ўбачыў у мамы на працы кампутар, я зразумеў, што хачу рабіць тыя штукі, якія там на маніторы малююцца. У «Бабруйскім кур’еры» я рабіў сайт, я тады ўжо гэта ўмеў. У той час гэта можна было рабіць не дзеля грошай, а дзеля цікавасці, а тады ўсё лепш атрымліваецца. У Менску я прапрацаваў тры гады і потым з’ехаў у Нідэрланды.

«Заставацца да канца жыцця ў праграмаванні не хачу»

– А чаму з’ехаў?

– Напрыканцы 2014 года ў Беларусі ўвялі 30% падатак на пакупку валюты. Заробак мне выплачваўся ў рублях, і калі я адразу пераводзіў яго ў долары, то губляў 30% заробку. Казалі, што гэта часова, але мы ведаем, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Я знайшоў працу ў Нідэрландах, прайшоў сумоўе, і я ўжо падпісаў кантракт, калі адмянялі гэтую пастанову пра 30%. Я думаў, а мо, не трэба ехаць? Але было ўжо позна. Матывацыі з’язджаць дзеля лепшага жыцця ў мяне не было. Адзінай прычынай было, што я не хацеў губляць траціну свайго заробку. А ў астатнім мяне ўсё задавальняла. Я працаваў у ЕРАМ, на праекце, на якім мне падабалася – усё было ідэальна.

– Табе падабаецца тое, што ты цяпер робіш?

– Мне добра плоцяць за працу, яна ніяк мяне не напружвае. Я працую 8 гадзін у дзень, раблю тое, над чым мне не трэба надта задумвацца, у мяне шмат вольнага часу, які я магу траціць на сям’ю, ютуб, вандроўкі. Таму я тут. Хоць праца сумная з пункту погляду развіцця. У праграмаванні ты развіваешся да ўзроўню «я ўмею вырашаць складаныя задачы», «я ведаю, як вырашыць любую задачу лагічна» і не мае значэння, на якой мове. І калі ты дасягаеш гэтага ўзроўню, становіцца сумна. Бо на любым праекце ты пішаш адзін і той жа код, там адна і тая ж логіка.

Напэўна, калі б я шукаў працу, якая б у мяне выклікала радасць, жаданне развівацца, я б сышоў з такой пасады, але паколькі мне цяпер хочацца больш часу для сям’і і сваіх захапленняў, то мне патрэбная праца, якая вымагае найменш фізічных і маральных высілкаў, і ў гэтым плане праграмаванне мяне задавальняе. Але да канца жыцця не хачу працаваць у праграмаванні.