«Украіна натхніла мяне размаўляць па-беларуску». Гутарым з мастачкай Дар’яй Роскач, якая малюе вайну

Дар’я Роскач, 30-гадовая мастачка з Бабруйска з самага першага дня ўзброенага ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага малюе арты на тэму вайны. У сваіх працах дзеўчына паказвае людзей, сімвалы, а таксама ўласнае пераасэнсаванне таго, што адбываецца. Так сярод іншага ў Дашы з’явілася серыя пра ўкраінскія гарады, якія пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў. Два гады таму бабруйчанка шмат малявала Беларусь, перад- і паслявыбарныя падзеі, барацьбу беларусаў за свабоду. Мы пагутарылі з мастачкай пра творчасць і яе месца ў свеце, ахопленым вайной, крыніцы натхнення, незвычайнае хобі (Даша калекцыянуе лялькі) і чаканні ад будучыні.

Дар’я Роскач. Фота: 1387.io

«Гэта быў мой крык душы»

– Даша, давай пачнем размову з самага актуальнага на сённяшні дзень – вайны ва Украіне, якую ты спрабуеш адлюстраваць і асэнсаваць у сваіх артах. Калі ты пачала маляваць Украіну? Што цябе падштурхнула?

– Першы арт я намалявала ў першы ж дзень поўнамаштабнай вайны, 24 лютага – сцяг Украіны. Гэта быў мой крык душы. Украіна для мяне заўсёды была блізкай, мяне заўсёды хваляваў яе лёс. І вайна там распачалася для мяне зусім не сёлета, а ў 2014 годзе, і я ніколі пра гэта не забывала. Аднак падзеі 24 лютага сталі для мяне шокам. Першыя дні, нават тыдні былі вельмі нервовымі. Я шмат малявала, і гэта дапамагала мне не ўпасці ў дэпрэсію.

Пасля сцяга я малявала карціну акрылам – ката ў выглядзе кіеўскай скульптуры «Радзіма-Маці» са шчытом. Малявала таксама людзей – сяброў, а таксама беларусаў, якія ваявалі ці ваююць на баку Украіны. Людзі – мая асноўная крыніца натхнення. Асабліва сябры ва Украіне, якіх у мяне там шмат. Яны не далі мне праваліцца ў бездань з пачаткам гэтай вайны. Я баялася ўпасці ў такую ж дэпрэсію, як і пасля падзеяў 2020 года ў нас, калі ўжо ўсё пакацілася ўніз. Але на дзіва я ўтрымалася ў нармальным стане, і гэта толькі дзякуючы людзям, якія мяне атачаюць.

«Вырашыла, што буду ў сваіх артах адлюстроўваць нешта, што дае надзею»

– Распавядзі, калі ласка, пра серыю артаў, прысвечаных украінскім гарадам. Якія гарады ты ўжо намалявала і малюеш цяпер?

– Натхненнем для гэтай серыі стаў відэаролік Дзяніса Дудзінскага, дзе віяланчэліст граў ля руінаў. Мяне вельмі зачапіла візуальная частка, і я намалявала таго хлопца. На той момант ужо адбыўся ракетны ўдар па тэатры ў Марыупалі, разбамбілі Чарнігаў, па Кіеву білі, таму я ў адной карціне намалявала гэтыя тры гарады, але ў фоне напісала назвы і іншых, якія бамбілі. Але ў тым спісе яшчэ не было Львову, Крэменчуга, Вінніцы. Зараз спіс можна пашыраць у некалькі разоў, і гэта жахліва.

Калі я малявала Харкаў, мне вельмі захацелася паказаць нешта станоўчае, таму я намалявала дзьмухавец на фоне адміністратыўнага будынка, які нягледзячы ні на што прабіваецца праз асфальт. Тады я вырашыла, што буду ў сваіх малюнках адлюстроўваць нешта, што дае надзею.

На дадзены момант у мяне намалявана 5 гарадоў, зараз малюю шосты – Запарожжа. У мяне там ёсць знаёмы, які там застаецца. І сяброўка, якая адтуль з’ехала. Таму я захацела намаляваць гэты горад. Увогуле, з тых гарадоў, якія я намалявала, Марыупаль – адзіны, у якім у мяне нікога не было. Хоць я там сама некалі была праездам. У Краматорску я не была ніколі, але ў мяне адтуль дзве добрыя сяброўкі, якія цяпер мяне проста ратуюць. Асабліва калі пачынаюцца наезды на беларусаў, маўляў, што вы рукамі ракеты не ловіце і ўвогуле мала робіце, мае сябровачкі мяне проста выцягваюць. Самае цікавае, што прэтэнзіі ляцяць ад тых, хто не пад ракетамі. А гэтыя сяброўкі як раз знаходзяцца ў небяспецы і супакойваюць мяне, каб я не пераймалася. Яны разумеюць нашую сітуацыю, што мы знаходзімся пад акупацыяй, і ніколі не папракаюць мяне.

«Шмат што забываецца, а хочацца, каб яно ўсё захавалася, каб мы памяталі»

– Такая колькасць сяброў ва Украіне, увогуле сувязі з гэтай краінай у цябе з дзяцінства ці ўжо ў больш дарослым узросце з’явіліся?

– У дзяцінстве мы з сям’ёй часта ездзілі адпачываць ва Украіну на мора, у асноўным – у Крым, яшчэ Коблева, Адэсу. Потым у юнацтве я ўжо сама ездзіла – у 2012 годзе на Чэмпіянат Еўропы па футболе, у Кіеў на Еўрабачанне і проста пагуляць. Набывала падчас паездак кніжкі ўкраінскіх пісьменнікаў.

Таксама ў дзяцінстве я шмат глядзела ўкраінскае тэлебачанне па спадарожніку. Ужо тады я шмат чула ўкраінскую мову, хоць на той час там яшчэ было шмат расейскамоўнага кантэнту. Так я паглыблялася ва ўкраінскі культурны кантэкст.

Украінцы натхнілі мяне размаўляць па-беларуску і здымаць відэаролікі на роднай мове. Адзін украінскі блогер казаў суайчыннікам – калі вам не хапае нейкага кантэнта па-ўкраінску, то, магчыма, вы той чалавек, які зможа яго зрабіць. І я тады падумала – а хто, калі не я?

Украіна заўсёды на мяне пазітыўна ўплывала, у мяне лёгка завязваліся знаёмствы з украінцамі. Ясна, што ў кожнай краіне ёсць свае негатыўныя бакі, і іх таксама трэба заўважаць, але з усяго трэба браць найлепшае, што я і рабіла – цікавыя сустрэчы, досвед.

– Што дае табе маляванне вайны? Ці не цяжка маральна зноў і зноў у думках у гэта ўсё паглыбляцца?

– Я малюю свой водгук на падзеі. Здараецца, праз нейкі час пасля таго, як гэтая падзея адбудзецца. Як той жа Марыупаль. Ці Краматорск – я намалявала яго праз месяц ці два пасля таго прылёту на вакзал. Падзеі ідуць і ідуць, іх ужо было шмат, шмат што забываецца, а хочацца, каб гэта ўсё захавалася, каб мы памяталі. Таму я малюю. Бывае цяжка, але я думаю, што любая творчасць павінна праходзіць праз нейкія пакуты. Праз гэтыя малюнкі я перажываю падзеі, так нешта фармуецца ўва мне, і я магу ствараць далей. І мне вельмі важная гэтая мая рэфлексія ў карцінах.

«Самая важная мая праца – партрэты маіх сябровак, якія нагадваюць – не трэба вешаць нос, а змагацца далей»

– Як ты больш малюеш – пэндзлямі на палатне ці гэта лічбавыя малюнкі?

– Фарбамі на палатне я малюю даволі рэдка. Той кот у выглядзе «Радзімы-Маці» – гэта было апошняе, што я малявала фарбамі. У асноўным я малюю на планшэце. Але думала, мо, серыю з гарадамі можна было б раздрукаваць і зладзіць нейкую выставу. Магчыма, так і зраблю, але пазней. Яшчэ ў мяне былі думкі пра карціну з катом – прадаць яе і грошы ахвяраваць на патрэбы ЗСУ. Цяпер жа пакуль мае малюнкі бяруць розныя паблікі ў інстаграме і тэлеграме.

– Якая праца для цябе самая значная?

– Складна вызначыць. Магчыма, Харкаў. А яшчэ партрэты маіх сябровак. Мне было вельмі важна іх намаляваць. Я хацела паказаць людзей, з якімі я звязаная. Адна з гэтых дзяўчат некалі працавала ў Бабруйску барыста, а цяпер яна ў сябе на радзіме ў Палтаве. Мы з ёй час ад часу перапісваемся. А ў Бабруйску мы пастаянна пасля працы завісалі, з ёй было вельмі цікава размаўляць. Я пра кожную з гэтых дзяўчат магу шмат распавядаць, чым яна мяне натхняе. Таму магу сказаць, што гэтыя партрэты – самы важны для мяне малюнак, які мне пастаянна нагадвае, што не трэба вешаць нос, а змагацца далей.

«Увесь час пасля пачатку вайны была ва ўкраінскай тэматыцы, цяпер вяртаюся да беларускага»

– Даша, а ці быў у цябе такі творчы водгук на падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе і пазней?

– Я малявала тады, так. І больш на палотнах. Першая карціна была яшчэ да выбараў – «Я/Мы 97». Там людзі ідуць у маршы. На жаль, пэўную частак карцін таго часу знішчыла мая мама, бо вельмі баялася за мяне. Сярод тых працаў была адна карціна, намаляваная яшчэ ў 2019 ці 18 годзе – прысвечаная Курапатам. І мне вельмі шкада асабліва гэтай карціны, бо яна была адна з нешматлікіх, намаляваных алеем. Я тады вельмі плакала з-за яе. І яна, і іншыя тыя карціны засталіся толькі на фотаздымках.

Памятаю, што з цягам часу мне тады было ўсё цяжэй і цяжэй маляваць. Я паглыблялася ў дэпрэсіўны стан. Я магла маляваць людзей, птушак, але ўсё радзей малявала беларускія сюжэты. Але тады паўстала праца пра свабоду слова, намаляваная ў рамках праекту «Арт-суп». Яшчэ, узгадваю, тады я ўдзельнічала ў чэленджы на тэму «рызыка» – намалявала хлопца, які бяжыць з бчб-сцягам, а навокал – амапаўцы. Рызыка, якую зразумее толькі беларус.

Потым пачалася вайна і я пераключылася больш на ўкраінскую тэматыку. Хоць ёсць і сумесныя арты, дзе і Беларусь і Украіна разам. Зараз я ўпісалася ў марафон беларускіх мастачак, прысвечаны беларускім міфам. Гэта дазваляе пераключыць увагу і памаляваць беларускую тэматыку. Таму я пачынаю вяртацца да беларускіх тэмаў, ураўнаважвацца. Бо доўгі час з пачатку вайны я была толькі ва ўкраінскай тэматыцы, і нават папракала сябе – як гэта ты малюеш толькі ўкраінскае, бо беларускае ж таксама важнае. Але ў мяне не атрымлівалася, а цяпер само па сабе вяртаецца.

Магчыма, калі б я была зараз дома, я б, напэўна, ні фізічна ні псіхалагічна не змагла б маляваць, бо адчувала б моцны ціск. А калі на цябе пастаянна нешта цісне, вельмі складна творча сябе праяўляць, а тым больш закранаць палітычную тэматыку, бо ты разумееш, што так, гэта важна, але яшчэ і небяспечна.

Яшчэ цяпер удзельнічаю ў ініцыятыве беларускіх мастачак – мы малюем паштоўкі для палітвязняў, але не на палітычную тэматыку, так, каб яны прайшлі цэнзуру. Даводзіцца сачыць, напрыклад, за колерамі – калі ўзяла сіні, жоўты ўжо не бяры, бо не пройдзе цэнзуру незалежна ад сюжэту. Для мяне гэта важна таксама і таму, што так я адчуваю, што магу падтрымаць палітвязняў. Бо мне цяпер вельмі складана маральна пісаць лісты, а вось зрабіць дызайн я з лёгкасцю магу, таму я ўзрадавалася, што нарэшце магу зрабіць свой унёсак.

«Дзеці – самае лепшае, што ёсць у школе»

Дар’я Роскач. Фота: 1387.io

– Распавядзі, калі ласка, пра карані сваёй творчасці – дзе ты вучылася маляваць?

– Я – цалкам мастачка-самавучка, я не сканчала мастацкай школы. Хоць у дзяцінстве і былі нейкія задаткі, але маляваць я пачала толькі на 5-м курсе ўніверсітэту. Я тады яшчэ паралельна працавала, і шукала нешта, на што магла б пераключыцца. Неяк у шапіку пабачыла танную кніжку «Як намаляваць чалавека». І падумала – чаму б не ўзяць? Так усё і пачалося. Калі мае знаёмыя з мастацкай адукацыяй бачаць, як я малюю без пабудавання твару, напрыклад, яны жахаюцца – што ты робіш? Як так можна? У іх акадэмічны падыход, а мне так зручней.

Першыя свае лічбавыя карціны я малявала на тэлефоне пальцам. Недзе праз год набыла планшэт і цяпер малюю на ім. Назбіраю грошай – набуду больш прасунуты планшэт, буду далей удасканальвацца.

– Даша, у цябе педагагічная адукацыя, ты працавала ў школе. Ці можаш распавесці, чаму вырашыла сысці?

– Так, я настаўніца геаграфіі, скончыла педагагічны ўніверсітэт у Менску. Адпрацавала 4 гады ў школе. У годзе 2019 годзе пачала адчуваць ціск сістэмы. Мне стала некамфортна. Да дырэктаркі школы ў мяне не было пытанняў, як і ў яе да мяне. Калі я ёй сказала, што буду сыходзіць, яна задала мне пытанне: «Што я магу зрабіць, каб ты засталася?». Я ёй адказала – на жаль, сістэму адукацыі вы не зменіце.

Пастаянна былі нейкі нервовыя рэчы. Праверкі. Калі хацелі, тады прыходзілі. Ці пазакласныя заняткі. Там жа наведванне неабавязковае, але дзеці ледзь не ўсе павінны былі быць. Мне казалі – тузайце дзяцей, каб яны прыходзілі. А навошта я буду тузаць, калі гэта неабавязковы заняткі? Я не маю права вучня затрымліваць. У мяне і так не ідэальнае здароўе, а тая праца ўвогуле вельмі моцна яго падарвала. У мяне было некалькі нервовых зрываў, калі я крычала на дырэктарку, бо настолькі назбіралася. Я разумела, што ўсё, больш не магу.

Увесну тады з’явілася абвестка, што тайм-клуб «1387» шукае адміністратара. Я напісала, што вельмі хачу, але я хацела давесці год да канца ў 11 класе, з якім я вельмі сябравала. Я перажывала, што калі прыйдзе нейкі новы настаўнік, то можа ім сапсаваць адзнакі. Я ж не ведала, як у іх складуцца стасункі. Таму я давяла да канца навучальнага году і сышла. І хоць у школе апошнім часам з мяне здымалі ўсё лішняе, і адпускалі, і адправілі на навучанне, каб я два тыдні адпачыла, але я разумела, што не застануся, як бы я не любіла дзяцей. А дзеці, гэта, насамрэч самае лепшае, што было ў школе. Хто б што ні казаў, які бы іх не хаялі.

«Хацела б змяняць і развіваць беларускую адукацыю»

Дар’я Роскач. Фота: 1387.io

– З дзецьмі ты і цяпер працягваеш працаваць?

– Так, мы распачалі ў Вільні моўныя заняткі для дзяцей, каб яны за мяжой часцей чулі і спрабавалі размаўляць па-беларуску, каб родная мова і сувязь з радзімай не губляліся. Мне тут вельмі падабаецца. Я сама сабе гаспадыня, не залежу ад нейкай праграмы, заўсёды магу змяняць план, карэктаваць заняткі ў залежнасці ад таго, як што дзецям даецца – складана ці лёгка. Дзеці могуць у сваіх сшытках пісаць і маляваць як хочуць, якімі хочуць колерамі, не трэба лічыць клеткі і штосьці яшчэ. Я люблю такі творчы падыход.

– Магчыма, ты бачыш сябе ў будучыні зноў у адукацыі?

– Я б хацела змяняць і развіваць беларускую адукацыю. Я з тых людзей, якія хацелі б жыць у Беларусі і рабіць штосьці для радзімы. Мой дыплом мне дазваляе нават пасады займаць, бо я – магістр кіравання ў адукацыі. Але я б хацела больш працаваць з дзецьмі, бо ўсялякія афіцыйныя штукі не вельмі люблю, і не думаю, што я б у іх доўга пратрымалася б.

 Як ты адчуваеш сябе ў Вільні?

– Агулам нармальна. Не ўпадаю ў дэпрэсію, бо на фоне ўсяго разумею, што трэба працаваць, бо іншага часу можа і не быць. Насамрэч, вайна прывяла ў пачуцці. Таму працуем, але і не забываемся жыць. Тыя ж канцэрты. Я ў некаторыя моманты сябе нават прымушаю, каб зусім не пагрузіцца ў дэпрэсіўны настрой.

«У Беларусі засталася калекцыя з 70 лялек»

– Даша, у цябе вельмі незвычайнае хобі – калекцыянаванне лялек. Распавядзі, з чаго пачыналася калекцыя і наколькі яна цяпер вялікая?

– У Беларусі ў мяне засталося каля 70 лялек. З сабой адразу забрала адну – самаробную Машу Калеснікаву. І яшчэ адну мне прывезлі сябры. А на новым месцы жыхарства ў мяне ўжо 15 лялек разам з тымі, што з Беларусі. Яшчэ ёсць некалькі такіх, якія аднаўляю – ім трэба валасы перапрашыць і т.п. Набываю лялькі на барахолках, у інтэрнэце, у крамах, у вандроўках люблю набываць цікавыя лялькі, якія б мне нагадвалі потым пра краіну. Некаторыя збіраю па частках. Напрыклад, некаторы час таму замаўляла на Ali express галаву актора Тома Хідлстана. А сёння мне прыйшло тулава для яго. Цяпер засталося адзенне – набыць ці пашыць. Ва Украіну ў свой апошні прыезд я набыла сабе першага ў жыцці Кена за 1500 грыўняў. Ён з хвосцікам, з выбрытымі скронямі, я яго называю казаком, хоць апрануты ён па-сучаснаму. Гэта калекцыйная лялька, абмежаваная серыя.

Пачала я збіраць ва ўніверсітэце. Набыла неяк танныя лялькі ў пераходзе, мне хацелася шыць на іх адзенне. Потым хлопец падараваў мне ляльку «Монстар хай» – вось з яе я і пачала калекцыянаваць. З рэдкіх у мяне Фрыда і спявачка Эла Фіцжэральд – з серыі «Жанчыны, якія натхняюць».

У Вільні я сябе стрымліваю, не дазваляю сабе набываць шмат лялек, каб не разраслася калекцыя, бо пастаянна думаю пра тое, як я буду іх перавозіць, калі буду вяртацца дамоў.