«Вайна, рэпрэсіі, пагроза атаму – ваеннага і «мірнага» – усё, пра што пісаў Адамовіч, зноў актуальна». Да 30-й гадавіны смерці пісьменніка

26 студзеня 1994 года, 30 гадоў таму, пайшоў з жыцця беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч. Шэсць гадоў таму, у 2018 годзе, бабруйскі актывіст Андрусь Архіпенка распачаў кампанію па ўшанаванні памяці нашага выбітнага земляка. Актыўны ўдзел у ініцыятыве прыняў «Тайм-клуб 1387». У выніку на малой радзіме Адамовіча – у вёсцы Глуша, паўсталі арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча» і помнік літаратару. Мусіў быць яшчэ музей. Андрусь Архіпенка распавёў нам, ці можа гэтая ідэя быць рэалізаваная, а таксама пра сваю новую кампанію да 100-годдзя пісьменніка ў 2026 годзе, якую распачынае ўжо цяпер.

«Прыпынак Адамовіча» у Глушы, кастрычнік 2022 года. Фота: 1387.by

«Сустракаю беларусаў, якія па 15-20 гадоў у актывізме, і не ведаюць Адамовіча»

– Андрусь, шэсць гадоў таму, таксама ў студзені, напярэдадні чарговай гадавіны смерці Алеся Адамовіча, ты распачаў збор подпісаў за ягоны помнік. Тады не было яшчэ нічога, толькі ідэя. Потым быў пройдзены даволі вялікі шлях, які прынёс вынікі – «Прыпынак Адамовіча», помнік, тэатралізаваная экскурсія, маштабная інфармацыйная кампанія. Як ты сёння, праз шэсць гадоў, ацэньваеш тое, што было зроблена?

– Я лічу, што зрабіў тады ўсё, што было магчыма. Калі б вярнуць час, я б зрабіў тое самае. Лічу, што гэта была вельмі добрая праца. Магчыма, трэба было больш актыўна папулярызаваць не толькі асобу Алеся Адамовіча, але і тэмы, якімі ён займаўся. Агулам жа, за два гады кампаніі – з 2018 па 2020 – было шмат ідэяў, але, на жаль, не ўсе былі рэалізаваныя. Аднак мы нагадалі пра Адамовіча грамадству, мы зрабілі тое, што да нас цягам 25 гадоў ніхто не рабіў. Мы сталі першымі, хто дамогся ўсталявання помніка. Да гэтага ў Беларусі нічога такога не было – толькі ў Маскве існавала мемарыяльная шыльда.

– Чаму ты тады ўвогуле заняўся ўшанаваннем памяці Адамовіча? Што падштурхнула?

– Насамрэч, атрымалася гэта выпадкова, і калі я пачаў займацца Адамовічам, я ведаў толькі, што ён пісьменнік і зрабіў значны ўклад у літаратуру, а таксама ўвогуле для нашага грамадства. Яшчэ я ведаў, што ягонае імя незаслужана забытае. У мяне было шмат энергіі і жадання выправіць гэтую несправядлівасць. Разам з пачаткам кампаніі я стаў вывучаць творчасць Адамовіча і толькі тады ўсвядоміў яе каштоўнасць для нас. Яшчэ больш неразумення ў мяне выклікала, чаму яго недаацанілі і забылі. Нават цяпер я сустракаю людзей, якія ў актывізме па 15-20 гадоў, якія не ведаюць Алеся Адамовіча і не разумеюць важнасць ягонай творчасці.

Чаму Алесь Адамовіч быў супраць пасады прэзідэнта ў Беларусі? Да 95-годдзя нашага славутага земляка

«Пандэмія, падзеі 2020 года – і ўсе планы сталі на паўзу»

– Які тады быў водгук у грамадстве на кампанію?

– Было шмат падтрымкі. Вельмі цешыліся мясцовыя жыхары Глушы – для іх было важна, што хтосьці адраджае і ўшаноўвае памяць іхнага земляка. Я памятаю, нам не хапала сродкаў, і мы абвесцілі дадатковы збор, і закрылі яго за суткі. Гэта тады стала для мяне паказчыкам, што для людзей гэта важна.

– Што з таго, што хацелася зрабіць, засталося нязробленым і чаму?

– Мы планавалі зрабіць турыстычны маршрут, а яшчэ музей у будынку аптэкі, дзе працавала маці Алеся Адамовіча. Але пачалася пандэмія, а потым падзеі 2020 года, і гэта ўсё не спрыяла рэалізацыі. У выніку ўсе планы сталі на паўзу.

Андрусь Архіпенка. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

– Пра стварэнне музея ў будынку аптэкі размовы пачаліся адразу пасля смерці Адамовіча, гэтую тэму шмат хто спрабаваў прасунуць. Нават на дзяржаўным узроўні ўсур’ёз пра яе казалі, абласныя ўлады грошы пераводзілі, нібыта планавалася распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Але нічога так і не было зроблена. Як думаеш, ці можна яшчэ вярнуцца да гэтай ідэі?

– Я ведаю дакладна толькі, што вельмі хацелася б. Але я цяпер не ў Беларусі і не магу займацца справамі там. Агульная палітычная сітуацыя таксама не спрыяе такой працы. Грамадскія ініцыятывы, арганізацыі, якія маглі б дапамагчы, былі зліквідаваныя, забароненыя. Як у такіх умовах рабіць музей цяпер – я не ведаю. Застаецца толькі чакаць.

– А ў якім стане будынак аптэкі? Ці дачакаецца ён?

– На жаль, у мяне няма дакладнай інфармацыі пра актуальны стан. Але ў 2020 годзе, калі я там быў апошні раз, усё было сумна. Думаю, і цяпер будынак стаіць такім жа закінутым. Магчыма, сітуацыя стала нават горшай, чым была.

«Творы Адамовіча актуальныя не толькі для беларусаў, але і для расейцаў і ўкраінцаў»

Будынак аптэкі, у якой працавала маці Алеся Адамовіча Ганна Адамовіч. Вёска Глуша Бабруйскага раёну. Фота: 1387.by

– Што з помнікам цяпер?

– Не ведаю, хто, але за ім даглядаюць. Я бачыў фотаздымкі за верасень-кастрычнік 2023 года – там ляжалі кветкі. Ведаю, што калі ў Глушу прыязджаюць дэлегацыі, у тым ліку, афіцыйныя, дзяржаўныя, яны ўскладаюць кветкі да помніка.

Чатыры гады таму ў Глушы адкрылі «Прыпынак Адамовіча». У якім ён сёння стане і чаму нам усім трэба чытаць Алеся Адамовіча?

– Андрусь, на твой погляд, якое значэнне творчасць Адамовіча мае для беларусаў сёння? Усе гэтыя гады пастаянна казалі, што актуальнасць не страчваецца. А як цяпер?

– Вайна, рэпрэсіі, пагроза атаму – ваеннага і «мірнага» – усё, пра што пісаў Адамовіч, зноў актуальна, і нават больш, чым раней, і не толькі для беларусаў, але і для суседніх краінаў. Гэта важна разумець, што Адамовіч быў значнай асобай не толькі для нас, але і для расейцаў і ўкраінцаў, бо ён падымаў тэмы, актуальныя для ўсіх нас – вайна, мір, гуманізм, антыядравая тэматыка. Гэта актуальна як ніколі менавіта цяпер, бо свет зноў усур’ёз кажа пра рызыку ядравай вайны. Акрамя таго, мы бачым, як так званы «мірны» атам ставяць на службу ваенным мэтам, як гэта здарылася з АЭС ва Украіне, якая апынулася пад акупацыяй, што ў выніку можа абярнуцца катастрофай. Акрамя таго, свет не думае адмаўляцца ад атамнай энергетыкі – у Польшчы, напрыклад, цяпер вядуцца размовы пра пабудовы АЭС.

Яшчэ адна актуальная тэма – рэпрэсіі. І я б выдзеліў яшчэ адну тэму, якой Адамовіч займаўся ў апошнія гады свайго жыцця – пакаяння і прымірэння. Асабліва яскрава яна раскрытая ў аповесці «Нямко».

«Свет загінуў праз тое, што ўсе ва ўсім заўсёды лічылі, што маюць рацыю»

Алесь Адамовіч – народны дэпутат СССР. Фота: nlb.by

– Што Адамовіч меў на ўвазе пад пакаяннем і прымірэннем?

– Нядаўна мне на вочы трапілася інтэрв’ю Алеся Адамовіча журналісту Міхаілу Бузукашвілі, якое ён даў за дзень да сваёй смерці, 25 студзеня 1994 года. Хачу прывесці цытату адтуль.

«Я думаю, што мы сёння жывем у свеце, які застаўся ядравым светам, дзе вельмі важна прызнаваць правату іншых і сваю віну перад іншымі. Вазьміце літаратуру, асабліва, гісторыю любой краіны. Усе распавядаюць, як суседнія народы рабілі ім кепска. Мы неяк з Граніным гэта абмяркоўвалі, пайшлі да Ліхачова і кажам: «Давайце, Дзмітрый Сяргеевіч, прапануем заходнім і іншым пісьменнікам: няхай кожны напіша «чорную кнігу» пра тое, як ягоны народ крыўдзіў іншыя народы. Таму што ўсе заўсёды пішуць, што суседзі крыўдзілі мой народ. Дзмітрый Сяргеевіч паслухаў уважліва, нібыта пагадзіўся, потым ягоныя вочы хітра заблішчэлі і ён сказаў: «Ну так, мы такую кнігу напішам, а немцы не напішуць, і што тады?». То бок, мы ўсю віну возьмем на сябе.

Я думаю, што немцы ўжо напісалі такую кнігу ўсёй сваёй пасляваеннай літаратурай і сваім пакаяннем. А мы пакаянную кнігу пра сваю віну перад самімі сабой і перад светам і перад усімі народамі ўсёй краіны – мы такую кнігу не стварылі, і пачуццё пакаяння не прайшло праз нас. Таму я думаю, што ўратаванне ў тым, каб людзі нарэшце навучыліся думаць не толькі пра тое, як іх крыўдзілі, як да іх несправядлівыя былі іншыя. Некалі Дастаеўскі сказаў, што ўсе перад усімі вінаватыя. Давайце пра гэта не забывацца, і тады мы будзем менш агрэсіўнымі і патрабавальнымі да іншых, а больш патрабавальныя да сябе».

А яшчэ Адамовіч казаў:

«У маёй аповесці «Апошняя пастараль» ёсць такая думка: свет загінуў праз тое, што ўсе ва ўсім заўсёды лічылі, што маюць рацыю, ніхто не здольны быў прызнаць правату іншага. Гэта чалавека і загубіла».

«На працягу дзесяцігоддзяў з расейцаў рабілі дурняў»

– У чым сёння актуальнасць тэмы пакаяння перад іншымі народамі?

– Калі казаць пра Расею, то там не адбылося пакаяння за тое, што яна рабілі. У тым інтэрв’ю Адамовіч кажа, што ён бачыць, што людзей у Расеі хочуць зрабіць дурнямі. Ён казаў пра гэта яшчэ ў 1994 годзе. І мы бачым, што адбываецца цяпер. Абалваньванне прапагандай, якой верыць вялізная колькасць насельніцтва Расеі. Гэта вынік таго, што на працягу дзесяцігоддзяў з іх рабілі дурняў.

– Ты ўжо працяглы час у Польшчы. Як за мяжой ставяцца да творчасці Адамовіча? Ці ведаюць пра яго?

– У Польшчы слаба ведаюць. Ёсць пераклады некаторых ягоных кніг на польскую мову – гэта, напрыклад, «Блакадная кніга» і яшчэ штосьці, цяпер не магу згадаць. Здаецца, нават фільм «Ідзі і глядзі» быў перакладзены на польскую мову. Калі я пытаўся ў палякаў пра Адамовіча падчас навучання ва ўніверсітэце, толькі адна дзяўчына, якая са мной вучылася, ведала яго па фільму «Ідзі і глядзі».

Я перакананы, што сёння пра Адамовіча трэба нагадваць і за мяжой, куды выехала вялізная колькасць беларусаў і расейцаў. Трэба казаць пра тэмы вайны і міру, пра гуманізм. Трэба прызнаваць свае памылкі і зло, учыненае супраць іншых народаў. Патрэбная дэкаланізацыя ў тым ліку мыслення людзей.

Кампанія да 100-годдзя Алеся Адамовіча

Бюст Алеся Адамовіча ў Глушы. Фота: komkur.info

– Ці спрабаваў ты папулярызаваць імя Адамовіча ў Польшчы?

– У мяне шмат сілаў забраў пераезд – гэта толькі звонку выглядае, што ўсё проста. Насамрэч зусім не. Мне трэба было наладзіць уласнае жыццё, каб вярнуцца да актывізму і ў тым ліку да тэмы ўшанавання імя і спадчыны Адамовіча. Цяпер я лічу 30-ю гадавіну са дня ягонай смерці добрай датай для аднаўлення кампаніі па ўшанаванні памяці і для старту падрыхтоўку кампаніі да 100-годдзя з дня нараджэння Адамовіча, якое будзе праз 2 гады.

– Што б ты хацеў зрабіць?

– Па-першае, я хацеў бы запісаць успаміны людзей, якія асабіста ведалі Адамовіча. Час ідзе і такіх людзей усё менш, і гэтыя ўспаміны сыходзяць разам з імі, а я хачу захаваць іх для нашчадкаў і для будучага музея. Хачу запісаць людзей, на якіх паўплывала творчасць Адамовіча і такім чынам праз іхныя асабістыя гісторыі паказаць важнасць ягонай асобы. Таксама хочацца пагутарыць з сябрамі арганізацыяў, да заснавання якіх меў дачыненне Алесь Адамовіч.

Акрамя таго, планую зладзіць літаратурныя сустрэчы, абмеркаванні, чытанні твораў Адамовіча. Яшчэ хачу зрабіць аўдыягід па ягоных родных мясцінах і зняць дакументальны фільм – гэта ўсё да 100-годдзя ў 2026 годзе.

Цяпер хачу распаўсюдзіць інфармацыю пра свае планы. Найперш – што шукаю людзей, якія ведалі Алеся Адамовіча. Бо гэта могуць быць цалкам выпадковыя людзі, пра якіх мы зусім не ведаем. Я хачу заклікаць такіх людзей ці тых, хто ведае, з кім можна было б пагутарыць, звязвацца са мной. Гэта мой першы крок. Некаторых з гэтых людзей, магчыма, можна будзе задзейнічаць у дакументальнай стужцы.

Таксама будзе патрэбная фінансавая дапамога. Магчыма, я арганізую краўдфандынг, як некалі ў Беларусі. Бо без фінансавай падтрымкі нічога не атрымаецца зрабіць.

Вярнуцца ў Бабруйск і стварыць музей Алеся Адамовіча

– Адкуль ты бярэш натхненне, імпэт, каб зноў і зноў працягваць гэтую тэму, нават за мяжой?

– Думаю, у тым, што каштоўнасці, якія падымаў Алесь Адамовіч, вельмі блізкія да маіх, таму такім чынам магу падняць пытанні, важныя і для мяне асабіста – гэта антываенная тэма, тэма рэпрэсіяў, а таксама пакаяння і прымірэння, дэкаланізацыі мыслення. Мне падаецца, нам усім патрэбнае пераасэнсаванне, каб спыніць і не паўтараць тыя канфлікты, што цяпер адбываюцца.

Магіла Алеся Адамовіча пад Глушай. Фота: бабруйскія СМІ

– Як можа быць магчымым прымірэнне, калі ідзе вайна, калі гінуць і церпяць невінаватыя людзі і гэта выклікае агрэсію, нянавісць?

– Цяжкае пытанне…. Трэба размаўляць. Спрабаваць размаўляць. Шукаць шляхі як данесці каштоўнасці міру, гуманізму. Магчыма, праз мастацтва, літаратуру, кінематограф. Аднаго шляху тут няма. Але і дакладнага адказу ў мяне няма.

– Ты б хацеў вярнуцца ў Беларусь, у Бабруйск?

– Так, я вельмі хачу вярнуцца, але цяпер гэта немагчыма.

– Ты верыш, што гэты момант надыдзе?

– Так, веру. Але пытанне, колькі часу пройдзе. Могуць прайсці гады, а могуць і дзесяцігоддзі. Але мы мусім рабіць тое, што можам, каб гэты момант прыйшоў як мага хутчэй.

«Раніцай 24 лютага прыйшоў да консульства Украіны і стаў на калені». Размова з бабруйскім актывістам Андрусём Архіпенкам

– Калі б ты вярнуўся, што б ты далей рабіў у Бабруйску?

– Я б заняўся стварэннем музея Алеся Адамовіча – гэта мая асноўная мэта. Пакуль што я думаю пра стварэнне віртуальнага музея. Магчыма, таксама паспрабую рэалізаваць гэта да 100-годдзя. Усё можна зрабіць, калі будзе падтрымка – ад фондаў ці неабыякавых людзей.

– Як ты лічыш, наколькі цяпер беларусы гатовыя падтрымліваць культурніцкія праекты?

– Думаю, будзе цяжка сабраць неабходную суму. Бо цяпер людзей найперш хвалююць падтрымка палітвязняў, добраахвотнікаў. Культурніцкія праекты адкладаюцца на потым. Але я лічу, што іх трэба рэалізоўваць, і менавіта цяпер, бо гэта наша спадчына, наша памяць, без якой мы не здолеем пабудаваць будучыню.