«Вера іншага чалавека ў мяне дала мне крылы, каб узляцець». Ментарская праграма «Дадай сябе» – водгукі ўдзельнікаў

Як перамагчы эмацыйнае выгаранне і расчаравання ў прафесіі? Дзе знайсці смеласць і рашучасць, каб наважыцца на жыццёвыя перамены, ці проста крышачку натхнення і падтрымкі, каб зрабіць тое, пра што даўно марыцца? Дапамагчы можа ментар – пераконваюць удзельнікі ментарскай праграмы «Дадай сябе», трэці сезон якой распачаўся ў Бабруйску. А мы паразмаўлялі з менці мінулых двух набораў пра ролю праграмы ў іхным жыцці.

«Пасля 30 пачынаецца пераасэнсаванне сябе, часта хочацца змяніць працу, галіну дзейнасці»

Ментары праграмы «Дадай сябе». Фота: 1387.io

Ментарская праграма «Дадай сябе» паўстала як працяг бізнес-інтэнсіву «Ад ідэі да запуску», які праводзіўся тайм-клубам «1387» з 2018 па 2021 гады. Арганізатары інтэнсіву заўважылі, што часта людзям, якія хочуць займацца сваёй справай, не хапае не столькі ведаў пра бізнес-працэсы, колькі мэтанакіраванасці, упэўненасці ў сабе, умення планаваць, кіраваць і іншых асабістых якасцяў. Таму і было вырашана зрабіць асобную ментарскую праграму, каб дапамагчы закрыць гэтыя патрэбы.

Нядаўна распачаў сваю працу ўжо трэці сезон праграмы. У ім удзельнічаюць толькі 6 менці і столькі ж ментараў. У першым наборы было 10 параў менці-ментар, то бок, агулам 20 чалавек, а ў другім – 12 параў ці 24 удзельнікі.

Сёлета таксама было шмат ахвочых, але шмат каму давялося адмовіць і перанакіраваць на іншыя праграмы, бо няма чалавечага рэсурсу, распавяла ментарка, аўтарка экалагічнага фестывалю «Пікнічок» Юлія Саковіч.

Ментарка Юлія Саковіч. Фота: 1387.io

Менці (гэта тыя, хто працуе пад кіраўніцтвам ментараў) на ўсе тры сезоны адбіралі аднолькава – вывучалі анкеты і запыты ахвочых.

– Мы бралі бабруйцаў, бо працуем у Бабруйску, старэйшых за 30 гадоў, – распавядае Юлія. – Паставілі такі ўзроставы парог, бо звычайна пасля 30 пачынаецца пераасэнсаванне сябе, каштоўнасцяў, як правіла, гэты ўзрост уразлівы для эмацыйнага выгарання на працы. У некаторых ужо пачынаецца крызіс сярэдняга ўзросту, хочацца змяніць працу ці галіну дзейнасці, пачаць уласны бізнес.

«Вынікі супрацы ментараў і менці часта вельмі цікавыя і непрадказальныя»

Ментараў падбіралі ў адпаведнасці з запытамі менці. Патэнцыйных удзельнікаў прасілі распавесці, якім бы яны хацелі бачыць свайго ментара – галіна дзейнасці, узрост, пол, асабістыя якасці.

– Ахвочых быць ментарамі ў Бабруйску таксама шмат. Ёсць у нас нават пастаянныя ментары, якія на кожны набор прыходзяць, – кажа Юлія. – Мяне асабіста вельмі цешыць, што ў нас столькі людзей, гатовых бескаштоўна аддаваць, дзяліцца сваім досведам.

Праграма прадугледжвае для параў ментар-менці 24-26 гадзінаў на працу. Заключаецца дамова, у якой прапісаныя мэты і чаканні менці. Фармат, колькасць і працягласць сустрэчаў ментар і менці абіраюць самі.

– Напрыклад, у нас была пара менці і ментар, якія разам ездзілі ў іншы горад, а гэта ўжо каля 8 гадзінаў часу. За гэты час яны паспяваюць паразмаўляць, вырашыць нейкія праблемы, – зазначае ментарка. – Мы імкнемся не да вызначанай колькасці сустрэчаў і адпрацоўкі часу, а да таго, каб чалавек мог сказаць, што ягоны запыт выкананы. У нас быў выпадак, калі чалавек дасягнуў сваёй мэты за 2 гадзіны працы з ментарам.

Юлія кажа, што ментарская праграма прыносіць карысць абодвум бакам – як менці, так у тым ліку і ментарам, і часам вынікі супрацы былі непрадказальнымі.

– Людзі часта рабілі нечаканыя сумесныя адкрыцці. Я ведаю некалькі цікавых праектаў, якія паўсталі дзякуючы гэтай камунікацыі, – распавядае ментарка. – Часам у працэсе працы з ментарам менці цалкам змяняе свае мэты. Напрыклад, адна з менці марыла стаць аптэкаркай, а аказалася, што яна – цудоўная мастачка. Яшчэ адна ўдзельніца марыла адкрыць сваё атэлье па пашыву вопраткі. У працэсе працы з ментарам яна вырашыла стаць фэшн-кансультантам. Акрамя таго, нашыя менці і ментары сябруюць, распачынаюць сумесныя праекты. Я лічу, што гэта ўзмацняе бабруйскую бізнес-супольнасць.

«Я не ведала, што для мяне лепш. З ментаркай мы селі, расклалі ўсё па палічках»

Ірына Сакалова. Фота: Ірына Сакалова/Facebook

Бабруйчанка Ірына Сакалова аказвае касметалагічныя паслугі. Яе ментаркай была дызайнерка Таццяна Праснакова. Ірына прыйшла ў праграму з жаданнем вызначыцца, якім бізнесам далей займацца – жанчына спрабавала сябе ў продажы хэнд-мэйд упрыгожанняў, чыстцы твару, потым захапілася масажам твару і касметалогіяй.

– Гэтая праграма дала мне вельмі моцны штуршок да развіцця, – кажа Ірына. – Вельмі каштоўна, калі ёсць ментар – чалавек, які цябе вядзе. Цягам трох тыдняў я магла ў любы момант патэлефанаваць, напісаць, запытацца. Мая ментарка мяне вельмі натхніла, паказала мне розныя бакі маёй ідэі.

Для Ірыны асабліва важным было, што ментарка працавала на сябе і магла распавесці пра падводныя камяні ўласнага бізнесу.

– Я не ведала, што для мяне лепш. З Таццянай мы селі, расклалі ўсё па палічках, – распавядае менці. – Яна давала мне заданні, якія дапамаглі мне зразумець, які ж шлях – мой.

Пасля працы з ментаркай Ірына вырашыла займацца касметалогіяй. Цяпер жанчына працягвае вучыцца, развівацца, засвойваць новыя тэхнікі, напрацоўваць кліенцкую базу. Таксама ўдзельніца ментарскай праграмы зазначае, што ў яе змянілася кола камунікацыі, з’явілася шмат знаёмых, якія працуюць на сябе, у каго можна вучыцца. Ірына лічыць, што ментарская праграма вельмі патрэбная Бабруйску, бо яна дае людзям, якія хочуць развівацца, стымул і натхненне.

«Адчуваў перад ментарам адказнасць, таму мусіў дарабіць тое, што распачаў»

Ментар Алег Красны і менці Андрэй Жураўлёў. Фота: 1387.io

Бабруйскі фатограф Андрэй Жураўлёў пайшоў у ментарскую праграму адразу пасля бізнес-інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» у 2021 годзе.

– Мне хацелася новага досведу, я ніколі ні ў чым такім не ўдзельнічаў, – тлумачыць сваю матывацыю бабруец.

На момант прыходу ў праграму Андрэй развіваў свой уласны праект – «Домік лесніка». У лесе недалёка ад Бабруйску мужчына хацеў зрабіць месца адпачынку для людзей, стомленых ад вялікіх гарадоў. Праект ужо быў на стадыі завяршэння, аднак не хапала «фінальнага штуршка», падкрэслівае Андрэй. У гэты крытычны момант з’явіўся ментар Алег Красны – вядомы бабруйскі краязнаўца і гід.

– Алег – цікавы, усебакова развіты чалавек. Мы з ім паехалі ў гэты домік, ён падказаў, што прыбраць, а што пакінуць, – распавядае Андрэй. – Ягоныя парады аказаліся вельмі дарэчнымі. Я адчуваў перад ім пэўную адказнасць, і таму мусіў дарабіць тое, што распачаў. Ды і ўвогуле было цікава абмяркоўваць з Алегам розныя пытанні. Тым, хто хацеў бы паўдзельнічаць, хачу сказаць, што можна прыйсці з любым запытам і прапрацаваць яго з ментарам – арганізатары падбяруць чалавека, патрэбнага вам. Вельмі рэкамендую ўдзельнічаць.

«Я была перакананая, што творчасць – гэта несур’ёзна, і ёй нельга зарабіць»

Святлана Безман з дзецьмі. Фота: Святлана Безман/Instagram

У Святланы Безман была мара – свой брэнд адзення. Жанчына вяла швейны гурток у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёну г.Бабруйску. Калі нарэшце наважылася звольніцца, пайшла на ментарскую праграму.

– Я не ведала, з якога боку пачынаць сваю справу, мне быў патрэбны чалавек, які падкажа, – кажа Святлана. – Мая ментарка Іна аказалася чалавекам, які даў мне менавіта тое, чаго мне ўсё маё жыццё ніхто не даваў. Што яна рабіла? Падтрымлівала мяне. Ніхто ніколі мяне не падтрымліваў у маіх творчы пачынаннях. Мяне пераканалі, што творчасць – гэта нешта несур’ёзнае, чым нельга зарабляць. А Іна мне казала, якая я таленавітая, натхняла мяне і падтрымлівала. Гэта было тое, што мне было патрэбна.

Разам з Інай Святлана змагла структураваць свае планы, ідэі, арганізаваць сабе працоўнае месца.

– Але самае галоўнае – гэта падтрымка і вера іншага чалавека ў мяне. Гэта дало мне крылы, каб узляцець, – падкрэслівае бабруйчанка.

Такія торбачкі цяпер шые Святлана Безман. Фота: White Crow/Instagram

Ад ідэі шыць адзенне Святлана перайшла да торбачак.

– Я неяк сшыла сабе торбачку, і з таго моманту зразумела, што ўжо не магу не шыць торбачкі, – кажа жанчына. – Напэўна, Бог так мяне накіраваў. Цяпер у мяне ёсць старонка ў інстаграме, прысвечаная маім торбачкам. Бабруйскія і менскія крамы ўжо робяць мне заяўкі на продаж маіх вырабаў.

Цяпер Святлана – рамесніца і аўтарка брэнду «White crow».

– Мне заўсёды хацелася ствараць тое, што я хачу – са сваіх тканінаў, сваіх фантазіяў, і я вельмі рада, што нарэшце раблю гэта, – рэзюмуе ўдзельніца праграмы.

«Ментарка вяла мяне, як мама, за ручку, да майго ІП»

Наталля Смалянок. Фота: Наталля Смалянок/Instagram

Наталля Смалянок – яшчэ адна выпускніца бізнес-інтэнсіву «Ад ідэі да запуску», якая потым пайшла на ментарскую праграму. Ейнай ментаркай стала Вольга Мелянчук, гаспадыня бабруйскай кавярні «Зробім».

Наталля цягам апошніх 10 гадоў шые танцавальныя касцюмы. У пэўны момант жанчына захацела развіваць і маштабаваць сваю справу, але зразумела, што не хапае ведаў па кіраванні персаналам.

– Мой запыт так і гучаў – развіць якасці кіраўніка, – кажа Наталля. – Мне было вядома і зразумела, як працаваць адной, аднак я не ведала, як даверыць працу іншаму чалавеку і быць упэўненай, што ўсё будзе зроблена добра. Вольга – кіраўнічка са стажам. І для мяне было важным паглядзець, як яна камунікуе са сваімі падначаленымі. Я старалася запомніць і нешта ўзяць сабе.

Наталля кажа, што, нягледзячы на досвед ментаркі, якім тая ахвотна дзялілася, працаваць з падначаленымі аказалася пакуль складана, таму жанчына зноў працуе адна.

– Мне не хапіла часу, – зазначае Вольга. – Усе нашыя сустрэчы былі вельмі насычанымі, мы абмяркоўвалі шмат розных пытанняў, аднак хацелася б больш. Хоць мая ментарка была вельмі ўключаная, дапамагала мне. Давала практычныя заданні, якія трэба было выконваць. Напрыклад, схадзіць у падатковую, у цэнтр занятасці. Яна вяла мяне, як мама, за ручку шляхам да майго ІП.

Наталля вельмі раіць усім, хто мае магчымасць, прыняць удзел у ментарскай праграме.

– Праект вельмі важны для Бабруйску, – зазначае былая менці. – Бо гэта найперш камунікацыя з больш дасведчанымі людзьмі, магчымасць падгледзець нейкія іхныя сакрэцікі, пераняць іх сабе.

Наталля плануе далей развіваць свой бізнес па пашыву касцюмаў і з цягам часу зноў спрабаваць пашыраць яго.