«Вучні ўсё больш успрымаюць мяне як нейкую экзотыку». Гутарка з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры

Бабруйчанка Вольга Рудая шмат гадоў выкладае беларускую мову і літаратуру. У 1996 годзе яна скончыла БДУ з дыпломам настаўніцы рускай і беларускай мовы і літаратуры, і з таго часу працуе ў Гімназіі №3 г.Бабруйску (раней – «Славянская гімназія»). Рускую мову пры гэтым спадарыня Вольга ніколі не выкладала і не хоча і не збіраецца з ёй працаваць. Мы пагутарылі з настаўніцай пра сённяшнюю школу ў параўнанні з тым, што было раней, узровень валодання роднай мовай у вучняў, ці рызыкуе беларуская мова цалкам знікнуць і што нам усім рабіць, каб гэтага не адбылося.

Вольга Рудая. Фота: Вольга Рудая/Facebook

«Вакол сучасных дзяцей наогул няма беларускай лексікі»

– Спадарыня Вольга, распавядзіце, калі ласка, якая сёння сітуацыя з беларускай мовай і агулам атмасфера ў школе?

– Я працую на палову стаўкі цяпер, таму не ўпэўнена, што магу вельмі дакладна ацаніць. У гімназіі атмасфера агулам добрая. І я ўвогуле з вялікай павагай стаўлюся да гэтай школы, паважаю сваіх калегаў. Што датычыць беларускай мовы, то нейкіх спецыфічных зменаў у падыходзе да яе выкладання я апошнім часам не заўважыла – мова як была яшчэ гадоў 10-15 таму далёка не на першым месцы, так там і засталася. Але відавочныя змены ў вучнях і іх валоданні беларускай мовай. З кожным годам усё горш і горш. Мяне як настаўніцу беларускай мовы і літаратуры ўсё больш успрымаюць як нейкую экзотыку. Бо вакол сучасных дзяцей няма наогул беларускай лексікі. Ды ёй і ўзяцца няма адкуль. Сёння ў школе да мяне прыходзяць дзеці, якія зусім не валодаюць беларускай мовай, там з нуля трэба пачынаць.

І ўсё больш праблемаў нават не сцісла з мовай, а з беларусазнаўствам. Я сваю дзейнасць цяпер успрымаю як навучанне не столькі мове і літаратуры, а беларусазнаўству. Бо там усё глыбейшая яміна. У гістарычным плане, этнаграфічным – усё менш ведаў. Таму трэба працаваць і працы шмат. Тым больш, што бачу, што агулам дзеці пазітыўна ўспрымаюць, калі пачынаю распавядаць ім.

– Адкуль такая кепская сітуацыя з мовай у вучняў? Гэта ідзе з сем’яў, з малодшай школы?

– І з сем’яў, і з малодшай школы, і з таго, што нашае грамадства наогул не зацікаўлена ў тым, каб беларуская мова гучала. Яе проста няма, яна знікае ўсё больш і больш. Гадоў 15 таму было лепш у гэтым плане. Цяпер усё горш і горш.

«Часам здаецца, што мы ўжо робім апошнія крокі, каб цалкам развітацца з беларускай мовай»

– Але вы кажаце, што дзеці пазітыўна ставяцца, калі вы ім распавядаеце пра мову?

– Так, сапраўды. Негатыву да мовы няма. Іх трэба зацікавіць. На фоне навінаў, напрыклад, бачу, што пачынаюць з цікавасцю ставіцца да ўкраінскай мовы і культуры. І калі ёсць магчымасць, я стараюся апошнім часам паказваць сувязі моваў, што ўвогуле звычайна ўпускаецца – у чым і наколькі блізкія беларуская, украінская, польская мовы. Гэта дзеці ўспрымаюць з цікавасцю.

Вольга Рудая. Фота: Вольга Рудая/VK

– А ці бывала ў вашым досведзе, што вучні свядома цалкам вырашалі перайсці на родную мову?

– Не магу такога ўзгадаць у сваёй школе… Не сутыкалася.

– А што б вы параілі вучню, які захацеў бы цалкам перайсці на родную мову?

– Ужо было сказана – лупіце на трасянцы. І я цалкам згодна. Пачынаць з трасянкі – цалкам нармальна, калі чалавек хоча перайсці на беларускую мову, але не да канца яшчэ нешта ведае. Але агулам усё проста, калі прыняў рашэнне – адкрыў рот і гавары, нічога мудрагелістага.

– Што б вы змянілі ў выкладанні беларускай мовы ў школе?

– Змяняць трэба шмат. Беларуская мова павінна быць дзяржаўнай мовай не фармальна, у ёй павінна быць зацікаўленасць, і на ёй як мінімум павінны размаўляць навокал. Пакуль гэтага не будзе, мова і далей будзе ў заняпадзе. Мне часам здаецца, што мы ўжо робім апошнія крокі, каб цалкам развітацца з беларускай мовай, калі нічога не зменіцца. Я ў гэтым плане вельмі песімістычна гляджу на будучыню нашай мовы апошнім часам, на фоне таго, што адбываецца.

«Вельмі хутка выгараеш, калі ты часам з песнямі і танцамі перад дзецьмі, гарыш напоўніцу, а выніку няма»

Гімназія №3 г.Бабруйска. Фота: timetoast.com

– А ці вы асабіста паўсюль выкарыстоўваеце беларускую мову ў паўсядзённым жыцці?

– Не магу сказаць, што паўсюль і заўсёды. Ёсць людзі, з якімі размаўляю толькі па-беларуску. Ёсць тыя, з кім выкарыстоўваю трасянку. Стараюся ў краме хаця б развітацца па-беларуску. Але шчыра скажу, што я не геройнічаю і не размаўляю заўсёды па-беларуску, хутчэй на трасянцы.

– Ведаю, што вы рабілі перапынак у сваёй настаўніцкай кар’еры і на некаторы час сыходзілі са школы. Чаму? І чаму вырашылі вярнуцца?

– Так, быў перыяд, калі я вырашыла сысці са школы. Гэта звязана ў першую чаргу з выгараннем. Тут усё разам – і спецыфіка прадмету, і агулам беларускай школы, і адсутнасць зацікаўленасці ў школе ў дзяцей. Вельмі хутка выгараеш, калі ты часам з песнямі і танцамі перад дзецьмі, гарыш напоўніцу, а выніку няма. Таму прыкладна 5-6 гадоў я не працавала на стацыянары ў школе.

– Але ж школа вас не адпусціла назусім і вы вырашылі вярнуцца?

– Так. Па-першае, патрэбная была праца. Па-другое, хацела паглядзець, што змянілся ў школе і ў дзецях. І я сама ўжо магла ацаніць усё свежым вокам. Цяпер я працую не на поўную стаўку і не пішу процьму папераў, яны мяне не асабліва датычаць. Таму я магу засяродзіцца на занятках з дзецьмі, і гэта мне як раз падабаецца ў маёй працы – камунікаваць з дзецьмі, глядзець, як яны ўсё ўспрымаюць, як змяняюцца. Мяне насамрэч ратуе цяпер, што ў мяне няма папяровай працы.

«У 90-я гады былі конкурсы ў ВНУ на беларускую мову, ва ўсіх нас былі вялізныя спадзяванні…».

– А чаму вы самі выбралі беларускую мову як прадмет выкладання, калі паступалі ва ўніверсітэт?

– Таму што люблю беларускую мову. Калі быць дакладнай, мая прафесія – настаўнік рускай і беларускай мовы і літаратуры. Але з рускай мовай я не працавала ніколі і працаваць не хачу. Беларускую мову я люблю па гучанні і таму, што гэта мова, за якую ў мяне душа баліць. А яшчэ гэта былі такія часы – 90-я гады – беларусізацыя. Былі сур’ёзныя конкурсы на беларускую мову ва ўніверсітэтах, гэта было цікава і модна. Ва ўсіх нас былі вялізныя спадзяванні…

Але, нягледзячы на тое, як яно потым усё павярнулася, нягледзячы ні на што, я ніколі не пашкадавала, што зрабіла такі выбар.

Вольга Рудая на «Прыпынку Адамовіча» у Глушы з вучнямі. Фота: Вольга Рудая/VK

– А сёння як часта вучні вырашаюць вучыцца на настаўніка беларускай мовы?

– Вельмі рэдка. Адну беларускую мову ўвогуле не выбіралі на маёй памяці. Гэта заўсёды падвойная спецыялізацыя – беларуская мова і англійская, напрыклад. Вучні абіраюць беларускую мову пасля таго, як паўдзельнічалі ў нечым цікавым беларускамоўным. Напрыклад, цікавыя зборы да Алімпіяды, дзе выкладалі добрыя настаўнікі і была добрая група. Але гэта бывае рэдка.

«Каб нешта адклалася ў чалавеку, беларуская мова павінна быць у сям’і»

Вольга Рудая. Фота: Вольга Рудая/VK

– Вы казалі на пачатку размовы, што няведанне беларускай мовы ў сучасных дзяцей ідзе ў тым ліку з сям’і. А ў вашай бацькоўскай сям’і гучала беларуская мова?

– Мае бацькі – вясковыя людзі. Бацька з Усходняй Беларусі, маці – з Заходняй. Мама была з тых людзей, якія ведалі беларускую мову, але пасля пераезду ў горад, з іх проста вынішчалі, выпальвалі гэтую мову як толькі маглі. Але я ўдзячная маме, бо яна, напрыклад, звяртала маю ўвагу ў дзяцінстве, калі нехта добра размаўляў па-беларуску. Яна магла сказаць – глядзі, як дыктарка хутка перайшла з рускай мовы на беларускую, і як у яе гэта лёгка атрымалася, і якая добрая ў яе беларуская. Я вельмі добра памятаю гэтую фразу. А яшчэ ў мамы была агромністая колькасць розных прыказак і прымавак, і яны пастаянна былі ў ейнай мове. У дзяцінстве яны мне здаваліся банальнымі, але з цягам часу я зразумела, што гэта неверагодная каштоўнасць, і яны зараз усплываюць у маёй памяці.

Увесь дзіцячы досвед адкладаецца ў чалавеку. І мова, якую ён чуе, у тым ліку. Я падпісала па-беларуску магілы бацькоў. А брат дамогся напісання ў пасведчанні кіроўцы свайго прозвішча па-беларуску. Прозвішча нашага бацькі пад уплывам русіфікацыі пісалася «Рудой». Старэйшы брат настаяў на тым, каб вярнуць сабе беларускі варыянт гучання «Руды». Для яго гэта было прынцыпова, хоць ён не размаўляе па-беларуску.

– Што нам усім сёння трэба рабіць, каб не сталася так, як у вашых песімістычных думках, якімі вы падзяліліся – што беларуская мова дажывае апошнія гады?

– Каб нешта адклалася ў чалавеку, беларуская мова павінна быць у сям’і. Ёй трэба цікавіцца, размаўляць, чытаць, не здавацца, трымацца адно аднаго.