«Вы што, кукухай паехалі? Гэта дзіка жахліва». Маленькія бабруйцы разважаюць пра вайну

Фота: Pexels: Алесь Усцінаў 

 

Арсень, 10 год:

– Мне не падабаецца тое, што робіць Расія. Навошта нам гэта? Мы б жылі сабе нармальным жыццём… Мы не хочам больш такога. Я проста ў шоку.

Я б дадаў у свет больш вясёлкі, фантазіі, шчасця і цікавага. А не жорсткасці, болю і крыві.

Хто пераможа? Сяброўства!

Людзі ваююць дзеля нейкіх рысачак на мапе. А ў асноўным людзям проста нудна, ім нейкая заварушка патрэбная, каб трошкі «злагодзіць атмасферу».

Я магу сказаць толькі адно: «Расія, не рабі так ніколі. Я хачу каб свет стаў нашмат лепшым. Лепей бы ты занялася, Расія, больш карыснымі рэчамі, а не нападала на Украіну».

 

Караліна, 4 гады:

– Вайна – гэта дзе нашых людзей забіваюць. Іншыя нападаюць на іншых.

Дзеткі паміраюць. Не хачу, каб я памірала…

Ва Украіне зараз кепска.

 

Сцяпан, 12 год:

– Для меня вайна гэта штосьці вельмі страшнае і дрэннае.

Вайна – гэта калі забіваюць ні ў чым не вінаватых людзей. Я баюся яе.

Сённяшнюю вайну я таксама ўспрымаю вельмі дрэнна і яна мне вельмі, вельмі не падабаецца. Калі яна скончыцца? Я не ведаю. Але думаю, што пераможа Украіна, бо ў яе больш падтрымкі ад іншых краін.

 

Валерыя, 7 год:

– Вайна – гэта дзе людзей забіваюць. Я ведаю, што цяпер ідзе вайна, у ёй абараняецца Украіна, а нападае Расія.

Гэта вельмі кепска, праблемы так не вырашаюцца. А як вырашаюцца? Людзям можна проста паразмаўляць.

 

Фота: Pexels: Алесь Усцінаў 

 

Аляксей, 10 год:

– Што я думаю пра вайну? Вельмі кепска, што людзі паміраюць. Гэта проста капец!

І яшчэ расіянцы кажуць, што не баяцца запусціць ядзерную бомбу… Вы што, расіянцы, кукухай паехалі?

Вайна – гэта дзіка жахліва. Дзіка! І з кожным днём яна становіцца больш магутнай.

Больш за ўсё я баюся ядзернай вайны. Яна зруйнуе ўсё на сваім шляху!

 

Аглая, 12 год:

– Кепска, што краіны нападаюць адна на адну.

Калі працягваць перапісваць гісторыю, то людзі так і будуць наступаць на тыя ж граблі.

Усё зноў стане добра, толькі калі скончыцца вайна. А пераможа Украіна. Бо той, хто першы нападае, той заўсёды прайграе. У фільмах і мульціках так. Дабро перамагае.

 

Ваня, 9 год:

– Дзеці ведаюць, што такое вайна, і абмяркоўваюць яе. Канечне, не на занятках, а пасля іх. Мы спрачаемся, і часам моцна.

Вайна – гэта калі людзі б’юцца праз тое, што нешта не падзялілі. Гэта кепска, што ідзе вайна, можа пачацца Трэцяя сусветная. Я гэтага баюся. Вельмі! Таму што з нашай краіны ідзе расстрэл. Самае галоўнае, каб наш урад туды не ўвязаўся, бо далей стане толькі горш.

Гэта несправядлівая вайна, таму што Расія напала проста без папярэджання, Украіна не ведала, што гэтак будзе.

Думаю, рускія пазбаўляюцца канкурэнтаў. Расія хоча, каб Украіна таксама стала Расіяй. Ім усё мала.

Я веру, што ўсё будзе добра. Калі? Спадзяюся, што заўтра.