Зефір – сімвал горада? Абмяркоўваем з бабруйцамі і не толькі

Мы запыталіся ў інстаграм, які зефір любяць нашыя чытачы(кі), і вось якія адказы атрымалі: “Фантазія”, “звычайны бела-ружовы” (3 разы), “дыетычныя журавіны”, “імбіровы” (2 разы), “з шакаладам” (3 разы), “класічны” (2 разы), “Одуванчик” ды “Метеорит”, “кісленькі, мабыць з журавінамі”, “у шакаладзе з арэхамі”, “ванільны”, “увогуле не люблю зефір”, “вожык”, “апельсін, белы”, “ніякі”, “бабруйскі”, “з чарніцамі, а калісьці быў з гранатам”, “у шакаладзе з какосам і лавандавы”.

 

Так чым так адметны бабруйскі зефір?

 

Па-першае, не трэба ламаць галаву, што падарыць, калі едзеш у госці. Тым больш, здаўна існуюць сувенірныя наборы кшталту «Одуванчика» ды «Грыбочкаў».

Многія здзіўляюцца, калі даведваюцца, што гэтыя, асаблівыя гатункі – пасля сушкі на драўляных паддонах накіроўваюцца ў цэх ручных вырабаў. Там зефір пакрываюць шакаладам, крошкай, то бок, ствараюць тыя самыя «дзьмухаўцы» ды «грыбочкі».

А сам спосаб сушкі зефіра – на сасновых стэлажах, дазваляе дадаваць у вырабы вялікую колькасць яблыкавага пюрэ. Слодыч заўсёды пазіцыянавалася, як натуральная, карысная, але апошнім часам, даволі часта, можна пачуць – як і пачытаць у інтэрнэце, водгукі пра тое, што «смак не той», «ліпне да рук», «адзін цукар» і гэтак далей. Прычым, як ад беларусаў, так і ад замежнікаў, да якіх трапляе (ці, прынамсі, да нядаўняга часу трапляў) мясцовы зефір.

Між тым, культ зефіра яшчэ жывы. Яго ўсё так жа прэзентуюць на святы, набываюць турысты – бо як гэта, прыехаць у Бабруйск, і не наведаць краму «Чырвонага Харчавіка»? Тым больш, акрамя зефіра там і халва, і мармелад, і класічныя дражэ з ірысам, і нават мёд. А нядаўна фабрыка зрабіла сапраўды прыемны сюрпрыз, і выпусціла некалькі гатункаў жавальнага мармелада і цукерак з яркімі пакуначкамі, аформленымі па-беларуску. І нават абышлося без «вавёрак» (прым. памылка перакладчыкаў, якую заўважалі на некаторых беларускіх прадуктах, дзе мелася на ўвазе «бялкі»). Цуд, не іначай!

 

Крыніца: Чырвоны Харчавік

 

З мацой, але некашэрны

 

Зефір – настолькі важны складнік культурніцкага жыцця, што невялікія, кашэрныя партыі, вырабляюць спецыяльна для габрэйскай суполкі. І гэта не зефір з абсыпкай з мацы, пра які ты падумаў(ла). Ён – выключна сувенірны, але некашэрны:

 

 

А вось як робяць прыдатную для артадаксальных юдэяў слодыч: равін Шауль Хабаба асабіста прыязджае на фабрыку ды кантралюе ўвесь працэс – ад загрузкі сыравіны да падачы інгрэдыентаў. Звычайна, гэта бела-ружовы ці зефір ручнога вырабу.

«Чырвоны харчавік» атрымаў сертыфікат ад дэпартамента кашрута ў 2017 годзе.

Але як зразумець, што зефір (а таксама халва – яна вырабляецца без удзелу равіна) кашэрныя? На іх мусіць стаяць пазнака – літары КР у колцы. Дарэчы, у адным з інтэв’ю, прадстаўнікі суполкі расказвалі, што адпраўлялі па 5-6 партый зефіра ў год нават у ЗША.

 

 

Адказы з інстаграм, ці лічаць нашы чытачы(кі) зефір сімвалам Бабруйска:

 

Адказы на пытанне, калі апошні раз каштавалі зефір:

 

Атрымліваецца, нягледзячы на крытыку, зефір усё адно застаецца сімвалам Бабруйска? Мы сабралі некалькі меркаванняў, і дзелімся імі з вамі:

 

Дар’я, бабруйская мастачка:

–Адназначна лічу зефір гарадскім сімвалам. І на месцы Леніна на плошчы паставіла б велічэзную зефірку! Але як опцыя зручнага падарунка ён таксама класны. Ёсць у мяне сяброўка, якая жыве ў Мінску, а ў яе доме ёсць крама «Харчавіка». Але яна ўсё адно, калі прыязджае ў Бабруйск, заходзіць у мясцовую краму, ды набірае купу ўсяго. Бо лічыць бабруйскі зефір з Бабруйска самым лепшым.

Па смаках асабіста мне і класічны падабаецца і новае, эксперыментальнае. Напрыклад, са смакам ружы і лаванды. Вось лавандавы – гэта быў нейкі космас! Новы ўзровень. Яшчэ адзін плюс зефіра: нават калі ён становіцца цвёрдым – піць з ім гарбату не менш смачна.

Неяк я нават музыкаў з нямецкіх гуртоў частавала бабруйскім зефірам. Я прыхільніца «Oomph!», знаёмая з удзельнікамі. Аднойчы каробку кілаграмы на тры падарыла басісту са словамі: «Гэта вам усім і тэхнічнаму персаналу ў тым ліку». Потым ён мне дзякаваў на фэйсбуку. Але вось наколькі ім спадабаўся зефір, я ўжо не ведаю.

А яшчэ ёсць нямецкі гурт «Kilerpilze», назва перакладаецца як «грыбы забойцы», і калісьці даўно, годзе ў 2012 я ім перадавала зефір «грыбочкі». Ведаю, што ім спадабалася вельмі. Ну і, вядома, яны такога раней не бачылі і не елі.

 

Помнік богу Зефіру, ці зефірцы? Магчыма, вось чаго не хапае Бабруйску турыстычнаму. 

 

Антось, бабруйскі краязнаўца:

–Даўно зефір не ем, гадоў мо з 10! Той, што з мацой зрабілі, мне не падабаецца, напрыклад.

Але тое, што зефір – сімвал Бабруйска, факт. Іншагароднія сапраўды, пры слове «Бабруйск» згадваюць зефір. Ці крыўдна тое, што сімвал горада – слодыч? Калі ён будзе ў пераліку, то не.

Я б уключыў у пералік стромкія берагі Бярэзіны, архітэктурны мадэрн пачатку ХХ ст. – як цагляны, так і драўляны, «шпакоўню», Чырвоную вежу, міжваенны канструктывізм – перароблены на сталінскі нэакласіцызм, радзіму Дуніна-Марцінкевіча, Севелу, Рабкіна, Коваля, крэпасць, затон, прыстань, мазаіку, бярэзінскія абрысы, сінагогі, раёны старавераў папоўскай і беспапоўскай скіраванасці, помнікі польскай прысутнасці ў горадзе, габрэйскую сталіцу савецкай Беларусі, драўляныя раёны, сюррэалізм і постмадэрн у творах Рубцова ці Абрамава, etc…

 

 

Вольга, выкладчыца нямецкай і беларускай мовы з Мінска:

–Калі б я ніколі не была ў Бабруйску, то, магчыма, лічыла б зефір яго сімвалам. Або, прынамсі, ён быў бы першай асацыяцыяй. Але я была ў вашым цудоўным горадзе некалькі разоў, таму ў маёй галаве пры згадцы Бабруйска адразу ўсплываюць яго архітэктура, будынкі, сцены і муры. Дом купчыхі Кацнельсон, Чырвоная вежа, крэпасць, касцёл… Гэта, напэўна, не зусім адпавядае слову «сімвал», але ў кожным разе куды важней, чым зефір.

Хаця бабруйскі зефір я, безумоўна, вельмі люблю. Апошні раз набывала яго літаральна на днях, з журавінавым смакам. Мне больш падабаецца не надта салодкі, з рознымі цікавымі адценнямі. Мятны з барбарысам – таксама прыемны варыянт. А вось лімонны з імбірам яшчэ не каштавала. Але салодкі і класічны таксама ем і люблю, асабліва знакаміты «Метэарыт». Пры нагодзе набываю яго, каб пацешыць і сябе, і сына.

Зефір іншых фабрык я даўно ўжо не набываю. Калісьці даводзілася параўнаць – і не на іх карысць. Пакуль што адзіны зефір, з якім я магу здрадзіць бабруйскаму, – аўтарскі ручной работы, што часам сустракаецца на выставах рознай прыгажосці і смакаты, але гэта дарагі і выкшталцоны варыянт не на кожны дзень.

 

 

Ірына, бабруйчанка, што жыве ў Польшчы:

–Так, думаю, зефір – сімвал. Для мяне зефір быў адным з асноўных сімвалаў ці брэндаў Бабруйска (і падставай для гонару) усё жыццё.

Але ў апошнія гады, калі на фабрыцы стаў вельмі моцны ідэалагічны складнік, работнікі ніяк не праявілі сябе ў 2020-м, а кіраўніцтва фабрыкі падтрымала дзеючыя ўлады, а да таго ж удзельнічала ў фальсіфікацыі выбараў – для мяне гэты сімвал азмрочаны.

Апошні раз ела наш зефір зусім нядаўна, у снежні – перадалі блізкія. І перад тым вясной. Прывозілі звычайны, бела-ружовы, ванільны ў шакаладзе, а таксама новы – з бананавым і ягадным смакам. Дык вось абодва разы я збольшага расчаравалася. Бела-ружовы быў добры, такі ж, як раней. А ў шакаладным нешта змянілася. Раней ён быў маім любімым, цяпер жа – абодва разы – глазура была іншага смаку, больш салодкая і з моцным кандытарскім пахам, больш тонкая і хутка «плыла». І сам зефір быў салодкі і не вельмі добры па тэкстуры. Я нават не змагла даесці пакунак, настолькі мне было нясмачна. Зефір новых гатункаў не спадабаўся таксама – занадта салодкі і араматызаваны.

Зефір іншых фабрык я амаль ніколі не купляла, усяго некалькі разоў і даўно. Бабруйскі быў звычайна нашмат лепшым. Аднак недзе ў 2020-2021 годзе купіла ў «Еўраопце» расійскі зефір Арлоўскай кандытарскай фабрыкі, белы ў шакаладзе. Я збіралася чарговы раз упэўніцца, што бабруйскі найлепшы, але, пакаштаваўшы, была ў шоку. Тэкстура зефіра была пругкая і мяккая, без крупінак цукру, з належнай кіслінкай, глазура была больш натуральнага шакаладнага смаку (нягледзячы на наяўнасць пальмавага алею) і ў меру салодкая, не было перабору з араматызатарамі. Гэты зефір быў смачнейшы за наш, ад чаго стала вельмі сумна.

Таму раней я заўжды ўпэўнена сцвярджала, што бабруйскі зефір найлепшы – і, дарэчы, ніхто ніколі з гэтым асабліва не спрачаўся. Цяпер бы я, хутчэй, сама стала спрачацца з тымі, хто пра гэта скажа. Няма таго, што раньш было. Спадзяюся, захаваліся некранутымі хаця б рэцэптуры і смак самых прэміяльных гатункаў, кшталту «Дзьмухаўца», «Метэарыту». Але яны да мяне пакуль што не даехалі.

 

Як бачыце, меркаванні розныя. Але фактам застаецца тое, што зефір – адзін з сімвалаў Бабруйска, гэта амаль ніхто не аспрэчвае. Доказ таму – мастацкія творы, якія можна адшукаць у інтэрнэце. Адзін з іх – праца майстрыцы па выцінанцы з Маладэчна Вольгі Бабурынай, з назвай «Ванільны зефір»:

 

 

Вось які каментар пакінула сама мастачка: «Больш за ўсе зефіры я люблю наш, беларускі. Тут я патрыятычная, бо пакуль больш смачнага (для мяне) не каштавала. І самы-самы – бабруйскі, у празрыстых такіх упакоўках».

 

А ў Цэнтры рамёстваў у Глушы выраблялі (а мо, і цяпер робяць) такія зефіркі-капілкі:

 

 

І – вішанька на торце, літаратурны твор, з інтэрнэт-серыялу «Аўстрыйскія авяімаршруты. Дзённікі стуардэсы Ані Швармюлер, якая захрасла на рэйсе «Вена-Мінск-Вена». Напісаў яго мінскі пісьменнік і перакладнік з бабруйскімі каранямі – Павел Касцюкевіч.

 

«Расісцкія заўвагі стасоўна бабруйскага зефіра»

А другі пілот сказаў:

– Або я, або ён.

І дадаў:

– Інакш звольнюся да ліхаматары, а дакладней сыйду да «Ліфтганзы».

Я прамаўчала, але падумала: «Ідзі, ідзі, сволач… Канечне, ён, а не ты. Ён жа ў адрозненні ад цябе шасі падчас палёту правяраць не пасылае сцюардэс. І ў процівагу табе проста ціха радуе пасажыраў. І максімальная гнюснасць, на якую ён здатны, гэта быць чэрствым, бо ў яго ў такая тонкая біялагічная арганізацыя, што ён нікога нават атруціць не ў стане, нават калі захоча».

Аднак мая сябровачка Грэта, якая катастрафічна дурнее ў прысутнасці другога пілота, бо закаханая, не ўцяміўшы перапытала:

– Рудзі, «ён» – гэта хто?

– Бабруйскі зефір, – кажа другі пілот.

– Калі ласка не трэба звальняцца, Рудзі! – сказала Грэта лагодным галаском. –Ну, і што тут такога, біг дзіл? Ну, так, прысмакі цяпер нам пастаўляюць беларусы: і смачна, і дастаўка бясплатная – бо забіраем па дарозе з «Мінск-2».

– Не буду я іхні зефір есці! Аўстрыя – радзіма цукерак «Моцарт», кавы і шакаладных пірожных, а мне ўпіхваюць бела-ружовае абы-што і абы-адкуль?!

– Але ў цябе шасі што, аўстрыйскія? – раззлавалася я. – Не, тайваньскія. Нават адпаведны надпіс там ёсць – я бачыла. А бортавы камп’ютар дзе зроблены? У Віетнаме. Дык ты, пілотухна, расіст!

– Я якраз наадварот, – сказаў другі пілот і ўсміхнуўся сваімі непрыемнымі зубішчамі. Гэтак ён так заўжды робіць, калі нешта паскуднае вымудрыў. І трыумфальна завяршыў:

– Я, стуардэсухна, якраз люблю ўсё чорнае. Цукеркі «Моцарт», пірожныя, каву.

– Тады, Рудзі, у мяне ёсць для цябе добрая навіна! – раптам кажа Грэта яшчэ больш салодкім голасам.

І дастае запакоўку бабруйскага зефіра ў шакаладзе».

 

А вось што думае Павел пра бабруйскі зефір:

«Ясна, што гэта не сімвал Бабруйска, а сімвал Беларусі! Бо шмат хто зараз настальгуючым вязе яго за мяжу. Ну, і такі паказнік, што ёсць падробы зефіра (не будзем паказваць пальцам, якая фабрыка імітуе бела-ружовы зефір), сведчыць, што пашырыўся ён неймаверна».

 

Твае меркаванні чакаем у нашым інстаграм. Выказвайся!