Жывёлы ў няволі – зло, ці дапамога кволым? На экафестывалі «Пікнічок» абмеркавалі тэму з ратавальніцай дзікіх звяроў і птушак

Даведка: Ірына Траяноўская, кіраўніца цэнтра дапамогі «Сірын», у якім ратуюць дзікіх птушак і звяроў. Каманда цэнтра адбірае траўмаваных і аслабленых жывёл з дзікай прыроды, лекуе, рэабілітуе і вяртае назад, у натуральныя ўмовы. Некаторыя жывёлы застаюцца жыць у цэнтры, калі праз траўмы не могуць вярнуцца ў прыроду. Для іх створаны ўмовы максімальна набліжаныя да натуральных, каб яны адчувалі сябе камфортна.

 

Фота: sirin_zoo

 

Ірына расказала, што некаторыя выратаваныя дзікія жывёлы з «Сірына», што не могуць вярнуцца ў прыроду, удзельнічаюць у фотасесіях, здымаюцца ў кіно, ці прымаюць гасцей.

– Можна прыехаць і з некаторымі пагутарыць – такія жывёлы праходзяць спецыяльную падрыхтоўку, каб гэтыя зносіны не шкодзілі ім.

Дарэчы, дапамагчы гадаванцам «Сірына» можаш нават ты – цэнтру патрэбныя валанцёры ў розных гарадах, «якім можна патэлефанаваць у любы час і папрасіць сустрэць, забраць, перадаць, звязацца з інспекцыяй, то-бок дапамагчы там, дзе нас няма», – тлумачыць Ірына. – Да нас можна прыехаць з начлегам, каб дапамагчы будаваць, прыбіраць, карміць, прывозіць прадукты, дапамагаць фінансава, інфармацыйна – каштоўная любая дапамога.

Экспертка ўзгадвае, як з’явіўся цэнтр, без аніякіх планаванняў і стратэгій:

–Праект атрымаўся нечакана, нібыта ўсё само пачалося, само склалася – так і ідзе. Бо, калі пачынаеш планаваць, нічога не атрымліваецца. Я працую педыятрам, і давялося колькасць гадзінаў скараціць, каб паспяваць у «Сірыне». Дачка ва ўсім дапамагае, корміць жывёл, умее рабіць уколы, адрознівае птушак – гэта карысна і развівае дзіця.

Фота: 1387.io

Юлія Саковіч супраць заапаркаў і цыркаў, лічыць іх злом і не верыць, што дрэсіроўка можа быць з літасцю да жывёлаў, а клеткі ідуць ім на карысць.

Ірына ў гэтым пытанні не катэгарычная, яна падкрэслівае, усё залежыць ад канкрэтнага заапарка, цырка і персаналу.

– Ёсць заалагічныя паркі, што першапачаткова ствараліся дзеля навукі, куды можна прыйсці, убачыць жывёлаў. Так, хтосьці туды прыходзіць дзеля забавы, але ўсё адно не можа неяк нашкодзіць там нікому.

Наконт перасоўных звярынцаў маю катэгарычна-адмоўнае меркаванне: гэтыя маленькія клеткі, стрэсы, пераезды не могуць не нашкодзіць жывёлам.

Іншая справа, калі жывёлу на тыдзень ці дзень вывезлі, і пасля яна вярнулася на паўгады ў звыклае асяроддзе, і пры гэтым навучаная, не стрэсуе, улічваюцца яе інтарэсы – у гэтым не бачу дрэннага.

Напрыклад, калі мы рыхтуем жывёлаў для здымак, пільна іх адбіраем. У нас ёсць крумкач, якому вельмі падабаюцца здымкі, мець зносіны з людзьмі, ён пазуе на камеру, размаўляе, прыцягвае да сябе ўвагу. Калі на яго не звяртаюць увагу – выкідвае што-небудзь з клеткі. Але ён дакладна ведае свае межы, рукі да яго засоўваць нельга. Калі чалавек парушае гэтыя межы – можна атрымаць. Таму мы папярэджваем пра гэта ўсіх, і ніколі не пакараем птушку, калі дзяўбане, бо не яна парушыла правілы. Тое ж з янотамі. Мы для іх абслугоўваючы персанал: прыйшлі, прыбралі, пакармілі – калі ім гэтага хочацца. Але як толькі мы правялі маніпуляцыі – нас з вальера выганяюць, і даволі агрэсіўна. Зрабіць ім прышчэпку – цэлая эпапея, у іх доме. А ёсць яноты, якім даспадобы, калі да іх прыходзяць. Яны песцяцца, здымаюць з нас шапкі, але не выганяюць. Наадварот, яны сумуюць, калі да іх не прыходзяць. Вялікую ролю грае стаўленне чалавека да жывёлаў.

Пра цыркі я не ведаю дакладна, што і як там адбываецца. Але мне, як чалавеку, які працуе з жывёламі, адразу відаць, дзе ёсць тандэм дрэсіроўшчыка і жывёлы, што яны любяць адно аднаго, і гэта не на страху. А выступаюць іншыя – заўважна, што жывёла выконвае элементы дрэнна, бо ўсё на пакаранні і агрэсіі.

Калі ў нас ідуць здымкі, і я бачу, што жывёле дыскамфортна з мадэллю, папярэджваю адразу: мы здымкі ў любы момант можам спыніць. Нават, калі толькі прыехалі, але я бачу, што жывёле дыскамфортна – усё, мы сабраліся і з’ехалі дадому. Ніхто не прымушае іх дзеля заробку.

На здымках кіно я таксама бачыла такое: прывозяць ката ці сабаку, але калі бачаць, што ім дрэнна – адразу вяртаюць дахаты. Аднойчы, нават у цырку бачыла, калі нумар спынілі, бо жывёла была не ў настроі ці стомленая. Таму, думаю, пры ўмове асцярожнага стаўлення ўсё гэта мае месца быць.

У Ірыны запыталіся, ці кантралюецца неяк дзейнасць арганізацый, якія працуюць з дзікімі жывёламі?

– Так, на кожнага звера і птушачку ёсць паперка, што мы яго забралі і выпусцілі. Калі жывёла загінула – таксама. Да нас прыязджаюць з інспекцыямі, правяраюць, каб умовы былі добрыя, памеры вальераў, каранціны і г.д. Мы не маем права на самастойнае адабранне жывёлы ці птушкі з прыроды, толькі пасля рашэння інспекцыі. А яны часам едуць доўга, ці наагул не прыязджаюць, калі справа тычыцца дробных, нярэдкіх жывёл. Але мы працуем з 2018 года, і за гэты час навучыліся, як вырашаць пытанні хутчэй.

 

На фота: бабруйскія афішы

 

Адно з пытанняў ад гледачоў: «Куды звяртацца, калі я супраць кантактнага заапарка, куды скардзіцца?»

Ірына: “У мясцовы орган аховы прыроды, можна адразу ў Міністэрства, але яно ўсё роўна спусціць скаргу ніжэй. Адзначу адразу – заканадаўча не забароненыя кантактныя заапаркі. Для іх абмежаваны пералік жывёл і вызначаны ўмовы ўтрымання. І калі там усё зроблена па законе, закрываць падставы няма”.

– Маё меркаванне такое – можна не падтрымліваць кантактныя заапаркі рублём, – раіць Юлія. – Бо, вось мы не прыйдзем, а ў іх не будзе заробку, і яны зачыняцца. Калі я рыхтавалася да эфіру, даведалася, што 45 краін ужо забаранілі заапаркі. Яны выкарыстоўваюць галаграмы, а жывёлы жывуць у нацыянальных парках, у натуральных умовах. Ці ёсць у Беларусі новаўвядзенні, якія дапамагаюць захаваць псіхалагічны стан жывёл?

– Думаю, гэта пытанне фінансаў, – кажа Ірына. – Калі б былі магчымасці стварыць парк з натуральным асяроддзем, гэта б ужо зрабілі. У мяне, напрыклад, да нашага заапарка (прым. мінскага заапарка) добрае стаўленне. Я была там знутры, бачыла як гатуюць харчаванне, чым кормяць, як да жывёлаў ставяцца супрацоўнікі – нічога не магу сказаць дрэннага. Там любяць жывёл. Таксама зʼявіўся сафары-парк у Баранавічах, там жывёлы гуляюць у прыродзе, і ты гуляеш з імі ў лесе, вельмі душэўнае месца.

 

Ірына Траяноўская

На фота: Ірына Траяноўская

Яшчэ адно пытанне ад гледачоў тычылася дапамогі птушкам.

– Трэба ацаніць, ці сапраўды патрэбная дапамога, – раіць Ірына. – А калі ёсць сумневы –тэлефанаваць спецыялістам і апісваць сітуацыю. Бо адна справа, калі відаць, што зламанае крыло, іншая – калі бачыце бусла, што ходзіць па полі ў кастрычніку, і якому мы наагул не патрэбныя. Або птушаня, што скача па дарозе. Яно проста вучыцца лётаць, а яго імкнуцца «выратаваць». Птушаня можна прыбраць з дарогі, не больш.

Калі патрэбна дапамога, раю звяртацца ў мясцовы камітэт аховы прыроды, можна патэлефанаваць у МНС альбо ДАІ – яны перададуць інфармацыю, куды трэба. Альбо тэлефанаваць у ініцыятывы, падобныя да нашай. Але без рэкамендацый, паўтаруся, лепш нічога самастойна не рабіць.

Закранулі ў эфіры і тэму цыркаў. Юлію хвалюе пытанне, як растлумачыць дзецям, што цырк – гэта дрэнна? «Я кажу сваім, што там нецікава», – дадае экаактывістка.

– Наўрад ці існуе ўніверсальная парада, бо ўсе дзеці розныя. Мая дачка гадуецца сярод жывёл, таму адразу бачыць, дзе жывёлам дрэнна, а дзе да іх ставяцца добра. Нават калі мы з ёй схадзілі ў цырк або заапарк – яна ацэньвае, што са сланом быў злы дрэсіроўшчык, а ў мядзведзяў – добры. Я тлумачу як ёсць: «Там жывёлам дрэнна, мы туды не пойдзем».

 

Цікавосткі ад picnichok_eco

 

«Ці можна жывёлу, што нарадзілася ў няволі, выпусціць у прыроду?» – яшчэ адно пытанне ад гледачоў.

–Падрыхтаваць жывёлу можна, але гэта будзе доўгі і складаны працэс. З драпежнікамі складаней, часам выпусціць іх, значыць аддаць на смерць, бо яны прывыклі жыць з чалавекам. Для такога працэсу патрэбныя спецыяльныя ўмовы. Напрыклад, у нас была сава, якая адмаўлялася ёсць жывое як ежу, сядзела над мышамі днямі, і нібыта есці не хацела. Вось як яна выжыве ў прыродзе?

«Ці не перашкаджае абарона іх натуральнаму адбору?» – запыталіся іншыя гледачы экафэста.

–Натуральны адбор – гэта што такое? – пытае Ірына. – Я лічу, што мы ў яго не ўмешваемся. Часам нам тэлефануюць: «Я адабраў у ястраба голуба..». Так вы пазбавілі ястраба яго здабычы, якую ён сумленна атрымаў, паляваў. Гэта – натуральны адбор. У такія гісторыі мы не ўмешваемся. Толькі калі гэта вельмі рэдкі від, або кволая жывёла, якую знайшлі ў лесе, яна не можа быць прыстасаванай да выжывання.

Напрыканцы Ірына адказала на пытанне, як людзі ўплываюць на дзікую жывёлу?

– Сёлета вельмі шмат жывёл пачало выходзіць да людзей. Таму што высякаецца лес, людзі звужаюць дом звяроў, а ім трэба кудысьці падзецца. Гэта былі ласі, зубры, ваўкі, медзведзяняты. Раней такога не было. З месцаў высечкі лесу савятаў нам прывозілі. А калі, напрыклад, гукам пілаў мядзведзіцу напалохаць, у 90 працэнтах выпадкаў яна ўжо за медзведзянятамі не вернецца, іх трэба забраць. Ваўчыца хадзіла па Сілічах, сябравала з сабакамі… Шмат было такіх гісторый, менавіта каля лясоў, якія высякалі.

 

 

Напрыканцы раскажам табе шчаслівую гісторыю чарапашак, якіх выратавала з кантактнага заапарка вядомая ў Бабруйску валанцёрка Ася Траяноўская.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Асин Бложик ❤️ (@asyafox44)

 

Некалькі год таму ёй удалося арганізаваць выкуп трох чарапах, якія знаходзіліся ў неналежных умовах, і знайсці ім новых гаспадароў.
Ася падрабязна апісала ў інстаграм, як трэба даглядаць за чарапахамі, напрыклад, што ім патрэбная ўльтрафіялетавая лямпа:

«Кожныя 3 месяцы (або 9, усё залежыць ад вытворцы) у чарапах павінна быць УФ-лямпа. УФ-прамяні для іх – як паветра. Без гэтага не можа засвойвацца кальцый і збіваюцца ўсе сістэмы арганізма.

У чарапах дэфармуецца панцыр, адмаўляюць ногі і ныркі… І гэта вельмі часта не аднаўляецца.

Але самае жудаснае – чарапахі вельмі цярплівыя жывёлы. Яны не будуць стагнаць і рабіць сумную пыску. Яны проста ціха сыдуць…і хутчэй за ўсё вы нават не адразу заўважыце.

Але гэта не значыць, што ім не было балюча»,

– патлумачыла Ася.

Яна параіла правяраць пластрон (брушка) жывёлаў, калі яно чырвонае – адказалі ныркі.

Таксама валанцёрка расказвае падрабязна, як чарапах разводзяць (большасць памірае пасля нараджэння) і транспарціроўкі – часам іх заварочваюць у скотч. «Лепшае, што вы можаце зрабіць, не набываць чарапах у крамах», – раіць Ася. – Тады попыту на іх не будзе, і гэты жах спыніцца. Ці браць у валанцёраў і па абвестках тых, каго трэба выратаваць.

Ася раіць лекарку, якая працуе з рэптыліямі ў Беларусі (ветэрынар-герпетолаг), завуць яе Таццяна Жамойда-Корзенёва.

 

Фота: фэйсбук Асі Траяноўскай

– Маё стаўленне да кантактных заапаркаў, такое ж, як і да звычайных – калі там добра ставяцца да жывёлаў – то чаму не? Я была ў добрым кантактным заапарку. Там былі гадзіны наведвання, каб некаторыя звяры маглі адпачываць, пакуль іншыя працуюць, і ўсё было пад наглядам супрацоўнікаў, – кажа Ася. – Жывёлы там былі падабраныя, якім кантакт падабаўся не менш, чым людзям.

Кантактныя заапаркі як ідэя – зусім не дрэнная. Нельга навучыць дзяцей адносінам да жывёлаў, пакуль у іх не будзе гэтых зносін. І трэба, каб яны былі. Але зусім не кожныя бацькі здольныя арганізаваць у кватэры разнастайнасць відаў. А карцінкі ды відосікі – зусім не тое. Нават дарослым, каб змяніць да нечага стаўленне, трэба з гэтым пазнаёміцца!Многія вось пацукоў не любяць, а як завядуць – нарадавацца не могуць, – смяецца Ася.

Дадам, што ў дамах некаторых людзей жывёлы жывуць, як у пекле, горай чым у кантактных заапарках.

Я за жывёлаў у няволі. Зараз прыроды застаецца ўсё менш, а людзей усё больш. І калі не будзе заапаркаў і прыватных калекцыянераў, то свет можа зусім без фаўны застацца. Шматлікія віды захавалі толькі таму, што прыручылі.
Сірыйскага хамяка, напрыклад, і шыншылу. Хамяка ў прыродзе, наколькі мне вядома, ужо няма. Але від захаваны дзякуючы таму, што людзям падабаецца трымаць іх. Вядома, трэба ствараць адпаведныя ўмовы. Але гэта ўжо ад людзей залежыць. Нельга ўсё ўзяць і забараніць, так – на ўсялякі выпадак. Жывёлам, якіх разводзілі ў няволі, зусім не лепш на волі, бо яны ўжо хатнія, хоць гэта і леў.

Ды і дзікія некаторыя зусім не супраць, каб іх прыручылі. Тэрмін жыцця больш, не трэба пастаянна думаць пра хлеб надзённы. Жывёлы ў дзікай прыродзе патрэбныя для прыроды, каб захоўваліся экасістэмы і г.д. Тыя, каго не могуць прыручыць, на жаль, выміраюць, – рэзюмуе Ася.

Прапнуем табе паглядзець відэа, якое нам параіла бабруйская валанцёрка, каб разабрацца ў тэме: