«Зваротная сувязь ад гледачоў дае зразумець – тое, што мы робім, патрэбна людзям». Аўтары і вядоўцы «Адкрытага Бабруйска» – пра сябе і свой праект

Ютуб-серыял «Адкрыты Бабруйск» на канале «Бабруйск у прамым эфіры» з’явіўся напрыканцы мінулага года, а ўжо стаў вядомы бабруйцам, і цягам апошніх месяцаў усё больш набірае папулярнасць. У сюжэтах, якія выходзяць двойчы на месяц, асвятляюцца самыя розныя аспекты гарадскога жыцця – спорт на адкрытым паветры, пляж на Бярэзіне, савецкія мазаікі на сценах бабруйскіх дамоў ды іншыя тэмы. Мы пагутарылі з аўтарамі і вядоўцамі «Адкрытага Бабруйска» Нікам Шэцкім і Вікторыяй Жураўлёвай пра тое, як праект нараджаўся, чым стаў для яго стваральнікаў, з якімі адкрыццямі ці складанасцямі даводзіцца сутыкацца падчас здымак.

«Назву прыдумлялі ў апошні момант, на каленцы»

Нік Шэцкі. Фота: Адкрыты Бабруйск/Instagram

Нік Шэцкі – аўтар ідэі «Адкрытага Бабруйска». 19 гадоў адпрацаваў на «Белшыне». З 2012 году здымае відэа. Захапляецца фатаграфіяй. Ніку 39 гадоў. Разам з жонкай выхоўвае дваіх дзяцей. Аматар прыроды і актыўнага адпачынку.

«Люблю нестандартные сьёмки». Ник Шецкий о любви к видео, готовке и народном телевидении

Вікторыя Жураўлёва – суаўтарка ютуб-серыяла. Цяпер яе можна ўбачыць як вядоўцу ў большасці сюжэтаў. Вікторыі 40 гадоў. Яна – мама траіх дзяцей. Некалі працавала настаўніцай фізікі і матэматыкі. Аўтарка гарадскіх квэстаў у рэчаіснасці.

Вікторыя Жураўлёва. Фота: Нік Шэцкі

– Нік і Віка, распавядзіце, як нараджаўся праект? Што натхніла на яго стварэнне?

Нік: У мяне заўсёды шмат розных ідэяў, далёка не ўсё з іх рэалізоўваецца, гэта магло чакаць і «Адкрыты Бабруйск». Аднак для мяне было вельмі важным абавязкова зрабіць гэты праект як нешта патрэбнае не толькі мне асабіста, але і гораду. На пачатку не мела розніцы, як зрабіць, галоўнае было – запусціць. Гэта можна ўбачыць па першых выпусках – бо яны не структураваныя, крыху хаатычныя, карацей – проста зробленыя, не самай высокай якасці. Але мы запусціліся – і гэта было галоўным. І нічога не здарылася – ніхто не сказаў «фу» ці нешта такое, наадварот.

Віка: Летась я рыхтавала «Марафон жывых квэстаў» сумесна з тайм-клубам «1387». Нік як раз здымаў нас з Наташай Халанскай (гаспадыня былога тайм-клуба «1387» – рэд.). Так мы пачалі часцей бачыцца, камунікаваць. Аднойчы Нік кажа – хачу здымаць праграму. Прапанаваў мне далучыцца. Ну і неяк пайшло. Мы зразумелі, што маем адну і тую ж патрэбу – каб нас убачылі і пачулі. У Ніка на той момант ужо быў ютуб-канал – пляцоўка, на якой можна было нешта рабіць. І напрыканцы мінулага лістапада мы ўзяліся за працу.

Добра памятаю, як мы прыдумалі назву – у апошні момант, на каленцы, калі быў ужо адзняты першы сюжэт. А перад тым, як яго запускаць у ютуб, трэба ж было неяк назвацца. Мы разважалі – пра каго будзем казаць? Пра людзей. Пра якіх? Пра звычайных. Мы хацелі рабіць акцэнт на адкрытасці. Так і з’явілася назва – Адкрыты Бабруйск.

«Праз пару гадоў здымак вяселляў зразумеў, што хачу рабіць нешта большае, важнейшае»

– А ці быў у вас раней нейкі досвед у стварэнні відэапрадуктаў?

Нік: Так, я з 2012 году з камерай – здымаю вяселлі, дні народзінаў і т.п. Пачынаў яшчэ калі працаваў на «Белшыне» электраманцёрам па абслугоўванні пажарнай сігналізацыі. Адпрацаваў там 19 гадоў, толькі нядаўна сышоў.

Праз пару гадоў здымак вяселляў я адчуў, што хачу здымаць нешта большае, важнейшае.

Год таму пачаў здымаць праект Юліі Буднік «Мая вуліца», а потым прыйшла ідэя «Адкрытага Бабруйска». «Мая вуліца», дарэчы, цяпер таксама выходзіць на канале «Бабруйск у прамым эфіры» двойчы на месяц, і яна ідэальна ўпісваецца паміж выпускамі «Адкрытага Бабруйска» – яны чаргуюцца. Цяпер ужо другі сезон ідзе. Летась мы знялі сем серыяў, сёлета вырашылі працягнуць. Дарэчы, водгукаў і папулярнасці ў «Маёй вуліцы» нават больш, чым у нашага серыяла. І я лічу, што такі фармат можа існаваць бясконца і ў любым горадзе, бо кожны чалавек па-свойму распавядзе пра вуліцу, на якой жыве. Так і мы вучымся, напрыклад, на адзін і той жа дом глядзець рознымі вачыма. Бо нават калі мы здымалі аповеды двух людзей пра адну вуліцу, атрымлівалі абсалютна розныя гісторыі.

Вікторыя Жураўлёва падчас здымак сюжэту. Фота: Нік Шэцкі

Віка: Для мяне гэта быў абсалютна новы досвед, да гэтага я нічым падобным не займалася. Нашыя першыя сюжэты мы здымалі чыста на інтуіцыі, проста запісвалі тых людзей, якія нам здаваліся цікавымі. Мы тады зусім нічога не ведалі – як гэта ўсё рабіць. Мы спачатку не разумелі, быць нам удвох у кадры ці некаму аднаму. Але дакладна мы ведалі, што хочам, каб у кадры была жывая камунікацыя. Ужо пазней, пасля трох выпускаў, мы вырашылі падвучыцца, прайшлі курс ментарынга, навучыліся больш-менш прафесійнаму падыходу да здымак сюжэтаў.

Самы папулярны сюжэт – пра пляж на Бярэзіне

– А што найбольш закранае гледачоў у сюжэтах «Адкрытага Бабруйска» і выклікае зваротную сувязь? Які выпуск стаў самым папулярным?

Нік: Сюжэт пра бабруйскі пляж. Было добра бачна, што мы закранулі нешта, што вельмі хвалюе бабруйцаў. А таксама, што некаторыя гледачы нас успрымаюць ужо як гарадское медыя, і чакаюць ад нас дакладнай інфармацыі пра тое, што плануецца на тым жа пляжы, як ад СМІ. Даводзілася тлумачыць, што мы – не СМІ, не валодаем поўнай інфармацыяй, што мы проста акрэсліваем праблему і распавядаем пра людзей, якія гатовыя нешта па гэтым пытанні прапанаваць.

– Вы не згодныя з тым, што ваш праект – гэта ў сваім родзе гарадское медыя?

Нік: Не, я не магу назваць «Адкрыты Бабруйск» медыя. Хутчэй, квазі-медыя. Гэта праграма пра людзей і для людзей. Мы не робім навіны і не хочам іх рабіць, мы проста распавядаем людзям пра людзей.

– Які з сюжэтаў для кожнага з вас стаў самым улюбёным, а над якім найбольш цяжка працавалася?

Нік: Мой самы любімы сюжэт – пра актыўны адпачынак у Бабруйску. Падчас здымак было шмат драйву. Да гэтага я два гады збіраўся заехаць на багі пакатацца, але ўсё неяк не атрымлівалася. Нарэшце мара ажыццявілася. Крыху б больш часу, нас бы і на самалёце пакаталі. Цяпер хочацца скокнуць з парашутам і палятаць на планеры.

А самым складаным быў сюжэт пра мазаікі. Магчыма, таму што быў сур’ёзны ўзроставы разрыў са спікерамі. Добра, што Віка ўмее знайсці падыход да розных людзей. Ды і ўвогуле тэма няпростая, і было складана потым звесці усё, што наздымалі, у адзін сюжэт.

Вікторыя Жураўлёва з мастаком Сямёнам Абрамавым падчас здымак сюжэту пра мазаікі. Фота: Нік Шэцкі.

Віка: Мазаікі – для мяне таксама сюжэт, з якім найцяжэй працавалася, але адначасова самы ўлюбёны. З адным з мастакоў, з Сямёнам Абрамавым, мы дагэтуль падтрымліваем зносіны, я 25 чэрвеня віншавала яго з днём народзінаў. І я бачыла, наколькі для яго гэта важна, што ёсць нехта, хто шчыра цікавіцца ім і ягонымі працамі. Ён вельмі цікавы чалавек – столькі ўсяго перажыў, і адначасова кажа – я б і яшчэ адно такое жыццё пражыў бы. Гэта такая супрацьлегласць тым, хто ўжо ў 60 гадоў закрываюцца дома і нічога не хочуць – жыццё пражытае, маўляў, і не чапайце мяне. А такія, як Абрамаў, вельмі натхняюць. Гэты выпуск быў складаны, бо агулам няпроста з людзьмі сталага веку, да таго ж тэма вельмі вузкая, але я для сябе асабіста вельмі шмат вынесла з тых здымак.

«Амаль кожны сюжэт набірае больш за тысячу праглядаў»

– З якімі агулам цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца падчас працы над праектам?

Нік: Працаваць з Вікай (смяецца). Калі сур’ёзна, то гэта насамрэч няпроста – супрацоўнічаць з іншым чалавекам, з якім мы можам інакш глядзець на нейкія рэчы. Але мы партнёры, і мусім выдаць вынік. Мы не начальнік і падначалены, мы робім усё па-рознаму, але працуем на адзін вынік. Найбольш складанасцяў узнікае на этапе падрыхтоўкі, калі трэба абмяркоўваць будучую працу, і ў фінале. А калі мы ўжо пра ўсё дамовіліся і працуем, то ўсё выдатна.

Вікторыя Жураўлёва падчас здымак. Фота: Нік Шэцкі

Віка: Напэўна, час, планаванне, тайм-менеджмент. Я – халерык, вельмі эмацыйны чалавек, і для мяне вельмі няпроста структураваць час, змясціць усё ў нейкі графік. Але я перакананая ў мудрасці выразу пра тое, што каб расці, трэба ісці як раз туды, дзе табе складана. Вось я і іду. Ну і калі ты займаешся тым, што цябе натхняе, то ўсе складанасці пераадольваеш. Яны становяцца для цябе проста задачамі, ты больш не ўспрымаеш іх са знакам мінус.

– Што вам абодвум дае «Адкрыты Бабруйск»?

Нік: Спачатку магу сказаць, чаго не дае – папулярнасці, прынамсі, пакуль што.

Прыемна атрымліваць каментары з падзякай за праект. Бачыць, што ў нас ужо з’яўляецца пастаянная публіка. Зваротнай сувязі ўсё больш, хоць гэта залежыць ад тэмы выпуску. Агулам жа амаль кожны сюжэт у нас збірае больш за тысячу праглядаў. Я лічу, што гэта вельмі добра. Такога пра Бабруйск з падобнымі вынікамі ў нас пакуль не рабіў ніхто.

Мне асабіста «Адкрыты Бабруйск» дае рух, камунікацыю, новыя знаёмствы. Гэта праца для задавальнення. Яшчэ яна дае мне нейкі графік, якога ў мяне няма з моманту сыходу з «Белшыны». Цяпер жа я ведаю, што кожны аўторак у мяне на ютубе выходзяць сюжэты – «Мая вуліца» ці «Адкрыты Бабруйск», і паводле гэтага графіку выбудоўваю іншыя справы.

Віка: Я цяпер жыву і атрымліваю задавальненне ад таго, што раблю. Зваротная сувязь ад гледачоў дае зразумець, што мы робім праект, патрэбны людзям. У нашых героях я знаходжу для сябе шмат цікавага. З некаторымі працягваю далей камунікаваць. Думаю, што і мы дапамагаем гэтым людзям, бо даем ім магчымасць выказацца. А людзям жа важна быць пачутымі. Здавалася б, мы ўсе гэта і так разумеем. Аднак ты напоўніцу гэта ўсведамляеш, калі размаўляеш з чалавекам і проста скурай адчуваеш, наколькі для яго важна, што ён гаворыць, а яго слухаюць. Таму я бачу важнасць таго, што мы робім.

Кожная новая тэма для мяне цяпер – гэта чаканне, прадчуванне сустрэчы з новымі людзьмі, іх гісторыямі – а што ты цяпер пачуеш, што ён табе распавядзе? Бо нават на самыя простыя пытанні часта атрымліваеш такія адказы, што стаіш і думаеш – ого, нічога сабе.

Мяне вельмі зараджае, калі я размаўляю з людзьмі, што гараць сваёй справай – наколькі б цяжка не было, нават калі на голым энтузіязме. Гэта шчасце – сустракаць такіх людзей. За гэта я вельмі люблю наш праект.

Мне падабаецца нашая супраца з Нікам, тое, як мы выбудоўваем адносіны, пазнаем адзін аднаго. Вельмі важна – працаваць у камандзе, дзе ты можаш быць сабой і праяўляць сябе, рэалізоўвацца.

«Раней ці пазней устане пытанне аб фінансаванні»

Вікторыя Жураўлёва і Нік Шэцкі. Фота: Адкрыты Бабруйск/Instagram

– Якім вы бачыце развіццё праекту?

Нік: Мне цяжка сказаць. Бо ўвесь час бясплатна яго рабіць не будзеш, і раней ці пазней устане пытанне аб фінансаванні. Ці знойдзецца нейкая праца, якая дазволіць працягваць праект як хобі.

Віка: Я не ведаю, што будзе далей. Пакуль што мне вельмі цікава і падабаецца тое, што мы робім. Калі ў будучыні я перагару, магчыма, з’явіцца нешта іншае – у гэтым няма нічога страшнага. Мы з Нікам ужо размаўлялі пра тое, як мы можам развівацца, напрыклад, стварыць ютуб-школу.

– Распавядзіце, чым вы яшчэ займаецеся, акрамя ютуб-каналу, якія ў вас захапленні, хобі?

Нік: Вельмі люблю фатаграфаваць. Але я не прадаю фатаграфію і сябе як фатографа, таму што не люблю апрацоўку фота. Фатаграфія – гэта мая аддушына, дзе няма дэдлайнаў і абавязкаў.

Люблю вылазкі на прыроду. Лес – адпачынак для душы. Люблю выехаць у адзіноце ў лес і хоць бы кавы выпіць, у ідэале – правесці там 2-3 дні. Найбольш люблю лес ранняй вясной ці позняй восенню. Для мяне гэта час цішыні, калі ты дакладна ведаеш, што прыедзеш у лес і там нікога не будзе – ні людзей, ні камароў, ні мух. Гэта проста рай. Таму што ўлетку там занадта шумна, ну ці трэба ехаць у нятопавыя месцы.

Віка: Паводле адукацыі я – настаўніца фізікі і матэматыкі. Нейкі час працавала ў школе. Потым 10 гадоў – дызайнерам-канструктарам у кампаніі па вытворчасці мэблі пад замову. Потым сышла ў дэкрэтны адпачынак, які кардынальна пачысціў маю галаву. І я наважылася на стварэнне квэстаў у рэчаіснасці. Гэта праект, які перавярнуў маё жыццё. Хаця, насамрэч маё жыццё цалкам перавярнула маё трэцяе дзіця, якое я нарадзіла ў 35 гадоў. У 35 гадоў у мяне пачалося новае жыццё. Я сышла з найму, і стала займацца тым, чым не займацца не магла. Я стала развіваць квэсты ў розных фарматах. І ў гэтым знайшла сябе. Для мяне было важна праз маю працу растлумачыць людзям, што эмоцыі – важныя, і што жыццё – гэта прыгода. І калі ты так пачынаеш ставіцца да ўсіх складанасцяў – як да прыгодаў, іх прасцей пераадольваць.